Вёска любая мая…

Прыгажосць Дукоры засведчыў яшчэ Напалеон Орда
Прыгажосць Дукоры засведчыў яшчэ Напалеон Орда.

Такім убачыў Дукорскі палац Напалеон ОрдаКалі вы яшчэ не бывалі ў вёсцы Дукора, што пад Мінскам, у Пухавіцкім раёне, то раю зрабіць гэта абавязкова. Паселішча славіцца сваёй культурна-гістарычнай спадчынай. Тут, напрыклад, некалі маляваў пейзажы знакаміты Напалеон Орда. А ў савецкія часы чытаў жыхарам свае творы Кандрат Крапіва. Дукорцы ганарацца зямляцтвам са старшынёй Цэнтральнай выканаўчай камісіі (тагачасны ўрад) СССР і БССР Аляксандрам Чарвяковым, з пачынальнікам беларускай савецкай драматургіі Васілём Гарбацэвічам, — яны абодва адсюль родам.
Вёсцы каля пяцісот гадоў. І ніхто не бярэцца дакладна ска-заць, адкуль назва такая — Дукора. Некаторыя даследчыкі расшыфроўваюць яе як “дачка князя”, бо ў балцкіх мовах слова “дукра” азначае “дачка”. Іншыя лічаць, што яна ад лацінскага слова decora — “упрыгожваю”. У розныя часы Дукора належала магнатам Сапегам, Завішам, Агінскім, Манюшкам, Оштарпам, Гартынгам…

Дукорскі палац вызначаўся неверагоднай раскошай. Там была багатая бібліятэка, вялікая калекцыя карцін. У даўні час тут давалі прадстаўленні артысты прыгоннага цырка, іграў аркестр, а потым працаваў нават тэатр. Дукорскі палац-прыгажун застыў на адной з работ Напалеона Орды. Пасля рэвалюцыі ў палацы размясцілася школа. Мая прабабка, Антаніна Падаляк, якой ужо 97-ы год, расказвае: “Хадзіла я ў школу, калі была яна ў былым панскім доме. Гэта быў двухпавярховы палац, вельмі прыгожы, ва ўсіх пакоях столь была распісана незвычайна. У склепе палаца, мы ведалі, стаялі грабніцы, побач — выкаваныя з жалеза кветкі…” Будынак у час вайны ўзарвалі партызаны, бо немцы ператварылі яго ў штаб, у асобных пакоях утрымлівалі і катавалі мясцовых жыхароў. Пасля вайны на месцы палаца пабудавалі Дукорскую школу.

Дукорскай царкве больш за два з паловай стагоддзі. Спачатку гэта быў касцёл, збудаваны ў раманскім стылі, упрыгожаны фрэскамі і вітражамі. Потым яго ператварылі ў царкву, якую ў савецкі час закрылі: там захоўвалася зерне, потым быў вясковы клуб, а пазней гасцініца. Між іншым, старажылы расказваюць, што тыя, хто скідваў з царквы крыжы, мелі непамысны лёс. А адзін нават упаў з купала, як толькі ўзяўся за крыж... Сёння агульнымі намаганнямі дукорцаў царква адрадзілася.

Дукора: старажытная і маладаяДукорскія партызаны — яшчэ адна слаўная старонка гісторыі вёскі. У лёсе Дукоры, між іншым, быццам адбіўся лёс Беларусі: у 1918-м яна была акупавана кайзераўскімі войскамі, а ў 1919–20 гадах — белапалякамі. Пад час польскай інтэрвенцыі ў Дукоры дзейнічаў партызанскі атрад, каля 600 чалавек, пад кіраўніцтвам Андрэя Блажко. Партызаны вялі агітработу сярод сялян, псавалі лініі сувязі, выконвалі іншыя заданні камандавання Чырвонай Арміі. Потым быў данос правакатара, шматлікія арышты у канцы красавіка 1920 года, і 11 найбольш актыўных партызан польскія карнікі расстралялі ва ўрочышчы Пушча. Маёй другой прабабцы, Алене Шлапак, ужо нябожчыцы, тады было 11 гадоў. Яна добра помніла, як партызанаў вялі на расстрэл: «Гэта было цёплым сонечным ранкам, калі цвілі сады, і птушкі так спявалі-заліваліся — нібыта галасілі. А яны, маладыя, прыгожыя хлопцы, праходзілі збітыя-знясіленыя свой апошні шлях». Палякі не падпускалі нікога блізка, але падлеткі, якія пасвілі коней, залезлі на дрэвы, усё бачылі. І ўсім расказалі… Яшчэ 30 партызан былі сасланыя ў польскія турмы, дзе пяцёра з іх загінула.

Цяпер на тым месцы ў лесе стаіць Помнік імя 16 партызан. Мясцовыя жыхары яго даглядаюць. Дукорскім партызанам прысвечана і п’еса мясцовага настаўніка Васіля Савіча Гарбацэвіча «Чырвоныя кветкі Беларусі». Дарэчы, менавіта тутэйшыя падзеі сталі асновай і п’есы Кандрата Крапівы «Партызаны». Старажылы расказваюць, што ў канцы 30-х Кандрат Кандратавіч прыязджаў у Дукору, чытаў мясцовым жыхарам сваю п’есу. Доўгі час і мясцовы калгас насіў імя 16 партызан.

Сёння Дукора — вялікая вёска са статусам аграгарадка, дзе больш тысячы двароў. Тут жывуць не толькі беларусы, але і ўкраінцы, расіяне, узбекі. Прычым расце колькасць жыхароў: нараджаюцца дзеці, прыязджаюць у Дукору жыць людзі нават з іншых краін і гарадоў. На вуліцах вёскі я заўсёды бачу падлеткаў. У Дукорскім клубе днём працуюць гурткі па харэаграфіі, музыцы, маляванні, ёсць спартыўныя секцыі. А ўвечары паказваюць фільмы, прычым зала такая вялікая — не горш, чым у гарадскіх кінатэатрах.

І ў мясцовую школу штогод прыбываюць маладыя настаўнікі, якім вучні заўсёды рады. Карацей, жыве Дукора цікавым жыццём.

Уладзімір Падаляк
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter