З глыбіняў гісторыі

Больш за дзве тысячы артэфактаў культур розных гістарычных перыядаў знойдзена падчас комплексных археалагічных даследаванняў, якія праводзяцца на месцы будаўніцтва Гродзенскай ГЭС каля вёскі Жылічы Гродзенскага раёна
Археолагі працуюць у мінулых стагоддзяхДарэчы, як расказаў загадчык аддзела археалогіі першабытных супольнасцяў Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вадзім Лакіза, у комплексных археалагічных даследаваннях, акрамя вучоных Акадэміі, прымаюць удзел і студэнты гістарычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта. Першыя раскопкі былі праведзены ў лютым, калі будаўнікі толькі пачалі земляныя работы на выдзеленым пад будаўніцтва ўчастку. Да канца чэрвеня археолагі павінны правесці даследаванні на тэрыторыі памерам 300 квадратных метраў, усяго ж пад іх наглядам знаходзіцца каля тысячы квадратных метраў.

Гэтыя даследаванні дазволяць вучоным прасачыць схему засялення Гродзенскага раёна ад глыбокай старажытнасці да сучаснасці. На ўчастку Жылічы-2 ужо выяўлена стаянка, якая адносіцца да свідэрскай культуры (11 тысяч гадоў назад). Знойдзены артэфакты перыядаў мезаліту, неаліту і пазнейшых эпох. Сярод знаходак ёсць крэмневыя наканечнікі стрэлаў, скрабкі, разцы, а таксама нуклеўсы — круглыя каменныя нарыхтоўкі для вырабу прылад працы. З пазнейшых гістарычных эпох — фрагменты керамікі ляпной і ганчарнай, сярэднявечныя манеты і іншыя рэчы.

Ганна Бандарчук
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter