Вяртанне ў маладосць

Таццяна Папагеоргіу і Сафія Элефтэрыядзі больш чым праз дваццаць гадоў прывезлі з Грэцыі ў Беларусь сваю вялікую любоў і глыбокую ўдзячнасцьУ Грэцыі, як кажуць, усё ёсць… Нават прыўладныя людзі з беларускімі родавымі каранямі (маю на ўвазе прэм’ер-міністра Георгіаса Папандрэу — пра гэта ўжо газета пісала год назад) і сябры нашай краіны з ліку былых выпускнікоў беларускіх вну: ім выпала доля парадніцца з Беларуссю ў студэнцкія гады. Тыя адукацыйныя і, што вельмі важна, чалавечыя кантакты ладзіліся ў савецкі час. А Таццяна Папагеоргіу і Сафія Элефтэрыядзі, якія сёлета гасцявалі ў Беларусі, з гордасцю гавораць: мы былі ў Мінскім медінстытуце першымі студэнткамі з Грэцыі.
Таццяна Папагеоргіу і Сафія Элефтэрыядзі больш чым праз дваццаць гадоў прывезлі з Грэцыі ў Беларусь сваю вялікую любоў і глыбокую ўдзячнасць
Таццяна (злева) і Сафія памятаюць слова Радзіма...У Грэцыі, як кажуць, усё ёсць… Нават прыўладныя людзі з беларускімі родавымі каранямі (маю на ўвазе прэм’ер-міністра Георгіаса Папандрэу — пра гэта ўжо газета пісала год назад) і сябры нашай краіны з ліку былых выпускнікоў беларускіх вну: ім выпала доля парадніцца з Беларуссю ў студэнцкія гады. Тыя адукацыйныя і, што вельмі важна, чалавечыя кантакты ладзіліся ў савецкі час. А Таццяна Папагеоргіу і Сафія Элефтэрыядзі, якія сёлета гасцявалі ў Беларусі, з гордасцю гавораць: мы былі ў Мінскім медінстытуце першымі студэнткамі з Грэцыі.
Не можа не ўражваць, што яны заўсёды памяталі наша слова Радзіма... З яго, дарэчы, для Таццяны ў 1982-м, а праз пару гадоў і для Сафіі пачыналася студэнцтва. На пачатку 80-х была дасягнута дамоўленасць паміж СССР і Грэцыяй аб навучанні маладых грэкаў у нашых вну. “Калі ехала, то прыблізна толькі ведала, дзе гэта Мінск, — на цудоўнай рускай мове расказвала Таццяна пад час сустрэчы ў таварыстве “Радзіма”. — Прыехалі з Грэцыі, дні два пабылі ў Маскве, і нас праз усесаюзнае таварыства “Родина” накіравалі сюды. Проста пасадзілі ў цягнік, а ў Мінску нас сустрэў на пероне сам дэкан лячэбнага факультэта. І з таго часу я не проста не шкадую — я дзякую нават Богу, што тут была...”
Таццяна стала і першай замежнай студэнткай, якая закончыла Мінскі медінстытут з чырвоным дыпломам. Ёй лёгка давалася руская мова, бо нарадзілася ў СССР: бацькі жылі тады ў Ташкенце. “Яе мову нават нам, беларускім студэнтам, часам у прыклад ставілі! — гаварыла пазней па тэлефоне сяброўка Таццяны, урач-ардынатар са Слуцка Рэгіна Філатава. — Але найбольш кранала мяне і ў гады студэнцтва, і пад час нядаўняй сустрэчы яе вялікая душэўнасць. Яна, пэўна, анікога за ўсё жыццё не пакрыўдзіла! Мы доўгі час, як раз’ехаліся ў 88-м, перазвоньваліся, потым згубіліся, зноў знайшліся…” Рэгіна Антонаўна прызнаецца: і ў яе самой, і ў грэчаскай сяброўкі страхі былі перад сустрэчай — можа, чалавек змяніўся, і такога, як раней, кантакту не атрымаецца? Ды апасенні аказаліся марнымі — іх даўняя дружба не заржавела, і зладзіліся вельмі эмацыйныя сустрэчы і з Мінскам, і з родным студэнцкім 5-м інтэрнатам на вуліцы Сямашкі, і з аднакурснікамі... Гасцявала Таццяна і ў Слуцку. А кранальныя, даверлівыя размовы “за жыццё” вяліся аж да раніцы — нагаварыцца не маглі! Таццяна прызнавалася: урэшце выплывалі словы, якія даўно забыліся. Часам, праўда, узнікалі “спачатку грэчаскія, потым англійскія, французскія і ўрэшце рускія — вось такія барьеры”. Ды не перашкода гэта для сэрцаў, адкрытых адно другому насустрач.
Атрымаўшы дыплом, Таццяна Папагеоргіу вярнулася ў Грэцыю і там яшчэ шэсць гадоў “спецыяльнасць атрымлівала”, два гады працавала і на астравах, у сельскай мясцовасці ўрачом агульнай практыкі. Прычым займалася “ўсімі хваробамі ад нізу да верху”, адно што не стаматалогіяй. Цяпер у яе — уласная дыягнастычная лабараторыя ў Афінах, вельмі добра абсталяваная і аўтарытэтная ва ўрачэбным супольніцтве, муж, дачка Крысціна, якая рыхтуецца працаваць разам з маці і вучыцца на клінічнага псіхолага. Між іншым, як лічыць Таццяна, 90 працэнтаў яе поспехаў у працы, кар’еры маюць надзейны падмурак, закладзены ў Мінску: “Нас вельмі добра навучылі. Тут я ўзяла ўсю аснову прафесіі, прычым не толькі самі веды. Наш прафесар казаў: аніякія падручнікі не змогуць замяніць асабістага кантакту ўрача з пацыентам. Залатыя словы! Іх справядлівасць я адчуваю асабліва таму, што часта прыходзіцца працаваць з дзецьмі”.
Зрэшты, у Беларусі Таццяна не проста вучылася: на нашай зямлі засталася частка яе сэрца. Ёй душэўнасць і гасціннасць беларусаў помняцца, і мінская "альма-матэр" па гэты час сніцца, па-мацярынску цёпла згадваецца. У думках яна, прызналася, праз усе гэтыя 22 гады “была тут, нібы і не з`язджала”. Якраз у інтэрнаце медуніверсітэта яны з Сафіяй і спыняліся ў Мінску — не ў гатэлі і не ў сяброў. “Яна захаплялася тым, як папрыгажэў Мінск, колькі тут дрэваў і кветак, называла яго горад-лес, — гаварыла Рэгіна Філатава. — Вялікае захапленне выклікаў у Таццяны і наш Вялікі тэатр оперы і балета, мы глядзелі спектакль “Рамэа і Джульета”. У Грэцыі, гаворыць, такія цудоўныя відовішчы даступныя не ўсім”.
А дапамаглі грачанкам вярнуцца ў маладосць супрацоўнікі таварыства “Радзіма”.

Іван Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter