Вяртанне з забыцця

На Пастаўшчыне завяршыўся год мастака Альфрэда Ромера
Асвяшчэнне дошкі ў гонар А.РомераНа Пастаўшчыне завяршыўся год мастака Альфрэда Ромера.

Ён быў прадстаўніком старажытнага нямецкага дваранскага роду. Многія Ромеры жылі ў ХІХ стагоддзі на беларускіх і літоўскіх землях, пусцілі тут глыбокія карэнні, унеслі значны ўклад у мясцовую культуру і таму ўспрымаліся, як свае. Аднак праходзіў час, змяняліся ўлады — і сляды, пакінутыя гэтымі асветнікамі, сціраліся з памяці.

Яшчэ гадоў пяць назад мы, парафіяне Камайскага касцёла, пабудаванага ў 1603—1606 гадах, нават не падазравалі, што выдатны мастак, скульптар, этнограф, культурны і грамадскі дзеяч, удзельнік паўстання супраць царскіх уладаў і палітычны ссыльны Альфрэд Ромер (1832—1897) жыў і памёр у суседнім з Камаямі Каралінове, што ў нашым касцёле вісіць яго слынны абраз “Хрыстос і сірата” — адзін з двух яго твораў, якія захаваліся ў Беларусі (у Пінску знаходзіцца “Мадонна ў промні”). Астатнія яго палотны і гравюры трапілі ў музеі Варшавы, Кракава, Вільні. Многа намаганняў для ўзнаўлення памяці пра напаўзабытага майстра зрабіў мінскі мастак Алесь Цыркуноў, які часта ў нас бывае. Дзякуючы яго старанням імя Альфрэда Ромера было прысвоена Пастаўскай дзіцячай мастацкай школе, а сядзібе ў Каралінове прыдадзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

І вось па ініцыятыве камайскага ксяндза Яцэка Хутмана сёлетні год, калі споўніліся круглыя даты з дня нараджэння і смерці нашага земляка, быў абвешчаны годам памяці Альфрэда Ромера. Спачатку — у парафіі, а потым ініцыятыва распаўсюдзілася на ўвесь раён і нават шырэй. Газета “Голас Радзімы” пісала ўжо пра вечар, прысвечаны мастаку, які адбыўся вясной у Мінску, у Доме-музеі Валянціна Ваньковіча. У Каралінова і Камаі прыязджаў нават міністр культуры Германіі. У розных ракурсах ён фатаграфаваў абраз “Хрыстос і сірата”, даў яму высокую ацэнку як твору мастацтва.

А ў адну з лістападаўскіх нядзеляў касцёл у Камаях запоўнілі вернікі і госці. Сярод іх былі прадстаўнікі мясцовых і раённых уладаў. Старшыня грамадскай Рады па ўшанаванню памяці А. Ромера Алесь Цыркуноў гаварыў аб тым, што трэба аднавіць сядзібу ў Каралінове, стварыць там музей і ўжо цяпер пачаць у наваколлі збіранне старых рэчаў, якія могуць стаць экспанатамі. Пастаўскі паэт Аркадзь Нафрановіч прадэкламаваў свой верш, прысвечаны мастаку. Аптымістычна прагучаў апошні радок: “Ягонай зорцы век гарэць на беларускім небасхіле”. Было абвешчана, што адна з новых вуліц Камаяў (сёння гэта аграгарадок) названа імем Ромера.

Кульмінацыяй жа ўрачыстасці стала асвячэнне мемарыяльнай дошкі ў гонар Альфрэда Ромера.

Генуэфа Дубіловіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter