З калекцыі пераможцаў

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася выстава “Зброя перамогі”. Упершыню ў Беларусі прадстаўлены ўзоры стралковай зброі СССР, Германіі і краін Еўропы перыяду 1891-1945 гадоў.
Поруч з распаўсюджанымі відамі зброі ў экспазіцыі ёсць і рэдкія, эксперыментальныя або зробленыя ў абмежаванай колькасці ўзоры. Яшчэ адна асаблівасць выставы — рарытэтная калекцыя самаробнай партызанскай зброі. Менавіта яна стала асновай першай музейнай экспазіцыі, якая была адкрыта 22 кастрычніка 1944 года ў Мінску ў памяшканні Дома прафсаюзаў на плошчы Свабоды. Асобныя ўзоры такой зброі і сёння з’яўляюцца сапраўднымі творамі зброевага мастацтва і нашым нацыянальным здабыткам.

Аўтар праекта, дырэктар музея Сяргей Азаронак расказаў, што ў спецыяльна створаным інфармацыйным цэнтры ў электронным выглядзе размешчана падрабязная інфармацыя аб выстаўленых узорах зброі, а таксама біяграфіі канструктараў і іншыя цікавыя матэрыялы. Акрамя таго, на выставе знайшлося месца і для некаторых рэдкіх узораў узбраення краін Еўропы — Бельгіі, Чэхіі, Францыі і Вялікабрытаніі.
Варта адзначыць, што на выставе прадстаўлены і рукапісныя партызанскія часопісы, плакаты перыяду Вялікай Айчыннай вайны, вайсковая амуніцыя. Каштоўны падарунак зрабіла музею дачка Героя Савецкага Саюза, генерал-маёра Васіля Каржа Зінаіда Корж. Яна перадала музею асабістыя рэчы бацькі.

— Спадзяюся, што ваенныя дзённікі, узнагароды, гадзіннік, бінокль Васіля Каржа будуць служыць маладому пакаленню напамінам пра жудасныя гады вайны, стануць перасцярогай пры пагрозе, не дай Божа, пачатку новай, — гаварыла на адкрыцці выставы Зінаіда Ва-
сільеўна.

Усе выстаўленыя ў музеі рэчы, трэба сказаць, аказваюць моцнае псіхалагічнае ўздзеянне. Зброя знаходзіцца ў добрым стане, усе механізмы працуюць. Усяго ў экспазіцыю ўвайшло больш за 100 арыгінальных прадметаў зброі, узятых з закрытых фондаў музея. Кожны з іх унікальны — нясе ў сябе частку ваеннай гісторыі.

Уладзімір Дорахаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter