Знiчкi Айчыны

Межы колішняга Ігуменскага павета, які існаваў з канца XVIII стагоддзя і яшчэ на пачатку 1920-х гадоў, уключаюць тэрыторыю сённяшніх Чэрвеньскага, Пухавіцкага, Бярэзінскага, Старадарожскага, Уздзенскага, Смалявіцкага і нават асобныя паселішчы Асіповіцкага раёнаў. Лічы, сур’ёзная еўрапейская краіна!.. Цяпер павет раскіданы па раёнах. А ранейшы павятовы горад Ігумен зваўся Чэрвень
Праз смугу розных часін да нашых дзён, бы тыя прошчы, дайшлі вымаленыя духоўнай працай мясціны. Меркаваць пра значнасць тых ці іншых асяродкаў можна па іх ранейшых гаспадарах, па тых здабытках, што пакінулі яны ў гісторыі і культуры Айчыны. Выпраўляемся са сталіцы на Магілёў. Першы прыпынак — Смілавічы. Тут знаходзіцца знакаміты палац Ваньковічаў. Мястэчка, дзе здаўна ў згодзе і суладдзі жылі беларусы і татары, яўрэі і палякі. Якраз адсюль — карэнні мастака з сусветнай славай Хаіма Суціна, чыя творчасць не менш цікавая, чым Шагала. У Смілавічах нарадзіўся бацька легенды рускага тэатра Фаіны Ранеўскай. Часта наведваючы мястэчка з даваенным вучнем мясцовай школы, кандыдатам медыцынскіх навук Уладзімірам Сцяпанавічам Сенчуком, з яго расповедаў я адкрыў для сябе многа смілавіцкіх і чэрвеньскіх знакамітасцяў: вучоных-медыкаў Соф’ю Штыцька, Сямёна Фрыда, Давіда Голуба (акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, пражыў болей за 100 гадоў!). А я ўжо дадаю да “спіса Сенчука” пухавіччан, якія засведчылі сябе ў медыцынскай навуцы і практыцы:

— Нейрахірург, доктар навук Арнольд Смеяновіч, вучоны-гігіеніст, доктар навук Іван Чаховіч, траўматолаг, доктар навук Аркадзь Крук…

— Смеяновіч — мой вучань па медуніверсітэту, з Крукам — даўнія, з першых пасляваенных гадоў сябры, з Чаховічам — калегі па кафедры, — удакладняе Уладзімір Сцяпанавіч. — Як пачнеш такой “урадлівай” статыстыкай займацца, то і не можа не прыйсці думка напісаць гісторыю медыцыны ў стасунках з Ігуменшчынай, Чэрвеньшчынай, Пухавіччынай.

А я нагадваю свайму вандроўнаму суразмоўцу, што з Пухавіцкім краем звязаны і лёс аднаго гісторыка навукі, медыцыны Беларусі: у другой палове 1950-х ФАПам у вёсцы Узляны загадваў Валянцін Пятровіч Грыцкевіч. І адзін з першых яго артыкулаў быў прысвечаны мястэчку Дудзічы.

Пакінуўшы Смілавічы і Чэрвень, давайце скіруем на Рудзенск і далей на Наваполле, Дудзічы. Тут нам ніяк не абыйсці Дукору. Сёння — вёска ў Пухавіцкім раёне, даведзены да ладу аграгарадок, з крамамі, комплексным пунктам бытавога абслугоўвання, з домам культуры.

Захаваліся рэшткі панскай сядзібы. У Дукоры на пачатку 1920-х гадоў існаваў драматычны гурток. І драматург быў свой, мясцовы — настаўнік Васіль Савіч Гарбацэвіч. Яго п’еса “Чырвоныя кветкі Беларусі” была пастаўлена нават у Мінску, купалаўцамі. У Дукоры нарадзіліся мовазнаўца Марыя Жыдовіч, актрыса Таццяна Бандарчык. Яе родны брат — Іван Бандарчык як вынаходнік быў адзначаны Сталінскай прэміяй.

Пераехаўшы праз пераезд у Рудзенску, дзе нарадзіўся паэт Міхась Чарот, дзе вучыліся ў школе акцёр Валянцін Белахвосцік, пісьменніца Таіса Бондар, генерал Міхаіл Савіч, мы скіроўваем да Дудзіч. Ся-дзіба Ельскіх. Зараз тут новую славу старонцы стварае стылізаваны пад мінуўшчыну музей матэрыяльнай культуры “Дудуткі”. Паблізу — лецішчы пісьменнікаў Віктара Казько, Яўгена Бу-дзінаса, Валерыя Ліпневіча…А славу гэтым мясцінам ў пазамінулым стагоддзі прынеслі браты і дзядзька Ельскія. Скульптар Казімір, які нарадзіўся ў 1782 годзе, загадваў кафедрай на факультэце жывапісу, скульптуры і архітэктуры Віленскага універсітэта. Стварыў статуі ў бакавых парталах Віленскага кафедральнага сабора. Напісаў трактат “Аб сувязі архітэктуры, скульптуры і жывапісу”. Міхаіл Карлавіч Ельскі — скрыпач, кампазітар, пісьменнік. Кампазітарская спадчына Міхаіла Карлавіча складае болей за 100 твораў, многія з іх гучаць і зараз. Дарэчы, вяртанне даўніх скрыпічных канцэртаў, санат да публікі адбылося і ў сучаснай прасторы Дудзіцкай старонкі — у адмысловым мастацкім салоне ў музеі “Дудуткі”. Нарадзіўся ў Дудзічах, а жыў паблізу — у сядзібе Замосце вялікі асветнік Аляксандр Карлавіч Ельскі.

Ён і пахаваны непадалёку — на каталіцкіх могілках Кобан. Аповед пра вучонага і пісьменніка можа атрымацца бясконцым. Але мы спынімся на музейных зборах Ельскага. Слова — унуку пісьменніка Генрыху Ельскаму: “Музей у Замосці быў заснаваны ў 1864 годзе. Паколькі значная частка рэестраў загінула, я падаю толькі тое, што ўдалося ўстанавіць. Напрыклад, у калекцыі Ельскага знаходзілася звыш 60 карцін: сямейныя партрэты, партрэты значных польскіх (і беларуска-літоўскіх) гістарычных постацяў XVIII і XIX стагоддзяў, карціны славутых майстроў, сярод якіх работы Андрэа дэль Сарта, Паола Кальяры, Лямпі, Бачарэлі, Пешкі, Смуглевіча, Чаховіча, Валенція Ваньковіча... Звыш за 300 накідаў і малюнкаў польскіх і беларуска-літоўскіх мастакоў, болей за 2000 гравюр (сярод іх нямала эстампаў Барталоцы, Рос, Тэнірса). А таксама розныя нацыянальныя памяткі: прадметы, якія належалі Міцкевічу, Касцюшку, іх пісьмы (цяпер у Кракаве), гістарычныя рэліквіі — польскія зоркі, медалі, ордэны, слуцкія паясы, калекцыя фарфору, саксонскага, англійскага, венецыянскага шкла... Колькасць аўтографаў і дакументаў складае каля 20000 асобнікаў… Былі два міцкевічаўскія партфелі (аўтографы і матэрыялы, падараваныя ў Кракаў). Аўтографы Напалеона, Людовіка XVI,
Марыі-Антуанеты, Жазефіны, Жозефа Банапарта…”

З Замосця выправімся на Шацк, аб’едзем тыя сядзібы, што з’яўляюцца памежнымі на землях Пухавіччыны, Случчыны, Уздзеншчыны. І там, паверце, нас чакае нямала сустрэч і адкрыццяў.

Алесь Карлюкевіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter