Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Нататкі пра тое, чаму ў глабалізаваным свеце беларусам замежжа варта зберагаць духоўныя повязі з родзічамі на Бацькаўшчыне

Зямля дзяцей тваіх не кіне...

Загаловак для нататкаў — гэта радок з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”: сёлета 95 гадоў з часу яе напісання. Любоўю да роднага кута, зямлі маленства прасякнуты многія старонкі знакамітага твора. І якраз на пачатку юбілейнага для Беларусі года стала вядома пра ініцыятыву Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, якая надзвычай мяне ўзрадавала: што ў хуткім часе магчыма ўвядзенне “пасведчання суайчынніка” для выхадцаў з Беларусі, якія цяпер жывуць за межамі краіны, а таксама для іх нашчадкаў. Пра тое пісала і газета “Голас Радзімы” (“Карані родавай памяці”, 8.01.2018). Мяркую, ініцыятыва знойдзе шырокую падтрымку, бо гэта ж не толькі клопат пра беларусаў, што па розных прычынах аказаліся за межамі Бацькаўшчыны. Гэта напамін суродзічам, што на зямлі продкаў ім заўсёды рады. “Чым за морам віно піць — лепш у Нёмане вадзіцу,” — кажуць у народзе. А выдатны паэт Рыгор Барадулін раіў нам усім:  “Трэба дома бываць часцей…”

Людміла Дзёміна (у цэнтры) пашырае беларускую культуру ў Тальяці

Апошнім часам становіцца ўсё больш папулярным бязвізавы ўезд у Беларусь, павялічваецца да 10 сутак тэрмін гасцявання ў такім фармаце. Што ж, краіна — у цэнтры Еўропы, і варта напоўніцу тым карыстацца. А гасціннасць беларуская ўключае і прыветнасць, і шматлікія смачныя стравы, і цікавыя святы, абрады, фэсты, праз якія праяўляецца веліч народнага духу. Зрэшты, сёння ўжо ніякія межы не могуць быць перашкодай для сяброўства і паміж людзьмі розных нацыянальнасцяў: інтэрнэт палягчае зносіны, кантакты з усім светам.

Пасведчанне суайчынніка, мяркую, можа стаць як напамінам пра зямлю продкаў, так і талісманам-запрашэннем для выхадцаў з Беларусі, для іх нашчадкаў наведаць Бацькаўшчыну. Таму я — за дакумент, які пацвярджае, што вандроўнік, турыст — гэта “наш чалавек”. У перспектыве можа будуць для такіх гасцей прывілеі (скажам, бясплатны, як для грамадзян Беларусі, праезд па платных дарогах), зніжкі для набыцця прадукцыі, нават бязвізавы ўезд. Ведаю, стаўшы на ногі ў замежжы, некаторыя супляменнікі жадаюць пакінуць добрую памяць пра сябе ў Беларусі: нешта пабудаваць, адрамантаваць, падарыць кнігі бібліятэцы, экспанаты музею, дапамагчы дзіцячаму дому... З такой дабрачыннасцю, бывае, узнікаюць пэўныя бюракратычныя бар’еры — а з пасведчаннем, мяркую, іх стане менш.

Увогуле ўмацаванне духоўнай повязі сыноў і дачок Беларусі з гістарычнай Бацькаўшчынай — вельмі важная і пачэсная справа. Цяпер у многіх краінах жывуць і працуюць нашы супляменнікі (паводле некаторых звестак, іх звыш трох мільёнаў), суайчыннікі (у Ізраілі, напрыклад, жывуць дзясяткі тысяч ураджэнцаў Беларусі). Газета “Голас Радзімы” расказвае пра творчыя калектывы, зямляцтвы, суполкі, многія з якіх ужо маюць сваю гісторыю. І можна не сумнявацца, што пасведчанне суайчынніка дапаможа пашырэнню культурных, дзелавых кантактаў беларусаў замежжа з зямлёю продкаў.

А яшчэ такія людзі — гэта важная частка іміджавага складніка Бацькаўшчыны ў свеце. Якімі там бачаць нашых суродзічаў — такою і ўспрымаюць усю Беларусь. Як правіла, актывісты беларускіх суполак маюць моцныя повязі з цікавымі асобамі, культураю Бацькаўшчыны, ведаюць беларускую мову, пашыраюць у замежжы нашы культурныя традыцыі. Як вядома, прыязнасць да зямлі, на якой нарадзіўся, рос, уласцівая большасці з нас, але ў кожнага ёсць свая Радзіма: той кутак зямлі, які ён лічыць найдаражэйшым. А на чужыне тая любоў — абвостраная, пра што сведчаць і публікацыі ў газеце. Між тым беларусы ўмеюць наладжваць супрацу з прадстаўнікамі розных нацыянальнасцяў. Таму і будучае пасведчанне суайчынніка, як і цяперашняе супрацоўніцтва дзяржавы з дыяспарай, — гэта, несумненна, важны палітычны, духоўны фактар на шляху Беларусі ў вялікі свет.

Касманаўт Алег Навіцкі з землякамі ў Маскве

Паводле розных крыніц, ад двух з паловай да трох з паловай мільёнаў беларусаў цяпер жывуць у замежжы, у 73 краінах. Прычым там актыўна ідуць працэсы асіміляцыі, сцірання этнічных адметнасцяў: мы жывём у свеце глабалізацыі. Калі ж нашчадкі беларусаў страчваюць повязі з зямлёй продкаў, то і ўмоўны мацярык беларускай нацыі — змяншаецца. Таму, калі глядзець у перспектыву, пасведчанне суайчынніка можа паспрыяць выжыванню і развіццю ўсёй беларускай супольнасці ў свеце. Мы ведаем пра знакамітых беларусаў-эмігрантаў яшчэ з эпохі Адраджэння: адзін з іх — Францыск Скарына. Згадаем таксама Ігнацыя Дамейку, Адама Міцкевіча, Тадэвуша Касцюшку... Шмат эмігрантаў было ў Першую і Другую сусветныя войны, і за савецкім часам клікалі моладзь у свет камсамольскія будоўлі, новыя гарады. Актыўныя суполкі беларусаў ёсць паўсюль: Аргенціна, Аўстралія, Вялікабрытанія, ЗША, Канада, Казахстан, Малдова, Польшча, краіны Прыбалтыкі, Расія, Украіна, Узбекістан... І беларускія яўрэі стварылі моцныя абшчыны ў ЗША, Ізраілі. Цяпер у свеце — звыш 200 суполак беларусаў замежжа.

Як вядома, найбольш беларусаў у Расіі: пэўна, звыш мільёна. Традыцыйна беларусам не чужая і Польшча: у многіх там і родзічы-сябры ёсць. Аднак і за Бугам ідзе асіміляцыя: нядаўна казалі пра 300 тысяч беларусаў Польшчы, цяпер — пра 50 тысяч... У ЗША і Канадзе жыве каля мільёна суайчыннікаў, ва Украіне — каля 300 тысяч, у Казахстане — каля 100 тысяч. У суседняй Латвіі нашых — каля 90 тысяч, у Літве — каля 40, прыкладна па 20 тысяч — у Эстоніі, Малдове, Узбекістане, у Аўстраліі ды Чэхіі — прыкладна па 10 тысяч. Лічбы, зразумела, досыць умоўныя, і перапісы тут не дапамогуць. Па свеце працуюць творчыя гурты, суполкі беларусаў, ёсць культурныя цэнтры, музеі, архівы, пабудаваны храмы ў гонар беларускіх святых.

Кантакты з суайчыннікамі ў замежжы — справа не толькі апошніх гадоў. Газета “Голас Радзімы”, напрыклад, выдаецца з 1955 года. Яшчэ з пачатку 60-х у Мінску дзейнічала Беларуская секцыя савецкага камітэта “За вяртанне на Радзіму і развіццё культурных сувязяў з суайчыннікамі”. У 1964-м аформілася Беларускае таварыства па сувязях з суайчыннікамі, якое з 1976-га вядома як Таварыства “Радзіма”. Дзейнічае па гэты час: напрыклад, з яго дапамогай беларускай дыяспары ў Аргенціне ўпершыню ў гісторыі беларускага руху ў Лацінскай Амерыцы ўдалося стварыць самастойны Культурны цэнтр імя Кастуся Каліноўскага (2010 год). Такое супрацоўніцтва — узаемакарыснае: Беларусь дапамагае беларусам замежжа ў іх культурнай працы, і яны падвышаюць станоўчы імідж Бацькаўшчыны, зберагаюць і прымнажаюць духоўную спадчыну продкаў. І можна сцвярджаць: дыялог суайчыннікаў з Беларуссю вядзецца сёння кругласутачна: дзякуючы сацыяльным сеткам у інтэрнэце.

Ганна Мазур (злева) — вядомая беларуска з Малдовы

Больш за чвэрць стагоддзя (з 1990 года) дзейнічае Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, з ім у супрацы арганізацыі дыяспары больш чым з 20 краін. Выдаюцца бюлетэні “Беларусы ў свеце”, “Кніганоша”. Рознабаковым кантактам дзяржавы з дыяспарай спрыяе Закон “Аб беларусах замежжа”, прыняты 16 чэрвеня 2014 года. Між тым першы З’езд беларусаў свету прайшоў у Мінску яшчэ 8-10 ліпеня 1993 года, а сёмы быў летась 15-16 ліпеня: тое робіцца раз на чатыры гады. І, заўважым, у большасці прадстаўнікоў дыяспары ёсць паважлівае стаўленне да беларускай мовы, культуры, традыцый. А, як вядома, якраз праз мову найярчэй праяўляецца ў свеце наша адметнасць, матчынае слова здольнае збліжаць землякоў з рознымі светапоглядамі. Заслугоўваюць павагі тыя асяродкі беларускасці ў замежжы, дзе ствараюцца беларускія школы, класы, працуюць нядзельныя школы, праводзяцца беларускія фэсты, Дні беларускай культуры.

Новыя перапісы насельніцтва з іншых краін сведчаць: беларусаў там усё менш. І не таму, што масава ў іншы свет адыходзяць — хутка асімілююцца, перастаюць сябе ўсведамляць беларусамі. Бо глабалізацыя: скасоўваюцца запісы пра нацыянальнае паходжанне ў пашпарце, згладжвае этнаадметнасці людзей агульная ўніфікацыя. Ды й прынцып “мая хата з краю” працуе. Вось таму ад замілавання проста роднымі песнямі, мовай, што яшчэ гучаць у замежжы, варта рухацца далей. Адкрыццё там беларускіх школ, цэнтраў, студый, факультатываў, стварэнне новых суполак і творчых гуртоў — толькі на карысць Беларусі. Варта, на мой погляд, заахвочваць і генеалагічныя пошукі энтузіястаў, праводзіць конкурсы, што спрыяюць умацаванню родавых сувязяў. Як тое робіць, напрыклад, Саюз беларусаў Латвіі: конкурс “Беларусы Латвіі. Мінулае і сучаснасць” прайшоў летась ужо ў чацвёрты раз. (Пра тое больш падрабязна — у бліжэйшых нумарах газеты “Голас Радзімы”. — Рэд.). Ды варта казаць і пра такое: сталыя беларусы замежжа раство з Бацькаўшчынай памятаюць, а дзяцей-унукаў да беларушчыны далучаюць нямногія.

І яшчэ. Паступова назапашваюцца цікавыя матэрыялы пра жыццё вядомых людзей свету, якія маюць з Беларуссю родавыя сувязі, аднак тыя звесткі — не шырока даступныя, а значыць не ў поўную сілу працуюць на станоўчы імідж Бацькаўшчыны. Скажам, не ўсе нават ведаюць, што і ў першай жанчыны-касманаўткі Валянціны Церашковай моцныя беларускія родавыя карані. Нарадзілася яна ў Яраслаўскай вобласці Расіі, але бацька, Церашкоў Уладзімір Аксёнавіч, родам з вёскі Вылаў (рус: Выйлово) Бялыніцкага раёна Магілёўшчыны, а маці, Алена Фёдараўна — з вёскі Ерамееўшчыны Дубровенскага раёна Віцебшчыны. Мы яшчэ толькі “збіраем камяні”, каб аддаць знакамітым супляменнікам належнае: тут патрэбны сістэмныя, навуковыя даследаванні. Каб ведала Беларусь слаўных сыноў і дачок, што рэалізавалі свае таленты ў замежжы. Напрыклад, Бенядыкт Дыбоўскі адкрыў возера Байкал для навукі, даследаваў ягоную флору і фаўну. Эдуард Пякарскі навучыў якутаў грамаце, стварыў якуцкі алфавіт. Аляксандр Пальмбах быў у ліку тых, хто зрабіў аналагічную добрую справу для Тувы. Адольф Янушкевіч, па сутнасці, адкрыў для Еўропы культуру жыхароў “кіргізкіх стэпаў” — цяперашніх казахаў. А ўраджэнцы Беларусі ў Ізраілі фактычна зрабілі дзяржаву: тры прэзідэнты былі выхадцамі з нашых земляў, і шмат прэм’ер-міністраў. Прэзідэнт Шымон Перэс, як вядома, нарадзіўся ў вёсцы Вішневе Валожынскага раёна Міншчыны.

Людзі, як і птушкі, часам аказваюцца ўдалечыні ад родных гнёздаў, але ж нам уласціва зберагаць традыцыі, мову, перадаваць каштоўны досвед нашчадкам. Маючы сувязі з зямлёй продкаў, тое рабіць лягчэй. Цяжка падлічыць, колькі беларусаў штогод асядае за мяжой. Эмігрантам, бывае, важна пачуваць сябе патрэбнымі і ў краіне, якую пакінулі па розных прычынах. А значыць, трэба развіваць камунікатыўныя парталы. Беларусь, як і любая іншая дзяржава, зацікаўлена ў тым, каб адладжваць і пашыраць стасункі з людзьмі, якія любяць гістарычную Бацькаўшчыну, яе культуру, вызнаюць сябе беларусамі. Гэта спрыяе пазітыўнаму іміджу краіны ў свеце, станоўча ўплывае на ўнутранае развіццё дзяржавы й грамадства. Бо не сакрэт: нашы суайчыннікі за мяжой валодаюць сур’ёзным палітычным, эканамічным, культурным патэнцыялам. Больш таго, яны — за тое, каб гэты важны рэсурс працаваў на нашу агульную карысць. З публікацый у СМІ вядома, што беларуская дзяржава рэалізуе праграму “Беларусы замежжа”, працягвае падтрымліваць культурныя цэнтры, суполкі беларусаў за мяжой. А беларускія дыпламаты на месцах працуюць супольна з беларусамі замежжа. І, вядома ж, найлепшае супрацоўніцтва — гэта заўсёды як вуліца з двухбаковым рухам.

Беларусаў заўсёды чакаюць дома! І маім сябрам з замежжа, ведаю, хочацца бываць дома часцей. Пасля прыездаў расказваюць яны пра родны край, пра беларусаў і беларусак іншым, выкладваюць здымкі ў сеціве... Шырока ідуць па свеце хвалі дабрыні! Часам я кажу тым, хто нудзіцца на чужыне (як і тым старшакласнікам, што збіраюцца паступаць у замежныя навучальныя ўстановы...) словамі Янкі Купалы: “Не шукай ты шчасця, долі/ На чужым, далёкім полі”. А яшчэ ж ягоны сябра Якуб Колас вось над чым разважаў: “Зямля дасць волі, дасць і сілы/ Зямля паслужыць да магілы,/ Зямля дзяцей тваіх не кіне,/ Зямля — аснова ўсёй Айчыне”. А пазней яшчэ адзін класік, вялікай душы чалавек Янка Сіпакоў зрабіў такі вывад: “Можа таму і памірае ад настальгіі (самай чорнай і самай светлай хваробы) чалавек, які пры жывой Радзіме топча чужыя травы, лашчыць чужыя кветкі, чуе чужую мову ад сваіх дзяцей”.

Кастусь Карнялюк, настаўнік, г. Віцебск

Голас Радзімы № 6 (3558), чацвер, 8 лютага, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter