Знiчкi Айчыны

Шукальнікаў новых дарог і новых адкрыццяў нямала і сярод ураджэнцаў Гомеля. Вучоныя, мастакі, палітыкі, акцёры, пісьменнікі… Яны не толькі ўзбагацілі радзімую старонку сваімі здабыткамі, але і свету падаравалі шмат новага і да іх нязведанага…
Гомель. Капліца-склеп ля палаца князёў ПаскевічаўШукальнікаў новых дарог і новых адкрыццяў нямала і сярод ураджэнцаў Гомеля. Вучоныя, мастакі, палітыкі, акцёры, пісьменнікі… Яны не толькі ўзбагацілі радзімую старонку сваімі здабыткамі, але і свету падаравалі шмат новага і да іх нязведанага…

У 1888 годзе ў Гомелі нарадзіўся Аляксандр Уклонскі. Пройдуць дзесяцігоддзі — і ў энцыклапедычных фаліянтах яго назавуць выдатным савецкім і узбекскім геолагам, мінеролагам, геахімікам. Вучоным, які ўнёс значны ўклад у даследаванне Сярэдняй Азіі. У 1901 годзе ён разам з бацькамі пераязджае ў Ташкент: Сяргея Уклонскага прызначаюць выкладчыкам ташкенцкай гімназіі. У 1908 годзе Уклонскі–малодшы паступае ў Маскоўскі дзяржаўны універсітэт. Спецыялізацыяй абірае геалогію. Сярод настаўнікаў будучага вучонага — славуты У. Вярнадскі, які да 1912 года загадваў кафедрай мінералогіі. Пасля вучобы Уклонскага пакідаюць ва універсітэце для падрыхтоўкі да прафесарскага звання. У 1920-м, калі савецкі ўрад арганізаваў першы ў Сярэдняй Азіі Туркестанскі універсітэт, Уклонскі едзе ў Ташкент. У Расіі, у Маскве, застаецца жонка з трыма дзецьмі. Як паказаў час, раз’яднанне сям’і адбылося назаўжды… Аляксандр Сяргеевіч стварае ва універсітэце кафедру мінералогіі і мінералагічны музей. На працягу амаль года працуе ў Афганістане кансультантам савецка-афганскай камісіі па пытаннях геалогіі. Адно з буйнейшых тэарэтычных пытанняў, якім займаўся наш суайчыннік, — гэта тэарэтычнае палажэнне пра геахімію вады. Вучоны прапанаваў свой графічны метад адлюстравання характару вады. Распрацаваў таксама метад вызначэння розных варыянтаў генезісу вады, зыходзячы з яе хімічнага складу. За гэтыя працы па рэкамендацыі акадэмікаў У. Вярнадскага і А. Ферсмана Уклонскаму ў 1927 годзе прысвоілі званне прафесара. Аляксандр Сяргеевіч таксама напісаў падручнік “Мінералогія”, які неаднойчы перавыдаваўся. Сярод навуковых здзяйсненняў Уклонскага — і вылучаная ім арыгінальная мінералагічная гіпотэза ўзнікнення Зямлі. Памёр Уклонскі ў Ташкенце ў 1972 годзе. Між іншым, у 1957-м, калі акадэміку было амаль 70 гадоў, у яго нарадзіўся сын.

На постсавецкай прасторы імя ўрача Аляксандра Залманава згадваюць не часта. А між тым асоба нашага земляка (нарадзіўся ў Гомелі ў 1875 годзе, памёр у Парыжы ў студзені 1965 года) проста легендарная, прычым з самых розных пунктаў гледжання. Сёння многія палітыкі, цэлыя каралеўскія сем’і, зоркі шоу-бізнесу лечацца па методыках якраз доктара Залманава. Аляксандр Саламонавіч — стваральнік методыкі скіпідарных ваннаў і вучэння пра капіляратэрапію. У 30 гадоў Залманаў меў ужо тры медыцынскія дыпломы. Адзін атрымаў у Маскве. Два — у Германіі. Урач, у якога за плячыма быў яшчэ і вопыт палітычнага зняволенага (за ўдзел у арганізацыі студэнцкіх хваляванняў), валодаў выключнай здольнасцю ставіць правільны дыягназ. Мог зрабіць гэта, толькі ўважліва паглядзеўшы на хворага. Як правіла, не памыляўся. Пацыенты, каб патрапіць у Расію да Залманава, перасякалі акіяны і межы. У час Першай сусветнай вайны Залманаў атрымаў званне генерала медыцынскай службы і пасаду начальніка санітарных цягнікоў. Адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі нашага земляка запрашаюць на працу ў народны камісарыят аховы здароўя. Праз некаторы час даручаюць кіраўніцтва курортамі краіны. Дзякуючы намаганням Залманава прымаецца закон, які забараняе будаўніцтва заводаў бліжэй як за 15 кіламетраў ад горада. Аляксандра Саламонавіча заўважае правадыр усіх пакрыўджаных і прыгнечаных — і легендарны медык становіцца асабістым доктарам Леніна і Крупскай. У адным з лістоў праз гады Залманаў напіша: “У іх доме не было ліфта. Надзея Канстанцінаўна пакутавала на базедаву хваробу. Сэрца было пашырана, і мне каштавала многіх намаганняў, каб быў зроблены пад’ёмнік, бо падымацца ёй на трэці паверх было вельмі складана. З цяжкасцю ўдалося мне адвезці Крупскую на адзін-адзіны месяц у дзіцячую санаторыю ў Сакольнікі. Пасля доўгіх згадванняў удавалася ўгаварыць Леніна пакатацца ў адкрытым аўтамабілі. Пацыент ён быў надзіва непаслухмяны. Абодва яны — і Ленін, і Крупская — былі не ў стане падоўгу лячыцца…” Аляксандр Саламонавіч у 1921 годзе скрушна выказаўся перад Леніным, што адчувае недахоп медыцынскіх ведаў. Правадыр пасадзейнічаў, каб Залманаў атрымаў пашпарт, неабходныя на дарогу сродкі і месца ў дыпламатычным вагоне. Назад Залманаў ужо не вярнуўся, хаця да канца свайго жыцця заставаўся ў замежжы грамадзянінам СССР.

У Гомелі канца XIX – пачатку XX стагоддзя пачыналіся і перасякаліся жыццёвыя дарогі не толькі вучоных, але і многіх літаратараў. У горадзе на Сажы ў лістападзе 1903 года нарадзілася Яўгенія Журбіна. Ужо ў 1930-я гады яна заявіла пра сябе як адзін з самых уважлівых да мастацка-публіцыстычных жанраў крытыкаў. У 1930-м выдала манаграфію “Фельетон у газеце”. У 1935 годзе Я. Журбіну прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР. У 1950–1970-я гады да чытача прыйшлі такія кнігі ўраджэнкі Гомеля, як “Мастацтва нарыса” (1957), “Мастацтва фельетона” (1965) і інш.

На некалькі гадоў маладзей за Яўгенію Журбіну (нарадзіўся ў 1910 годзе) практык публіцыстычнай нівы Мікола Вішнеўскі. Доўгі час яго нарысы друкаваліся на старонках “Звязды”. І ў час Вялікай Айчыннай Вішнеўскі не пакідае журналістыку: займае пасаду начальніка цягніка-друкарні на Калінінскім фронце, затым служыць у газеце “За свабодную Беларусь”, працуе ў рэдакцыі сатырычнага лістка “Партызанская дубінка”.

Увогуле Гомель пачатку ХХ стагоддзя асабліва багаты на яркія імёны. У студзені 1905 нарадзіўся Леў Шнірэльман, будучы геніяльны матэматык. У “Беларускай энцыклапедыі” яму адведзена ўсяго 26 радкоў. Але і з іх відаць маштаб асобы. Ужо ў 22–24 гады Леў рашае самыя складаныя задачы, у тым ліку — і задачу А. Пуанкарэ аб трох геадэзічных.

Даказвае тэарэму Борсука-Улама (цяпер яна называецца “тэарэмай Борсука-Улама-Шнірэльмана”). Даказвае і тое, што ўсялякі цэлы лік можа быць прадстаўлены ў выглядзе абмежаванай колькасці простых лікаў. У 1933 годзе Шнірэльмана абіраюць членам-карэспандэнтам Акадэміі навук СССР. А ў 1938-м (тады геніяльнаму матэматыку споўнілася толькі 33!) Леў Генрыхавіч завяршае сваё жыццё самагубствам. Яшчэ праз два гады пабачыць свет напісаная ім у сааўтарстве з Л. Люстэрнікам манаграфія “Простыя лікі”.

Гомель літаратурна-мастацкі, Гомель навуковы — доўгая і бязмежная экскурсія па людскіх лёсах і біяграфіях. Цікавая і багатая на адкрыцці, на ўсведамленне прысутнасці гамяльчан, гомельскіх знічак ва ўсім свеце.

Алесь Карлюкевіч.
Паштоўкі з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter