Знiчкi Айчыны

Верхнядзвінск — горад, які раней, да 1962 года, называўся Дрысай. Вось і на старых паштоўках нас чакае сустрэча са старажытнай Дрысай, горадам, які ўзнік як ваеннае ўмацаванне полацкіх князёў. У ВКЛ паселішча ўваходзіла ў Полацкае ваяводства. У 1386 годзе горад быў спалены Андрэем Полацкім. З ХVІ стагоддзя Дрыса набывае вядомасць як гандлёвы цэнтр на Заходняй Дзвіне…
Дрыса. Паштова-тэлеграфнае аддзяленне. Пачатак ХХ ст.Верхнядзвінск — горад, які раней, да 1962 года, называўся Дрысай. Вось і на старых паштоўках нас чакае сустрэча са старажытнай Дрысай, горадам, які ўзнік як ваеннае ўмацаванне полацкіх князёў. У ВКЛ паселішча ўваходзіла ў Полацкае ваяводства. У 1386 годзе горад быў спалены Андрэем Полацкім. З ХVІ стагоддзя Дрыса набывае вядомасць як гандлёвы цэнтр на Заходняй Дзвіне…

А хто ж нарадзіўся ў Дрысе ў XIX – на пачатку XX стагоддзя? Чыімі вачыма мы ўглядаемся ў памяткі даўніны, у гістарычны ландшафт, захаваны на старых паштоўках? У вёсцы Свольна (дакладней — у фальварку, які цяпер знаходзіцца ў межах вёскі)
3 мая (па новым стылі — 15-га) 1845 года нарадзіўся Іван Дзяменцьевіч Чэрскі. Падарожнік, геолаг, географ, даследчык Сібіры. Свольна — зусім блізка ад Верхнядзвінска. І, канешне ж, з маленства будучаму вучонаму добра знаёмая павятовая Дрыса — цэнтр мясцовага жыцця… У дзяцінстве мне на вочы патрапіла кніга вядомага рускага пісьменніка Андрэя Ігнатавіча Алдан-Сямёнава “Чэрскі”, выдадзеная ў “маладагвардзейскай” серыі “Жыццё знакамітых людзей”. Захоплены расповедам пра легендарнага даследчыка Поўначы, і думаць не думаў пра повязь Івана Дзяменцьевіча з Беларуссю, Віцебшчынай. Ды і Алдан-Сямёнаў, якога лёс правёў некаторымі са сцежак Чэрскага, нічога не пісаў пра радаводныя карані, пра беларускасць падарожніка. Хіба што толькі гэта: “1860-1863 — гады навучання І.Д. Чэрскага ў Віленскім шляхецкім інстытуце”. І далей: “1863 — васемнаццацігадовы Чэрскі прыняў удзел у Польскім паўстанні, арыштаваны, асуджаны і высланы ў Омск радавым у 1-ы Заходне-Сібірскі лінейны батальён…” Пройдзе час, і пра беларуса Чэрскага ўсё шырэй загавораць і ў Беларусі, і ва ўсім свеце. Заслугі нашага земляка перад навукай надзвычай вялікія. Яшчэ пры жыцці Іван Дзяменцьевіч быў уганараваны некалькімі залатымі медалямі Рускага Геаграфічнага таварыства. Імя Чэрскага носяць сістэма горных хрыбтоў у Якуціі, хрыбет у Забайкаллі. У Іркуцку дзейнічае Таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага. А ў вёсцы Валынцы, таксама непадалёку ад Верхнядзвінска, ужо некалькі гадоў працуе раённы краязнаўчы музей, які таксама названы ў гонар падарожніка.

Дрыса. Касцёл. Пачатак ХХ ст.Дрыса — радзіма Аляксандра Адольфавіча Пальмбаха (нарадзіўся 10 верасня 1897 года). У 1918 годзе скончыў Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута. Спярша працаваў настаўнікам у Лёзне, затым выкладаў у Камуністычным універсітэце працоўных Усходу, Чэлябінскім педагагічным інстытуце. З 1930 года — у Тувінскім навукова-даследчым інстытуце мовы, літаратуры і гісторыі. У той жа час Аляксандр Пальмбах стварае тувінскую пісьменнасць.

Вайна сталася для Пальмбаха сур’ёзным выпрабаваннем. Загінулі два яго браты. Не вярнуўся з фронта старэйшы сын Спартак, выпускнік СШ N1 горада Кызыл. Дарэчы, праз шмат гадоў гэтую ж школу закончыў Сяргей Шайгу, міністр па надзвычайных сітуацыях Расіі. Матэрыялы пра абодвух вучняў — у адным школьным музеі… Жонка вучонага ў час вайны знаходзілася ў Маскве, моцна хварэла. Пальмбах адзін даглядаў двух сыноў — Граніка і Тэміра. І настойліва працаваў. Як вынік — напісаныя ў сааўтарстве “Граматыка тувінскай мовы” (1961), “Асновы тувінскай арфаграфіі” (1963), пераклады на рускую мову твораў тувінскіх літаратараў. Памёр Аляксандр Адольфавіч у 1963 годзе. Пахаваны ў Кызыле.

Сярод знакамітасцяў, выпеставаных на Верхнядзвіншчыне, — і фалькларыст і грамадскі дзеяч Ігнат Яўстахавіч Храпавіцкі (нарадзіўся ў жніўні 1817 года ў вёсцы Каханавічы). Першы нумар альманаха “Рубон”, з якім актыўна супрацоўнічаў вучоны ў 1840-я гады, адкрываўся вершам Храпавіцкага “Дзвіна”. У гэтым жа альманаху было змешчана грунтоўнае даследаванне фалькларыста “Погляд на паэзію беларускага народа”. У гісторыі застаўся і такі факт: разам з аднадумцамі С. Убры і Ю. Шчытом Ігнат Яўстахавіч яшчэ ў 1850 годзе распрацаваў праект скасавання прыгоннага права і вынес яго на абмеркаванне губернскага дваранскага сходу. З боку царскай адміністрацыі ідэя гэтая прыхільнасці тады не займела.

З вёскаю Бандзелі звязаны лёс пісьменніка Эдуарда Самуйлёнка (нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу ў жніўні 1907 года). Юнацкія гады правёў у Бандзелях, на бацькавай радзіме. Быў сакратаром камсамольскай арганізацыі Росіцкага сельсавета. І хаця памёр літаратар, лічы, у маладым узросце ў 1939-м (не было нават 32 год), спадчыну па сабе пакінуў немалую: пры жыцці выйшла пяць яго кніг. Найбольшую ўвагу чытачоў выклікаў раман “Будучыня”. У 1952 годзе пабачыў свет нават збор твораў у 2-х тамах. З верхнядзвінскага Шайцерава — празаік Тарас Хадкевіч (нарадзіўся ў сакавіку 1912 года). Пачынаў творчую біяграфію як паэт, у 1932 выдаў паэтычны зборнік “Смялей, таварыш!”. Да Вялікай Айчыннай працаваў у газетах “Чырвоная Полаччына”, “Чырвоная змена”, “Звязда”, служыў у Чырвонай Арміі. У вайну ўдзельнічаў у першых баях 1941 года…У канцы верасня быў паранены і патрапіў у палон. У пачатку мая 1945 года ўцёк. Пасля вайны зноў на журналісцкай рабоце. Выдаў шмат кніг прозы і публіцыстыкі.

Дрыса. Гарадскі сад. Пачатак ХХ ст.Верхнядзвінск, Дрысеншчына — радзіма мастакоў, уважлівых да колераў, фарбаў, красак Айчыны творцаў. У Асвеі нарадзіўся Яўген Станіслававіч Ясвін. Вучань І. Ахрэмчыка, ён з 1966 года працуе пераважна ў жанрах карціны і партрэта. З Асвеі — і мастацтвазнаўца Франц Іосіфавіч Валадзько (нара-дзіўся ў 1922 годзе). Родам з самога Верхнядзвінска — графік Валерый Ігнатавіч Шчасны (нарадзіўся ў 1951 годзе). Цікавасць выкліка-юць графічныя лісты “Ураджай сорак першага”, “Купалле”, “Дзяды”, “Віцебск 20-х…”, “Легенда”, “Курган на балоце”, “Навальніца”, “Вялікая старая півоня”… На многіх творах угадваюцца пейзажы сучаснага Верхнядзвінска, гістарычны ландшафт старой Дрысы. А ў Валынцах, якія вядомы раённым краязнаўчым музеем, у лістападзе 1910 нарадзіўся жывапісец Антон Станіслававіч Каржанеўскі. Назвы яго палотнішчаў дастаткова красамоўныя: “Віцебская прыстань”, “Вячэрні Віцебск”, “Куток старажытнага Віцебска”, “На полацкай зямлі…”Але, шмат увагі, сіл аддаўшы Віцебску, мастак ніколі не забываўся на Верхнядзвінск, Валынцы, Свольна, Асвею, іншыя навакольныя паселішчы. Адтуль — яго пейзажы, эцюды.

Шукаючы землякоў-суайчыннікаў і са старажытнай Дрысы, іншых паселішчаў Верхнядзвіншчыны, я пазнаёміўся адразу з трыма ўраджэнцамі Асвеі. Ва Уладзіміры жыве і працуе намеснікам начальніка гарадской тэлефоннай станцыі заслужаны сувязіст Расійскай Федэрацыі Нэла Лапанка. Адзін з вядомых арганізатараў расійскай навукі ў Новасібірску — Мікалай Семакоў (нарадзіўся ў 1950 годзе). У Новасібірску жыве і пісьменнік, былы ваенны журналіст Іосіф Аўгусцінавіч Бекіш (нараджэннем з 1939 года). У адказ на мае роспыты ён даслаў кнігу вершаў “Во мне твое сердце болит”. Сярод іншых шчымлівых радкоў ёсць у паэтычным зборніку і наступныя словы: “Мне бы съездить на родину”…

Алесь Карлюкевіч
Паштоўкі з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter