Знiчкi Айчыны

Вандруючы па цяперашняй Гародзеншчыне, заўжды ўспамінаю ашхабадскага радыёжурналіста Уладзіміра Грачова. Рускі па нацыянальнасці, нараджэннем з Ваўкавыска, ён не хварэў на штучную настальгію. Але і ён заўжды пра сваю радзіму расказваў з душэўным хваляваннем. Цяпер ужо і для мяне ашхабадскія расповеды Грачова ў большасці сваёй напаўзабытыя. І Валодзя даўно ўжо пакінуў Туркменістан разам з сям’ёю і жыве ў Падмаскоўі. А вось памятаецца той даўні настрой, тая эмацыянальная ўзвышанасць, што спадарожнічалі размовам пра Беларусь, пра Ваўкавыск…
Ваўкавыск. Пачатак ХХ стагоддзяСтарэйшы з гарадоў Беларусі (летапісны Волковыескъ узнік у канцы Х стагоддзя, а ўпершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1252 годам як крэпасць) багаты на славутасці. Адсюль у вялікі свет выйшлі пісьменнікі, мастакі, вучоныя, асветнікі, генералы… Хтосьці год ад году вяртаўся. Некага чужая старонка прыквеціла назаўсёды. Як, напрыклад, рускага пісьменніка Усевалада Нікандравіча Іванова (Быў яшчэ і Чэслававіч). Ён нарадзіўся ў Ваўкавыску ў 1888 годзе. Пражыў амаль 90 год. А колькі павандраваць паспеў па свеце! У 1922–1945 гадах жыў у Кітаі. З тых вандровак — і кнігі: “Тайфун над Янцзы”, “Шлях да Алмазнай гары”, “На ніжняй Дзебры” ды і шмат іншых аповесцяў, апавяданняў, якія выходзілі і ў Маскве, і ў Хабараўску, і ў Паўднёва-Сахалінску. Цікавы лёс ў літаратара-земляка. Пачынаў з вершаў. Следам за белай гвардыяй эмігрыраваў у Кітай. Рэдагаваў эмігранцкую газету “Гун-бао”. У Харбіне і Токіо на рускай мове пабачылі свет яго вершаваныя кнігі “Вогненная душа”, “Санеты”, “Бежанская паэма”, “Паэма яды”. Апошняя з іх выходзіла чатыры разы. Найбольшую вядомасць усё ж атрымаў як журналіст. Асобнымі выданнямі выйшлі яго кнігі “У грамадзянскай вайне” (1921), “Ленін” (1928) ,“Крах белага Прымор’я” (1921), “1905 год” (1929)… У 1931 годзе прыняў савецкае грама-дзянства. Працаваў у Харбіне як карэспандэнт ТАСС. А вярнуўся ў Савецкі Саюз у 1945 годзе. І ўвесь час пасля жыў у Хабараўску. Адзін паэт, які зараз жыве ў Мінску, быў знаёмы з Івановым па Хабараўску. І вось што ён занатаваў у сваіх успамінах пад уражаннем кнігі Усевалада Нікандравіча “Туман над Расіяй”, выдадзенай пасля смерці нашага ваўкавыскага земляка: “…Газетныя артыкулы і нарысы. Многія, відавочна, пісаліся ў нумар. Але да гэтага ж часу цікава і злабадзённа. І ў цэлым, які разумны погляд на ранейшую Расію, на яе гістарычныя лёсы, на грамадзянскую вайну, эміграцыю. Апошняе — у асаблівасці.

Не, для яго “Расія”, “радзіма” не былі пустымі словамі. Таму і вярнуўся, як толькі надарылася магчымасць, і, будучы досыць ужо вядомым пісьменнікам, знайшоў у сабе сілы пачаць усё з нуля (паступіў у КрайТАСС радавым супрацоўнікам).

У кнізе гэтай рэдкая эрудыцыя спалучаецца з магутным тэмпераментам, глыбінёй і самастойнасцю меркаванняў. Магу сабе ўявіць, што адчуваў У.Н., гледзячы на нас, знося-чыся з намі, — малаадукаванымі, выхаванымі ў духу “ўсепераможнага вучэння” газецірамі!

Ён быў асцярожны: ведаў, з кім мае справу. Але заўсёды ўмеў знайсці спосаб выказаць свой — прынцыпова адрозны ад нашага — пункт гледжання па многіх пытаннях: ад гістарычнай ролі Пятра I да творчасці Гогаля і Шчадрына. Аднойчы, не помню цяпер з якой нагоды, мы з ім загаварылі пра рэвалюцыі. І раптам узляцела ўверх густое напалову сівое брыво. У.Н. па-змоўніцку нахіліўся да мяне і з усмешкай вымавіў: “А справа ж Хрыстова, Саша, не здзейснілася — не!”
У Ваўкавыску самы час адкрываць літаратурна-мастацкі музей. Пісьменнікаў і мастакоў, якія нарадзіліся ў горадзе і ваколіцах, — безліч. Адна толькі асоба Станіслава Жукоўскага (ён нарадзіўся ў маёнтку Ендрыхаўцы ў маі 1875 года) чаго вартая. У 1907 32-гадоваму жывапісцу было прысвоена званне акадэміка. Пейзажы “Нёман”, “Лес. Папаратнік. Захад”, “Месячная ноч”, “Крыгаход на Нёмане”, “Рэчка на Палессі”, “Рака Вілейка” і зараз лічацца ўзорамі жанра. З 1917 года Жукоўскі жыў у Польшчы. У 1944 загінуў у фашысцкім канцлагеры Прушкаў.

Ваўкавыск — радзіма артысткі кіно, тэатра, эстрады Яніны Жэймо. Перажыўшы ленінградскую блакаду, іншыя перыпетыі Вялікай Айчынай вайны, яна ў 1957 годзе эмігрыравала ў Варшаву. А ўважліваму кінагледачу старэйшых пакаленняў Яніна Баляславаўна павінна запомніцца па ролях у кінафільмах “Прыгоды Карзінкінай”, “Гарачыя дзянёчкі”, “Ворагі”, “Ішоў салдат з фронту”, “Сяброўкі”… У мяркуемым ваўкавыскім музеі гісторыі літаратуры і мастацтва, відавочна, знойдзецца месца і жыццяпісам пісьменнікаў-землякоў Эўгеніюша Кабаца, Тадэвуша Зянкевіча, Ларысы Геніюш, Якава Рабіновіча, Лідзіі Ялоўчык, Герцаля Навагрудскага, артыста тэатра лялек і тэатразнаўца Міхаіла Каладзінскага, паэтэс Тамары Мазур, Людмілы Кебіч (яна зараз узначальвае Гродзенскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнкаў Беларусі), публіцыста Івана Хлябцэвіча, мастакоў Вячкі Целеша (заўважым, і адметнага калекцыянера, філакартыста), Людмілы Пятруль, Паўла Урублеўскага, Мікалая Крукава, дызайнераў Аляксандра Крывенкі, Мікалая Пупко, балетмайстра Яўгена Штопа… За шматкроп’ем, паверце, можа паследаваць згадка яшчэ пра добры тузін асоб, чый след у мастацтве надоўга застанецца прыкметным. А музей такі мог бы паяднаць памкненні многіх ваўкавыскіх краязнаўцаў у даследаванні мінуўшчыны краю праз лёсы легендарных землякоў. Часам здараецца, што ведаем мы ці не ўсіх землякоў, ці не ўсіх вартых увагі суайчыннікаў. А веданне гэтае носіць характар павярхоўны, падарожнічае з адной энцыклапедыі ў другую. Зрабіўшы вялікую справу па аднаўленню гістарычнай памяці праз напісанне і выданне гісторыка-дакументальных хронік “Памяць”, мы павінны пайсці далей.

Вось возьмем, напрыклад, лёс рускага пісьменніка Герцаля Навагрудскага. Яшчэ нядаўна яго дзіцячымі кнігамі зачытвалася малеча ўсяго Савецкага Саюза. Аповесці, апавяданні “На маленькім востраве”, “Дзік з 12-й Ніжняй”, “Лісты дзядзькі Ягора”, “Індзейскае зерне”, “Маленькі Тыук едзе ў Маскву”, “Пячора Бацікава”, “Па слядах Тау”, “Вялікая жамчужына” мелі шырокі розгалас. А яшчэ адразу пасля вайны была напісана кніга пра Дзмітрыя Карбышава. У Вялікую Айчынную наш зямляк працаваў у газеце “Красный флот”. Мне падаецца, што любое з сённяшніх беларускіх выдавецтваў магло б узнавіць творчую спадчыну Герцаля Навагрудскага. Але ж, як ва ўсіх клопатах, патрэбна ініцыятыва. І землякоў з Ваўкавыска, мяркую, — у першую чаргу.

Алесь Карлюкевіч
Паштоўка з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter