Суполка беларусаў у Тальяці актыўна папаўняецца за лік юных талентаў

З вясной прыходзіць абнаўленне

Суполка беларусаў у Тальяці актыўна папаўняецца за лік юных талентаў

Чытачы “Голасу Радзімы” добра ведаюць, што пры беларускай суполцы ў Тальяці развіваюцца гурты “Купалiнка” і “Зорачкi”. І спецыфіка нашай працы такая, што многія нашы праекты якраз з імі і звязаны. Таму і ўвага да гуртоў — пастаянная. А 5 сакавіка ў малой зале Палаца культуры мастацтва і творчасці гарадской акругі Тальяці прайшоў справаздачны канцэрт моладзевага складу ансамбля беларускай песні “Купалiнка”, а таксама дзіцячага ансамбля “Зорачкi”. Канцэрт называўся “Песні для матулі”. Для маладых удзельнікаў ансамбляў гэта было дэбютнае выступленне на сцэне Палаца культуры. Але ж мы справіліся цудоўна! Святочны канцэрт прайшоў на адным дыханні, весела і дынамічна.


Людміла Дзёміна з артыстамі гуртоў “Купалінка” і “Зорачкі”

Чаму, аднак, пайшла ў нас “перабудова”? Пасля шматлікіх паездак, выступленняў па гарадах Расіі, Беларусі, пасля ўдзелаў у міжнародных фестывалях я выразна зразумела: каб далей ансамблі развіваліся — трэба кардынальна ўсё мяняць... Як вядома, год таму “Купалiнка” адзначала 10-годдзе. Тады ж як заснавальніца і мастацкі кіраўнік гурта прыняла рашэнне: курс трымаем на амаладжэнне, у складзе ансамбля абавязкова павінна быць і моладзь. Каб і галасы маладыя, і вочы гарэлі, і лёгкасць у сцэнічных рухах была… Ну і галоўнае: каб было ў артыстаў жаданне ўвесь час развівацца, нешта шукаць, спяваць новыя песні.

Творчая “база” для абнаўлення была: са складу “Зорачак” у “Купалiнку” перайшлі пасталелыя спявачкі. А восенню 2015-га са школ горада ў гурт прыйшлі старшакласніцы. Нямала папрацавалі, каб атрымаўся дружны калектыў. Былі заняткі па сцэнічнай мове, вучыліся правільна вымаўляць беларускія словы, чыталі тэксты, прывыкалі нават думаць па-беларуску. Карацей, пачыналі з мовы, з моўнай культуры — і гэта стала асноваю для поспехаў. Цяпер сярод удзельніц гурта ярка вылучаюцца новыя салісткі: Вольга Мачалава, Анастасія Крыніцкая, Валерыя Танкова ды Вераніка Нікуліна. Апошняя, дарэчы, у ансамблі ўжо 6 гадоў. За паўгода дзяўчаты развучылі 14 новых беларускіх песень! Мы вучым яшчэ і беларускія вершы: бо выканаўца ж павінен разумець і адчуваць тое, пра што спявае.


Салісткі ансамбля беларускай песні Вольга Мачалава (злева) і Анастасія Крыніцкая

Тым часам і ў ансамблі “Зорачкi” падрастаюць таленты, якія заяўляюць пра сябе. Гэта Марыя Шылкіна, Валерыя Пыціна, дзве Анечкі: Іванцова і Анціпава. Пастаянныя рэпетыцыі даюць плён. У канцэртнай праграме “Песні для матулі” выкарысталі новыя напрацоўкі. Асабліва гледачам спадабаліся песні “Ваня-Ванюша”, “Калода”, “Крапіва-лебяда”, “Балалаечка”, “Сцежачка”, “Зорка”, “Вяснушкі”, “Бацькаўшчына любая мая”. А фінальная песня “Беларусь мая” прагучала так прыгожа і ўзнёсла, што ўся зала вітала артыстаў стоячы! Былі і першыя кветкі стрыечным сёстрам Марыі Шылкінай ды Валерыі Пыцінай. Бачылі б вы іх шчаслівыя вочы! А розгалас пасля канцэрта “Песнi для матулi” па горадзе пайшоў вялікі, бо мясцовае тэлебачанне дні чатыры, прычым тройчы на дзень, сюжэты з канцэрта паказвала.


На Масленіцы ў Тальяці гучалі беларускія песні

У творчых калектываў суполкі “Нёман” цяпер вялікія планы, нацэлены мы на шматлікія канцэртныя праграмы. Пакуль зрабілі першыя крокі. Дарэчы, правялі святочную праграму да Дня абаронцаў Айчыны ў 91-й школе: гэта для некаторых нашых артыстаў быў першы канцэрт на сцэне перад гледачамі. Яшчэ мы хораша святкавалі Масленіцу — спявалі на свежым паветры. Старанна рыхтуемся адсвяткаваць 20-годдзе Саюзнай дзяржавы Беларусі ды Расіі: выступленні запланаваныя на 3 красавіка.

Людміла Дзёміна, кіраўніца суполкі “Нёман”

Голас Радзімы № 11 (3467), чацвер, 31 сакавіка, 2016 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter