Як справы, дыяспара?

Рэдакцыя выказвае ўдзячнасць супрацоўнікам Беларускага таварыства па сувязях з суайчыннікамі за мяжой “Радзіма” за інфармацыйную падтрымку
“Нёман” — у Данецку...

У Мінску пабываў прадстаўнік Таварыства беларускай культуры “Нёман” з Данецка (Украіна), ураджэнец Мар’інай Горкі Віктар Карняйчук. Ён паведаміў, што суполка, у якой больш за 60 чалавек, рыхтуецца правесці святочную Калядную вечарыну для землякоў – яе арганізуе самы актыўны член таварыства Сафія Пасынкава. Дарэчы, і ў самога Віктара, настаўніка французскай мовы па адукацыі, багаты вопыт арганізацыйнай работы: ён працаваў дырэктарам школы як у Беларусі, так і ў Данецку, цяпер займаецца бізнесам. На сустрэчы з прадстаўніком “Нёмана” ў Беларускім таварыстве па сувязях з суайчыннікамі за мяжой “Радзіма” абмяркоўваліся планы далейшага супрацоўніцтва.

...і ў Тальяці

Назву “Нёман” мае беларуская суполка ў Тальяці (Расія), якой кіруе Леанід Міхаленка. Там, як стала вядома рэдакцыі, нашы землякі таксама ў пераднавагодніх клопатах. У прыватнасці, ансамбль “Купалінка” рыхтуе да святаў новую навагоднюю праграму. Выступленні самадзейных артыстаў запланаваны як у Цэнтры нацыянальнага таварыства, так і на іншых сцэнічных пляцоўках горада над Волгай. Дарэчы, ужо ў студзені кіраўнік ансамбля Людміла Дзёміна збіраецца прыехаць у Мінск — плануе наладзіць творчыя кантакты, пераняць вопыт у аднадумцаў з Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў.

Віншаванні для юбіляраў

Сваё 15-годдзе адсвяткавала Беларускае культурна-асветніцкае таварыства “Уздым” у Даўгаўпілсе (Латвія), якім кіруе Барыс Іваноў. Пра моц і шырокую папулярнасць суполкі сведчыць і той факт, што гасцей свята весялілі артысты знакамітага ансамбля “Харошкі”. Павіншаваць юбіляраў прыязджалі таксама сябры з Беларускага культурнага цэнтра “Крок” літоўскага горада Вісагінаса, іншых беларускіх аб’яднанняў Прыбалтыкі.

У новы год — з новымі песнямі

З горада Белгарад-Днястроўскі (Украіна) прыйшла вестка, што Нацыянальна-культурнае аб’яднанне “Беларусь”, якім кіруе Лілія Цвяткова, сёлета прадоўжыла плённае супрацоўніцтва з гарадскімі ўладамі. У прыватнасці, выступленні самадзейных артыстаў з гэтай суполкі па-сапраўднаму ўпрыгожылі канцэрты Свята горада, якія праводзіліся мэрыяй. Па ініцыятыве беларускай дыяспары на свята быў запрошаны і ансамбль народнай песні “Асалода” з Барысава. На навагодніх канцэртах у Белгарад-Днястроўску абавязкова будуць гучаць і беларускія песні.

Калядныя сустрэчы

Ужо традыцыйна ўдзельнічаюць у святах, якія ладзяцца ў Шальчынінкаі (Літва) гурты з Беларусі. Сёлета, напрыклад, у літоўскіх сяброў пабывалі з канцэртамі мінскія ансамблі “Вербіца”, “Церніца”, “Неруш”, салістка Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І.Жыновіча Ніна Кавалёва. Цёпла сустракалі за мяжой і артыстаў з народнага ансамбля “Тутэйшая шляхта” (мастацкі кіраўнік Лявон Махнач) Беларускага дзяржуніверсітэта. Дарэчы, яны пасля выступленняў у Літве вырашылі правесці дабрачынныя канцэрты і ў касцёлах Мінска. “Калядныя сустрэчы з “Тутэйшай шляхтай” – такую назву мае праект, які ўжо рэалізуецца сумесна з таварыствам “Радзіма”.

Рэдакцыя выказвае ўдзячнасць супрацоўнікам Беларускага таварыства па сувязях з суайчыннікамі за мяжой “Радзіма” за інфармацыйную падтрымку.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter