Юля, Таня ды Паліна

Беларуска-рускае трыа нарадзілася на фестывалі ў АнапеЮныя артысткі Юля і Таня Галавенкі з Гродна, Паліна Бурцава з Самары былі ўдзельніцамі штогадовага фестывалю Саюзнай дзяржавы “Творчасць юных”. Такі форум праходзіў з 19 па 26 жніўня ў горадзе-курорце Анапе, гэта адзін з найбольш важных культурных праектаў Саюзнай дзяржавы. Дзеці з Расіі і Беларусі паказваюць свае таленты, знаёмяцца, адпачываюць. І знаходзяць новых сяброў.
Беларуска-рускае трыа нарадзілася на фестывалі ў Анапе

Такое прыгожае трыа!Юныя артысткі Юля і Таня Галавенкі з Гродна, Паліна Бурцава з Самары былі ўдзельніцамі штогадовага фестывалю Саюзнай дзяржавы “Творчасць юных”. Такі форум праходзіў з 19 па 26 жніўня ў горадзе-курорце Анапе, гэта адзін з найбольш важных культурных праектаў Саюзнай дзяржавы. Дзеці з Расіі і Беларусі паказваюць свае таленты, знаёмяцца, адпачываюць. І знаходзяць новых сяброў.
Займацца музыкай, спевамі Паліна пачала з першага класа, была лаўрэатам, заваёўвала нават Гран-пры ўсерасійскіх і міжнародных конкурсаў. Але памятае і сваю першую перамогу: у 2009-м у Самары стала лаўрэаткай пятага абласнога фестывалю-конкурсу мастацтваў “Беларусь — мая песня!”. Ірына Глуская, прэзідэнт суполкі “Руска-Беларускае Братэрства 2000”, якая штогод ладзіць фэст, згадала, што яшчэ на адборачным этапе журы спадабаўся дзіўны голас Паліны. І з такой любоўю і шчырасцю выканала яна беларускую народную песню “Сеў камарык на дубочак”, што сумненняў не было: талент!
Любоў да беларускага і рускага мастацтва прывяла Паліну на фэст Саюзнай дзяржавы, дзе яна пазнаёмілася і пасябравала з сёстрамі-блізнятамі з Гродна. Юля і Таня Галавенкі вучацца ў Гродзенскай дзіцячай школе мастацтваў імя Антонія Тызенгаўза, яшчэ займаюцца і вакалам у эстраднай студыі “Міленіум” у гарадскім Цэнтры культуры. “Дзяўчынкі так пасябравалі, што развітваліся са слязьмі, — усхвалявана гаворыць Ігар Генадзевіч, тата Паліны. — Арганізатары прапанавалі бліжэй да канца фэсту падрыхтаваць нумар сумесна з беларускімі ўдзельнікамі, і мы ўжо ведалі, што хочам паказаць. Вакалісткі стварылі трыа, душэўна спявалі песню “Дзве сястры — Беларусь і Расія”. Атрымалася вельмі ўдала, сяброўкам выпаў гонар і адкрываць заключны канцэрт.
Паліна Бурцава ахвотна расказвае, што Юля і Таня незвычайна таленавітыя: спяваюць, прафесійна граюць на гітарах. “Мы сябравалі сем’ямі, разам праводзілі вольны час, — цёпла згадвае яна Анапу. — У Дзень нараджэння майго таты дзяўчынкі падрыхтавалі яму незвычайны музычны падарунак: сыгралі сваю “фішку”, мелодыю “Марыё” ў чатыры рукі на адной гітары!” Мама Паліны, Ірына Віктараўна, рада, што ў самарскай спявачкі ўжо ёсць запрашэнне ад беларускіх ўдзельнікаў фестывалю прыехаць у Беларусь. Магчыма, запросяць і таленавітых дзяўчынак з Гродна ў Самару, на штогадовыя абласныя беларускія фестывалі мастацтваў “Адзінства” і “Беларусь — мая песня!”.

Мікалай Бойка

На здымку:
Такое прыгожае трыа!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter