Зімы пачатак, а году канец

Снежань у жанчын па традыцыі праходзіў за прадзеннем. Менавіта ў гэты час збіраліся вяскоўцы па хатах, за працай спявалі песні, прыдатныя ў пару посту, расказвалі гісторыі, казкі, загадвалі загадкі. На вячорках не былі без працы і мужчыны: плялі лапці, рабілі кошыкі, рамантавалі сеці ці нешта майстравалі. Моладзь усяму вучылася: і прасці, і спяваць, даведвалася шмат цікавага з гісторыі вёскі і яе жыхароў, што адышлі ў іншы свет. За два тыдні да Каляд ужо спявалі, паўтаралі калядныя песні. Гэта перыяд Піліпаўскага посту, калі не елі скаромнага. Зімой баяліся ваўкоў, якія хадзілі зграямі: у іх у гэту пару воўчыя вяселлі. Таму дзяўчаты звычайна заставаліся начаваць, бо баяліся позна ісці дадому.
Снежань у жанчын па традыцыі праходзіў за прадзеннем. Менавіта ў гэты час збіраліся вяскоўцы па хатах, за працай спявалі песні, прыдатныя ў пару посту, расказвалі гісторыі, казкі, загадвалі загадкі.
На вячорках не былі без працы і мужчыны: плялі лапці, рабілі кошыкі, рамантавалі сеці ці нешта майстравалі. Моладзь усяму вучылася: і прасці, і спяваць, даведвалася шмат цікавага з гісторыі вёскі і яе жыхароў, што адышлі ў іншы свет. За два тыдні да Каляд ужо спявалі, паўтаралі калядныя песні. Гэта перыяд Піліпаўскага посту, калі не елі скаромнага. Зімой баяліся ваўкоў, якія хадзілі зграямі: у іх у гэту пару воўчыя вяселлі. Таму дзяўчаты звычайна заставаліся начаваць, бо баяліся позна ісці дадому.
4 снежня ў каталікоў Барбара — прысвятак, на які частаваліся варэнікамі з макам, мёдам ці каноплямі. Прыказкі пра гэты дзень нагадвалі пра зімовае сонцастаянне: “Барбара ноч урвала, а дзень надтачыла”.
6-га — Матрыхваны, калі забаранялася прасці. Дзяўчаты ў гэты дзень варажылі на суджанага, расчасаўшы валасы і паклаўшы грэбень пад падушку: “Здайся ў сне, з кім я стану ў пары на вясне”.
7 снежня — свята свечкі ў праваслаўных.
9 снежня — Юр’е Зімовы, ці яшчэ: Ягорый, Цуды, Юр’еў дзень. Юрай лічыцца апекуном свойскай і дзікай жывёлы. У гэты дзень ён нібыта выпускае ваўкоў на волю да вясны. Гаспадары ў гэты дзень абразалі хвасты і падстрыгалі грывы коням, даглядалі кароў.
13-га Андросы, ці Андрэй-Варажбіт. Дзяўчаты варажылі, хто будзе суджаны, добрая ці ліхая будзе свякроўка. Льняным або канапляным семем абсыпалі свае ложкі і казалі: “На цябе, святы Андрэю, лён сею! Дай, Божа, знаці, з кім я буду гараваці!” І чакалі, хто прысніцца.
На Навума 14 снежня некалі пачыналі вучыць дзяцей: “Навум наставіць на ум”.
17 снежня Варвара ў праваслаўных: жанчыны не пралі, а варылі і пяклі варэнікі, часам з грэчневай мукі, з макам, мёдам, канаплянай смятанкаю, частавалі сям’ю. На Палессі дзеці хадзілі на варэнікі да сваіх бабуль-пупарэзніц.
Прысвяткі Савы (18), Мікола (зімовы, 19 снежня) і Ганны (22) завяршаюць каляндар. У некаторых вёсках мужчыны праводзілі 19 снежня свята свечкі — Мікольшчыну: свечку, запаленую ў лубку з жытам (у сявеньцы або кошыку) пераносілі з хаты, дзе яна стаяла год, у наступную. Гаспадары частавалі братчыкаў.
25 снежня будзем святкаваць каталіцкае Ражаство, пачатак Каляд, а 31-га і Багатая куцця, Навагодняя ноч.

Рэгіна Гамзовіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter