З Пагарэльцаў — у тундру, на Ямал

Дырэктар Самбургскай школы-інтэрната Ганна Мураўёва родам з Нясвіжскага раёна Туды, дзе цяжэй… З зямлячкай мы сустрэліся далёка ад Бацькаўшчыны, на знакамітым радовішчамі прыроднага газу паўвостраве Ямал, дакладней — у паселішчы Самбург Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі Цюменьскай вобласці Расіі. Ганна Мураўёва, у дзявоцтве Корсак, расказала, што нарадзілася яна летам 1960-га ў вёсцы Пагарэльцы Нясвіжскага раёна Міншчыны. Ёсць, дарэчы, і такі прыпынак у электрычак, што ідуць з Мінска да Баранавічаў — гэты горад таксама для яе родны. Мама працавала на чыгунцы манцёрам: падрамантуюць участак і пераязджаюць на новае месца. Дзяцінства Ганны прайшло, можна сказаць, на колах. Вучыцца пачала ў школе-інтэрнаце, а як атрымалі кватэру ў Баранавічах ды мама хацела перавесці яе ў школу звычайную, то таленавітую дзяўчынку адміністрацыя проста “не аддала”. Яе пазней абіралі старшынёй савета піянерскай дружыны, сакратаром камсамольскай арганізацыі. Да таго ж Ганна займалася ў гуртках, удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці, з Клубам інтэрнацыянальнай дружбы ездзіла па Савецкім Саюзе, прадстаўляючы на фестывалях Беларусь.
Дырэктар Самбургскай школы-інтэрната Ганна Мураўёва родам з Нясвіжскага раёна

Ганна МураўёваТуды, дзе цяжэй…
З зямлячкай мы сустрэліся далёка ад Бацькаўшчыны, на знакамітым радовішчамі прыроднага газу паўвостраве Ямал, дакладней — у паселішчы Самбург Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі Цюменьскай вобласці Расіі. Ганна Мураўёва, у дзявоцтве Корсак, расказала, што нарадзілася яна летам 1960-га ў вёсцы Пагарэльцы Нясвіжскага раёна Міншчыны. Ёсць, дарэчы, і такі прыпынак у электрычак, што ідуць з Мінска да Баранавічаў — гэты горад таксама для яе родны. Мама працавала на чыгунцы манцёрам: падрамантуюць участак і пераязджаюць на новае месца. Дзяцінства Ганны прайшло, можна сказаць, на колах. Вучыцца пачала ў школе-інтэрнаце, а як атрымалі кватэру ў Баранавічах ды мама хацела перавесці яе ў школу звычайную, то таленавітую дзяўчынку адміністрацыя проста “не аддала”. Яе пазней абіралі старшынёй савета піянерскай дружыны, сакратаром камсамольскай арганізацыі. Да таго ж Ганна займалася ў гуртках, удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці, з Клубам інтэрнацыянальнай дружбы ездзіла па Савецкім Саюзе, прадстаўляючы на фестывалях Беларусь.
Пасля школы Ганна закончыла ў 1981-м хімфак Ленінградскага педінстытута імя Герцэна. Маючы высокія балы, магла і ў Піцеры застацца, але, прызнаецца, душа ірвалася туды, дзе цяжэй. Інстытут меў дамову з Цюменьскай вобласцю, паводле якой штогод дзесяць выпускнікоў накіроўваў на Ямал: Поўначы патрэбны былі кваліфікаваныя кадры. Паглядзела, згадвае, атлас: Крайняя Поўнач, менш аднаго чалавека на квадратны кіламетр, снежнае покрыва дзевяць месяцаў у годзе… І вырашыла: паеду. На развітанне сяброўкі падарылі ёй фігурку ненца-лыжніка ў нацыянальным касцюме і праспявалі папулярную на той час песню “Увезу тебя я в тундру”… Прыехала ў Салехард, сталіцу Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі. Яе ўгаворвалі там і застацца, а ёй хацелася “яшчэ глыбей”. Прапанавалі Самбург, невялікае тундравае сяло пасярод балот. Улетку шлях туды па рацэ Пур, зімой — па зімніку, і рэйсавыя верталёты лятаюць, калі пашанцуе з надвор’ем. У школе займаюцца дзеці ненцаў-аленяводаў і рыбакоў, якіх прывозяць з тундры.

Вучні Самбургскай школы­інтэрнатаАд радасці да поспеху
Дабіралася Ганна ў Самбург на кацеры, а сышла на бераг — так і замерла. Мясцовасць зусім іншая, чым у Беларусі ці ленінградскіх наваколлях. Але чалавек хутка да ўсяго прывыкае… І неўзабаве яна палюбіла някідкую прыгажосць тундры з яе нізкімі дрэўцамі, чароўнымі заходамі сонца. Два месяцы жыла ў будынку школьнага ізалятара разам з вучнямі: успамінала сваё інтэрнацкае дзяцінства. Сталовай у вёсцы не было, таму маладая настаўніца з дапамогай кіпяцільніка варыла яйкі ў алавянай кружцы, з яе ж піла чай ці каву. Потым Ганну падсялілі да жанчыны-заатэхніка: два ложкі з панцырнымі сеткамі ў пакойчыку, стол — вось і ўся мэбля. І яшчэ дзвюх дзяўчат падсялілі… “Нічога, затое весела і цікава было… — успамінае Ганна Мечыславаўна. — Цяжкасці тады нас не палохалі, мы імкнуліся пераадольваць іх годна”.
А ў хуткім часе яна выйшла замуж і стала Мураўёвай. Будучы муж працаваў у саўгасе энергетыкам, яго ведалі як майстра на ўсе рукі, і калі напярэдадні Новага года зламаўся школьны магнітафон, Ганна звярнулася да яго па дапамогу. Так і пазнаёміліся. Аказалася: ён родам з-пад Ленінграда! Яе мама доўга не верыла, што сустрэліся яны толькі на Поўначы, казала: гэта ты да яго паехала. А іх проста звёў лёс.
Яны далей разам уладкоўвалі побыт, адкрывалі ў Самбурзе тэлебачанне: першы перадатчык сабраў Юры, а Ганна вяла тэлепраграмы. З камерай абышлі ўсе наваколлі, здымалі дамашнія відэафільмы. Пазней два іх сыны і дачка таксама ўключыліся ў грамадскае жыццё: выпускалі насценгазеты, фатаграфавалі, пісалі сцэнары ўжо для школьнай тэлестудыі. А ў адпачынак усе абавязкова ехалі ў Беларусь. Так і жылі: насычана, шчасліва і вельмі цікава. А ў 1994-м сям’я перажыла вялікае гора: Юры не стала...
Да таго часу Ганна Мураўёва была завучам школы-інтэрната, а праз два гады яе прызначылі дырэктарам. Так і кіруе школай з таго часу. Яна ганаровы работнік агульнай адукацыі Расіі, у 2012-м ушанавана медалём ордэна “За заслугі перад Айчынай” II ступені, мае званні “Ветэран працы” і “Ветэран Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі”. Калектыў школы пад яе кіраўніцтвам працуе творча, скіраваны на інавацыі. Самбургская школа-інтэрнат уключана ў Федэральны Рэестр “Усерасійская Кніга Пашаны”, у Нацыянальны Рэестр “Вядучыя адукацыйныя ўстановы Расіі — 2009” і Усерасійскую Энцыклапедыю “Адораныя дзеці — будучыня Расіі”. Так што “школа Мураўёвай” добра вядомая ў сістэме адукацыі Ямала і не толькі. Яе навучэнцы станавіліся пераможцамі міжнародных фестываляў, шэрагу конкурсаў і спартыўных чэмпіянатаў. Настаўнікі рыхтуюць дзяцей да жыцця ў экстрэмальных умовах Поўначы, дапамагаюць асвоіць прафесіі аленявода, рыбака, паляўнічага, лесніка, чумработніцы (ёсць і такая!) ці швачкі. У майстэрнях вучаць рабіць нарты для аленевай запрэжкі, начынне для чума, вучні займаюцца разьбой па дрэве і выпальваннем. Дзяўчынкі шыюць нацыянальную вопратку, робяць сувеніры з футра, пацерак і блакітнай самбургскай гліны.

У такіх чумах у тундры жывуць і цяперБацькоўскі дом
Па гэты час Ганна памятае словы прывітання, якімі, як вядучая, адкрывала праграмы канцэртных выступленняў баранавіцкага Клуба інтэрнацыянальнай дружбы: “Ад сцен гераiчнай Брэсцкай крэпасцi i ад краiны зялёных дуброў i блакiтных азёраў мы прывезлi вам шчырае сардэчнае прывiтанне”. Беларускую мову Ганна Мечыславаўна не забывае: калі летась у Самбурзе быў фестываль дружбы піянераў і школьнікаў, то яна чытала на ім вершы Якуба Коласа ў арыгінале.
З падзякай успамінае зямлячка школу, дзе гартаваўся характар, акрэсліваўся лад яе жыцця. Успамінае настаўнікаў: дырэктара Баранавіцкай школы-інтэрната Уладзіміра Васільевіча Усцінава, настаўніка хіміі Уладзіміра Міхайлавіча Шабана, дзякуючы якому і сама стала настаўніцай хіміі — на яго хацела раўняцца. Памятае выхавальніцу Галіну Сямёнаўну Марулевіч, першую настаўніцу Веру Іванаўну Коўтун. Некаторых няма ўжо з намі, але памяць добрая пра іх застаецца. Бо так склалася, што сама Мураўёва больш за 30 гадоў працуе ў падобнай навучальнай установе, не забываючы “беларускія ўрокі чалавечай мудрасці”, якія сама калісьці засвоіла.
У Баранавічы сям’я Мураўёвых з Ямала прыязджала ў адпачынак. І ўсіх траіх сваіх дзяцей Юра і Ганна хрысцілі там у праваслаўным храме. Дарэчы, хоць сваякі мужа і жылі на Украіне і ў Ленінградскай вобласці, Беларусь яму вельмі падабалася. “У Беларусі, на мой погляд, ёсць свой адметны лад жыцця і свой парадак, і ёсць кіраўнік, які выразна ведае, якім павінен быць гэты парадак, пачынаючы з дарог, чыгуначных станцый, крам і вытворчасці, — дзялілася меркаваннямі спадарыня Ганна. — Там маральнае, эканамічнае развіццё ідзе без аглядкі на Заходнюю Еўропу, што заслугоўвае павагі. І жывем мы ў адной Саюзнай дзяржаве. З Баранавічамі, з Беларуссю звязана ўсё самае дарагое майму сэрцу. Там — наш бацькоўскі дом, куды езджу я, мая сястра і нашы дзеці. А цяпер Баранавічы — гэта і месца, дзе жыве памяць пра блізкіх мне людзей: там побач з мамай я пахавала і мужа. І ў гэты горад мне заўсёды хочацца вяртацца”.

Людміла Бакланава, г. Цюмень

На здымках:
Ганна Мураўёва
Вучні Самбургскай школы­інтэрната
У такіх чумах у тундры жывуць і цяпер
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter