Знiчкi Айчыны

Мінск — не проста сталіца. Не толькі горад, да якога ўважлівыя мастакі. Мінск — горад, які здаўна выпраўляў у вялікі свет акцёраў тэатра і кіно, рэжысёраў і драматургаў... Якія зоркі тэатра і кіно выпеставаны ў Мінску, дзе, мажліва, і меней тэатраў, чым у Парыжы ці, прыкладам, у Варшаве? А якія зоркі радавалі мінчукоў на гастролях тэатраў і антрэпрыз?.. Давайце згадаем імёны з далёкіх і не такіх далёкіх часін
Від на гарадскі тэатр і Петрапаўлаўскую (Энгельса) вуліцу. Канец ХІХ ст.Мінск — не проста сталіца. Не толькі горад, да якога ўважлівыя мастакі. Мінск — горад, які здаўна выпраўляў у вялікі свет акцёраў тэатра і кіно, рэжысёраў і драматургаў... Якія зоркі тэатра і кіно выпеставаны ў Мінску, дзе, мажліва, і меней тэатраў, чым у Парыжы ці, прыкладам, у Варшаве? А якія зоркі радавалі мінчукоў на гастролях тэатраў і антрэпрыз?.. Давайце згадаем імёны з далёкіх і не такіх далёкіх часін.

Сучаснік старога для нас Мінска, які захаваўся на паштоўках пачатку XX стагоддзя, — беларускі рэжысёр Леў Маркавіч Літвінаў. Нарадзіўся Леў Гурэвіч (сапраўднае прозвішча майстра сцэны) у красавіку 1899 года. Скончыў Беларускую драматычную студыю ў Маскве ў 1926 годзе. А вучыліся тады ў “белакаменнай” сапраўды “зоркі”: Стэфанія Станюта, Таццяна Бандарчык, Раіса Кашэльнікава…Яшчэ ў 1921 годзе (разам з Міровічам і Бейтлерам) Леў Маркавіч паставіў у Мінску грандыёзнае па тым часе масавае дзейства “Праца і капітал”. У 1927–1932 гадах (і пасля ў 1942–1943) Літвінаў з’яўляецца рэжысёрам Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра БССР. Працаваў і галоўным рэжысёрам Купалаўскага тэатра.

Акцёр Іосіф Матусевіч, які нарадзіўся ў Мінску ў 1907 годзе, сваё сэрца, свае мары, сваё натхненне аддаў Беларускаму тэатру імя Якуба Коласа. У Віцебску, з перапынкам на вайну, працаваў ці не паўстагоддзя. Яшчэ і сёння нераўнадушныя тэатралы горада на Дзвіне памятаюць яго, Матусевіча, вобразы Дымара (“Сэрца на далоні” Івана Шамякіна), святара Іллі (“Званы Віцебска” Ула-
дзіміра Караткевіча) і інш.

Будынак былой Харальнай сінагогі, дзе ў 1920–1930-х гадах размяшчаўся Дзяржаўны габрайскі тэатр БССРКалі Літвінаў-Гурэвіч, набраўшыся тэатральнай навукі ў Маскве, вярнуўся ў Мінск, Іосіф Матусевіч стаў упрыгожаннем тэатральнага Віцебска, то Іосіф Хейфіц (нарадзіўся ў Мінску ў 1905 годзе) за акцёрскай і рэжысёрскай навукай падаўся ў Ленінград. У 1927 годзе ён заканчвае Леніградскі тэхнікум экраннага мастацтва. І пачынае працу на кінафабрыцы “Савецкае кіно” (пасля яе назавуць “Ленфільмам”). І ажно да 1950 года наш зямляк працуе сумесна са славутым рэжысёрам Аляксандрам Зархі. Што вызначальна, Хейфіц праявіў сябе на ўсіх этапах развіцця савецкага кіно. Зняўшы першыя работы напрыканцы 1920-х, апошні фільм — “Вандроўны аўтобус” — ён зрабіў у 1989 годзе. І “Дэпутат Балтыкі”, і “Член урада”, і “Салют, Марыя!”, і многія іншыя работы — усё гэта фільмы ўраджэнца Мінска. Савецкая ўлада шчодра аддзячыла кінарэжысёру. Іосіф Хейфіц — народны артыст СССР, Герой Сацыялістычнай Працы, двойчы лаўрэат Дзяржаўнай (яшчэ Сталінскай) прэміі СССР, двойчы быў узнагароджаны ордэнам Леніна, двойчы — ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга…

Калі рэтрапаказы прыцягнуць вашу ўвагу да фільмаў “Авадзень”, “Кароль Лір”, Гамлет”, “Дон Сезар дэ Базан”, то ведайце, што іх рэжысёрам з’яўляецца таксама ўраджэнец Мінска Іосіф Шапіра (нарадзіўся ў снежні 1907 года). Мінск з Захар’еўскай вуліцай, Губернатарскім садам — гэта і родны горад народнай артысткі СССР Стэфаніі Станюты, якая нарадзілася ў сям’і мінскага мастака ў маі 1905 года. Геніяльны майстар беларускай сцэны, яна пры жыцці стала легендай айчыннага тэатра. Яе ролі ў спектаклях па п’есах Шэкспіра, Эўрыпіда, Лопэ дэ Вэгі, Чэхава, Астроўскага — старонкі гісторыі і развіцця беларускага тэатра… Пакаленне служак Мельпамены з першых дзесяцігоддзяў мінулага стагоддзя з’явілася, канешне ж, не само па сабе. У губернскі горад часта завітвалі на гастролі акцёрскія калектывы з самых розных гарадоў Расійскай імперыі. У адным з будынкаў — на рагу вуліцы Падгорнай і Захар’еўскага завулка — з канца 1899 года размяшчалася Мінскае таварыства аматараў прыгожых мастацтваў. Адным з накірункаў яго работы была дзейнасць драматычнай секцыі. Удзельнікамі таварыства пастаўлены спектаклі па п’есах ”Улада цемры” Л. Талстога, “Гора ад розуму” А. Грыбаедава, “Лес” А. Астроўскага. А ў 1917 было створана Першае беларускае таварыства драмы і камедыі. Сваю дзейнасць распачало спектаклем “Паўлінка” — у памяшканні Мінскага гарадскога тэатра.

Беларускі дзяржаўны тэатр. 1930-я гадыАзіраючыся на даўніну, думаю, а ці такі прадуктыўны сённяшні, бліжэйшы да нас па часе Мінск на тэатральныя і кінематаграфічныя “зоркі”?.. Так, не меней, чым на пачатку XX стаго-ддзя! Мяркуйце самі. У 1965 годзе ў Мінску нарадзіўся Дзмітрый Іосіфаў.
Яго дэбют адбыўся ўжо ў 1975 годзе — у кінафільме Леаніда Нячаева “Прыгоды Бураціна”. І перш, чым закончыць агульнаадукацыйную школу, Дзмітрый паспеў зняцца ў кінастужках “Пра Чырвоную Шапачку”, “Капітан Сарві-галава”, “Цяжкая размова”. Пасля — вучоба ў маскоўскім інстытуце кінематаграфіі. Зараз Іосіфаў жыве ў Маскве, працуе як акцёр і як рэжысёр (найперш вядомы ў гэтым плане па фільму “Убойная сіла”). Амаль што з гэтага ж пакалення (нарадзіўся ў 1972 годзе) Эдуард Трухмянёў. Дыплом акцёра ён атрымаў у Беларускай Акадэміі мастацтваў, а працуе, пачынаючы з 1998 года, у Маскве. Спярша — у тэатры Рамана Вікцюка. Выканаў ролю Азазела ў спектаклі “Майстар і Маргарыта”. З 2004 года — у Маскоўскім тэатры юнага гледача. У 1973 годзе ў Мінску нарадзілася актрыса расійскага кіно Аксана Каростнікава (гледачы ведаюць яе яшчэ і па псеўданіму Ульяна Туліна). Выканала галоўныя ролі ў фільмах “Уваход цераз вакно”, “Ціхія омуты”, “Пелена”… Так што, сумненяў ніякіх: Мінск ва ўсе часы быў і застаецца горадам акцёраў, горадам тэатра і кіно. І можа ў нашых гарадскіх экскурсаводаў надарыцца часіна — і яны павядуць гараджан і гасцей сталіцы ў экскурсію па Мінску тэатральнаму і кінематаграфічнаму. Прыпынкі, паверце, давядзецца рабіць не толькі ля Купалаўскага тэатра і кінастудыі “Беларусьфільм”.

Алесь Карлюкевіч
Паштоўкі з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter