Ёсць падтрымка — будзем працаваць!

Удзельнікі ІІ Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа атрымалі новы імпульс для дзейнасці на карысць Бацькаўшчыны
Удзельнікі ІІ Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа атрымалі новы імпульс для дзейнасці на карысць Бацькаўшчыны


Юліі Руцкай (злева) з Кыргізіі ды Алене Калягінай з Эстоніі ёсць пра што пагаварыць 

Пра пасяджэнне КС мы пісалі ў мінулым нумары. Як вядома, шмат гаварылася там пра ўзаемадзеянне беларускай дзяржавы і дыяспары за мяжой. Актывістаў беларускага руху Міністр замежных спраў Уладзімір Макей, ён жа старшыня КС, ацэньвае так: “Гэта людзі, якія ў свой час з’ехалі з краіны, аднак перажываюць за лёс Радзімы, душой звязаны з ёй назаўжды. Шчыра жадаюць яны дабра Бацькаўшчыне. У любові і пашане да этнічнай радзімы выхоўваюць сваіх дзяцей. Упэўнены, што нам трэба працаваць разам для таго, каб замацоўваўся аўтарытэт краіны, яе дзяржаўнасць”. 

Пад час КС ішла размова пра кірункі ўзаемадзення ў розных сферах: эканоміцы, палітыцы, турызме, гуманітарнай сферы. Прагучала шмат цікавых прапаноў. Міністр паабяцаў, што ўсе яны будуць прааналізаваны, з іх улікам падрыхтуецца план работы на наступны год. І ніводная слушная прапанова не застанецца без увагі. Так што, выказаў меркаванне Міністр, МЗС нездарма ўзяло на сябе ролю каардынатара па рабоце з беларусамі замежжа: “Гэтая ідэя сябе апраўдала. Мы бачым, што наша ўзаемадзеянне прыносіць канкрэтныя вынікі”. 

Мы звярнуліся да непасрэдных удзельнікаў веча дыяспары, беларусаў з розных краін, з пытаннем: якія ўражанні ад сустрэчы ў Міністэрстве замежных спраў? Ім слова.

Базыль Сегень, намеснік старшыні праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства (Польшча):

— Уражанні станоўчыя. Ад прадстаўнікоў МЗС чуем словы падтрымкі. Для нас вельмі важна, што не застаемся па-за ўвагай нашай этнічнай Радзімы, улад Беларусі. Вельмі хвалюючае пытанне: аднаўленне пагаднення аб паступленні на льготных умовах маладых беларусаў, выпускнікоў сярэдніх школ замежжа ў беларускія вну. Прычым, ведаю, Беларусь адкрыта гэтай прапанове. Пытанне ў іншым: каб у Польшчы прызнавалі беларускія дыпломы. Але ж гэтую праблему мы як грамадская арганізацыя самастойна вырашыць не можам. Таму просім, каб дамовіліся пра тое міністэрствы адукацыі з абедзвюх краін. У сваім выступленні я адзначыў і важнасць дзейнасці Культурнага цэнтра Беларусі ў Варшаве. З яго падтрымкай праводзім мноства мерапрыемстваў. 

Сяргей Шабадалаў, кіраўнік ансамбля беларускай песні “Світанак” (Літва, г. Вісагінас): 

— Спадабалася, што пад час пасяджэння дакладна ставіліся задачы. Уразіла, на якім высокім узроўні праходзіў Кансультатыўны савет. Што хвалюе беларусаў Літвы? Хацелася б, каб дзеці этнічных беларусаў, навучэнцы Вільнюскай беларускай гімназіі імя Ф. Скарыны мелі магчымасць адпачываць у беларускіх летніках, часцей прыязджаць сюды на экскурсіі. Вострае пытанне і з уладкаваннем на працу спецыялістаў-атамшчыкаў з зачыненай Ігналінскай АЭС. Многія б хацелі працаваць на атамнай станцыі ў Астраўцы. Я і сам, дарэчы, з задавальненнем пераехаў бы ў Беларусь...

Людміла Аннус, старшыня Беларускай культурнай арганізацыі “Сябры” (Эстонія, г. Нарва):

— Чарговы Кансультатыўны савет па справах беларусаў замежжа пачаўся са зносін удзельнікаў паміж сабой. Мы наведалі Тэатр оперы і балета, пабывалі ў Рагачове на Свяце беларускага пісьменства. Дзякуючы такім нефармальным стасункам і рухаюцца сумесныя справы. Я так уяўляю сабе: у цэнтры круга — МЗС Беларусі, ад яго адыходзяць промні-радыусы да нас, беларускіх суполак у замежжы, а па акружнасці мы й самі павінны мець узаемастасункі. На савеце пачула цікавыя парады, як прыцягнуць у суполку моладзь. Для нас тое актуальна, бо ў нарвскіх “Сябрах” больш тых, каму за 60. І стаіць пытанне: каму перадаваць эстафету беларускасці? Гадоў 8 таму праводзілі мы конкурс сачыненняў сярод школьнікаў “Што я ведаю пра Беларусь”, і лепшыя з іх друкаваліся ў “Голасе Радзімы”. На КС пачула, як у Польшчы праводзяцца песенныя конкурсы для цэлых сем’яў. Вось так моладзь і далучаецца да “плыні беларускасці”.

Любоў Богнат, старшыня Паўладарскага абласнога грамадскага аб’яднання “Культурны цэнтр “Беларусь” (Казахстан, г. Паўладар):

— Вельмі спадабалася праграма сёлетняга Кансультатыўнага савета. Мы наведалі Свята беларускага пісьменства ў Рагачове. Да Гомельшчыны я ўвогуле стаўлюся неабыякава, бо родам з тых мясцін у нашай суполцы Ганна Новікава, Анастасія Скрыпнікава, Марыя Пікіна… Перад маім адлётам у Беларусь яны маляўніча апісвалі свае вёсачкі, палі, рачулкі... Я ўсё тое пабачыла на свае вочы, ад імя беларусаў Казахстана пакланілася роднай зямлі.

Ірына Лявіцкая, старшыня суполкі “Беларускае зямляцтва ў Мюнхене” (Германія):

— Цікава было сустрэцца з беларусамі з розных краін, даведацца, чым яны займаюцца, якія праекты рэалізоўваюць. Гэта людзі захопленыя, улюбёныя ў сваю Радзіму. На КС я прасіла дапамагчы наладзіць транспартныя зносіны паміж поўднем Германіі ды Беларуссю. І тады мы, беларусы Мюнхена, павязем у родныя мясціны нямецкіх турыстаў.

Аляксандр Сапега, старшыня Асацыяцыі беларусаў Швейцарыі:

— Вялікая мая падзяка арганізатарам. Вельмі сур’ёзна ставяцца прадстаўнікі МЗС да сустрэчы з намі, беларусамі замежжа. Сёлета была насычаная культурная праграма. Цікавіла мяне ў першую чаргу справаздача Міністра пра зробленае за год. Пачуў, што праца вядзецца грандыёзная. Уразілі прыклады плённага супрацоўніцтва шэрагу беларускіх Амбасадаў з арганізацыямі суайчыннікаў, асабліва ў Літве і Аргенціне. А калі ёсць такая падтрымка, то будзем і далей разам працаваць на карысць Бацькаўшчыны.

Ганна Мазур, старшыня праўлення Беларускага культурнага руху Малдовы (г. Кішынёў):

— Атрымала сапраўдную асалоду ад сустрэчы з Бацькаўшчынай. Паездка ў Рагачоў была такая цёплая! Па дарозе, у аўтобусе кожны з нас рабіў міні-прэзентацыю пра дзейнасць сваёй суполкі, пра сябе. За тры дні мы сапраўды зрадніліся. Як гаворыцца, і сябе паказалі, і пра іншых даведаліся. 

Ірына Рогава, старшыня Клуба беларуска-расійскага супрацоўніцтва “Белыя Росы” (Расія, г. Санкт-Пецярбург):

— Работа КС была пабудавана такім чынам, што кожны мог выказаць свае прапановы. Ніводную заўвагу, пытанне Уладзімір Макей не пакінуў па-за ўвагай. Напрыклад, мы праводзім цяпер конкурс малюнкаў: якой дзеці Расіі бачаць Беларусь і якой уяўляюць Расію хлопчыкі і дзяўчынкі з Беларусі. Міністр падтрымаў ідэю, паабяцаў дапамагчы з арганізацыяй пляцоўкі для выставы: у Музеі сучаснага мастацтва ў Мінску. Шмат робім і для развіцця эканамічных стасункаў Беларусі ды Расіі. Агучыла, напрыклад: 21 горад атамшчыкаў РФ зацікаўлены ў набыцці беларускай тэхнікі, у тым ліку і трактароў. Прасіла МЗС дапамагчы наладзіць кантакты. Кансультатыўны савет нам неабходны. Вялікі дзякуй Міністру за яго неабыякавасць, дзелавы падыход да правядзення мерапрыемства.

Кацярына Мядзведская

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter