Вяртанне да вытокаў

У невялічкай вёсцы Міхалкі, што ў Бярозаўскім раёне Брэстчыны, з’явіўся свой музей— Заходзьце… Калі ласка! — запрашае мяне гаспадыня Вера Іванаўна Захарава ў хату. І папярэджвае: — Говорым токі по-нашому. По-сельскому. Так повэлося тут. “По-нашому” ( а ў нашых мясцінах, як вядома, адметны паляшуцкі дыялект) у мяне не надта атрымліваецца. Хоць і спрабую. Вера Іванаўна ўслед за мною пераключаецца на рускую мову. Так і разважаем, па-руску, пра тое, што палеская мова амаль як украінская. Мала чым адрозніваецца. Сакавітая. Не трасянка зусім, калі хто думае. Мова! І назва адметнага музея, калі называць яго па-паляшуцку, ці по-нашому, о так і будэ: “Хата деда Хвэдора”.
У невялічкай вёсцы Міхалкі, што ў Бярозаўскім раёне Брэстчыны, з’явіўся свой музей

Вера Іванаўна з кроснамі— Заходзьце… Калі ласка! — запрашае мяне гаспадыня Вера Іванаўна Захарава ў хату. І папярэджвае: — Говорым токі по-нашому. По-сельскому. Так повэлося тут.
“По-нашому” ( а ў нашых мясцінах, як вядома, адметны паляшуцкі дыялект) у мяне не надта атрымліваецца. Хоць і спрабую. Вера Іванаўна ўслед за мною пераключаецца на рускую мову. Так і разважаем, па-руску, пра тое, што палеская мова амаль як украінская. Мала чым адрозніваецца. Сакавітая. Не трасянка зусім, калі хто думае. Мова! І назва адметнага музея, калі называць яго па-паляшуцку, ці по-нашому, о так і будэ: “Хата деда Хвэдора”.

Вера Іванаўна Захарава сустракае гасцей на дзедавым падвор’іТры краіны — адзін лёс
Вера Іванаўна — чалавек трох краін. У лёсе пераблытаны-перакліканы Беларусь, Расія і Украіна. Вёска Міхалкі значыцца як месца нараджэння. Расія дала каханне і спадарожніка жыцця. А Україна — грамадзянства і ўтульны дом. Аднак нездарма ж кажуць, што дрэвы дзяцінства — самыя высокія, рэкі — самыя шырокія, сцежкі — самыя доўгія, а вясковая хата — самая ўтульная. Тут пахла бабулінымі пірагамі, малаком і… скураным абуткам, успамінае Вера Іванаўна. Дзед Фёдар (Хвэдор па-вясковаму) Зялёнка рамантаваў абутак.
Добра памятаю, як да дзеда абутак той прыносілі. Сядзелі, размаўлялі. Ніхто нікуды не спяшаўся, асабліва зімой. Дзед тым часам за маленькім столікам з шуфлядкамі стукаў малатком пад газоўкай і таксама прымаў удзел у размове. Майстраваў дзед толькі ў вольны ад працы час, бо была вялікай яго гаспадарка.
Атрымаўшы ў Гомелі дыплом Беларускага інстытута інжынераў чыганачнага транспарту, Вера Іванаўна працавала ў Куйбышаўскім аддзяленні чыгункі. Там выйшла замуж. І пераехала на месца працы мужа — у Прыпяць. Пад сумна вядомы Чарнобыль… Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС сям’і прапанавалі жыллё ў Кіеве. Дзе яны і дагэтуль. Працуюць Вера і яе муж у сістэме сувязі.
Кожны год Вера Захарава з мужам Валерам (і таксама ўсе сёстры Веры Іванаўны з блізкімі) прыязджаюць у Міхалкі. Быццам бы на адпачынак. На справе ж — працаваць! Высаджваць бульбу на бацькоўскіх градках, што побач з хатай дзеда. Любавацца цюльпанамі. Навядуць парадак ды ў вольны час праводзяць экскурсіі па ўласным музеі.

Хата деда Хвэдора цяпер стала музеемЦі быць хаце музеем?
Хата заможнага селяніна Хвэдора Зялёнкі ды яго жонкі Еўдакіі, ці Овдоські, як кажуць у Міхалках, заўжды была поўнай людзей. У госці заходзілі, па справах, на вячоркі. Ды і Бог шчодра адарыў продкаў Веры Іванаўны дзецьмі. Таму гісторыя хаты — частка гісторыі моцнага роду. У хаце дзеда Хвэдора нарадзіліся і выраслі дзве дачкі: Ганна і Надзея. Ганна выйшла замуж у суседнія Пешкі, а Надзея стала жонкай аднавяскоўца Івана Юдчыца. Ён пайшоў да Надзеі ў прымакі, а жылі яны ў хаце Хвэдора Захаравіча. Тут раслі яго дзяўчаты: Тамара, Наталля, Марыя і Вера (якая і запрасіла мяне ў хату), пакуль сваю хату зяць Іван побач не паставіў.
Музей узнік, з аднаго боку — знянацку, з другога — была гэта ідэя не адной хвіліны. Боркаўскі сельсавет паставіў пытанне: ці залічым хату ў лік старых, потым знясем, ці што рабіце самі. Нездарма казалі нашы продкі, што хаце, як засталася без гаспадароў, горш, чым сіраце. Але ці заўжды пустое жытло — пакінутае? Сабраліся чатыры сястры, паглядзелі, колькі ў дзедавай хаце ўсяго-ўсялякага з іх дзяцінства. Пачалі ўспамінаць:
Як дзед Хвэдор вельмі любіў унукаў, а было іх восем дзяўчынак і двое хлопцаў.
Як насіў дзяцей на пагершках…
Як курыў самасад. Баба тытунь садзіла, ён сушыў, рэзаў і курыў тое зелле праз піпку-муштук.
Як дзед хаваў грошы ад бабы ў сундук, які адчыняць забаранялася.
Як садзіўся за стол есці, і баба Овдоська яму падавала з печы гарачае. Суп фасолевы любіў, ці боршч з кіслай капусты, а яшчэ зацірку на малацэ…
Што была ў дзеда маленькая слабасць: гульня ў карты на грошы. Кожную суботу, увечары, дзед кідаў справы, мыўся ў балеі, галіўся, надзяваў свой шэры кортавы касцюм і — у вёску гуляць у карты…
О, колькі тут было ўсяго! У гэтай хаце. А, найгалоўнае, — любові. Да дзяцей, да людзей, да гаспадаркі, да працы. Да жыцця.
З’явіўся ж музей дзякуючы Веры Іванаўне перш-наперш. Бо яна ўзяла ініцыятыву ў свае рукі. Вяскоўцы з ахвотаю дзяліліся экспанатамі. Здымалі з гарышча лён, даставалі з шафы ручнікі, неслі ходнікі, збаночкі ды кошыкі. Сярод экспанатаў ёсць нават вясковае партманэ! Яно зроблена з бяросты. Для каго, цікава, і хто рарытэт змайстраваў?

Гаспадарскія прылады збіралі па ўсёй вёсцыТак выглядае сядзіба, што стала музейнайПрыгадаць мінулае
Сёння гэты вясковы музей, на мой погляд, адзіны ў сваім родзе. Яго нельга назваць адно што музеем сельскага побыту ці этнаграфічным. З аднаго боку, ён сямейны, уласны. Хата палешука, які быў майстра, гаспадар. Уласнік. Бо меў не толькі добра зладжанае жыллё, але і вялікую гаспадарку. У Хвэдора Зялёнкі была свая зямля: чатыры гектары поля, два — лесу, а яшчэ балотца з сажалкаю ды сенакос. Конь Орлік, 4 каровы, бычок, 20 авечак, 5-6 свіней…
І даў Усявышні дзеду ўдзячных унучак, як паказала жыццё.
Калі далей разважаць, то, з другога боку, музей — агульны. Міхалкаўскі. Экспанаты ж збіралі ўсей вёскай. Ды і ўспаміны таксама.
Вера Іванаўна дадае: “І бабіна “бобовыне” сёе-тое ёсць — напрыклад, фасолевыя кусцікі, закінутыя на вышкі клуні. Тут і дзедавы інструменты, і нават сундук, у які нікому дзед не дазваляў заглядваць, — да ўсяго сёння можна дакрануцца любому госцю. Калі няма гаспадароў, аднавяскоўцы-міхалкаўцы адчыняць сенцы ў музей. Так што, як кажуць: прыязджайце, калі ласка!”
А гэта ўжо гаворыць Марыя Іванаўна, якая разам с сястрою і яе мужам Валерам ладзілі мне экскурсію: “Уся наша сям’я ўдзячна кіраўніцтву сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Боркаўскі” і Боркаўскаму сельсавету — за дапамогу пры даглядзе за хатай і дваром. Дзякуем і настаўнікам Боркаўскай школы — за тое, што яны прывіваюць любоў да нашага мінулага, да нашай гісторыі”.

Гаспадыня каля печыАдкуль вы будзеце?
“Хто ў музеі бывае?” — пытаюся. Вера Іванаўна бярэ сшытак, своеасаблівую Кнігу водгукаў. Беларуская там мова, руская, англійская, польская… Давайце і мы туды заглянем.
Былі родзічы з вёсак Бярозаўшчыны: Левашкоў, Малечы, Пешак, Міхалак, Борак, Лясковічаў, Шлях-Пушчы, Сігневічаў. А таксама з Бярозы, Кобрына, Маларыты, Брэста. З Кіева, Санкт-Пецярбурга, Хабараўска. І нават з Амерыкі, дзе жывуць дзве ўнучкі “деда Хвэдора”. Збіраюцца аднавяскоўцы. Прыходзяць школьнікі.
Дарэчы, музей — не толькі адна хата, але і клуня. Там пабачыць можна шмат чаго, знаёмага селяніну. Вера Іванаўна да слова ўспомніла, што пры расчыстцы клуні пад старой саломай знайшлі яны калёсы да конскага ваза і збрую. О, дзед быў прыжымісты, і вельмі перажываў, калі каня Орліка забралі ў калгас...

А цяпер можна і прасці павучыццаВяртацца трэба дадому
Вера Іванаўна адмыкае дзверы дзедавай клуні.
Ужо даўно не мыкае тут карова, не рэжуць салому сячкарняй, не малоцяць снапы ручнымі цапамі. А клуня пабудавана добрая, моцная — на вякі. 35 гадоў няма дзеда, а дух яго, вялікага гаспадара прысутнічае тут. Як быццам бы ўчора толькі ён зачыніў дзверы…
На жаль, не кожны з нас можа сказаць: я ведаю гісторыю свайго роду хаця б да трэцяга калена. А гэтая вялікая сям’я з каранямі ў Міхалках — ведае. Як і гісторыю вёскі, адкуль паходзяць продкі.
Седзячы за сталом пад яблыняй на двары Івана Юдчыца, які таксама сышоў з жыцця, як і ягоны цесць Хвэдор Зялёнка, гледзячы на хату “деда Хвэдора”, што амаль стагоддзе зберагае ў сабе нашы традыцыі, легенды, мы з Верай Іванаўнай пра многае гаварылі-разважалі. Аб вёсцы беларускай сучаснай, аб нашым жыцці-быцці, аб тым, хто мы ёсць на самай справе і за каго імкнемся выдаваць сябе. Прыйшлі да высновы: каб захаваць шчасце — ім патрэбна ўмець дзяліцца.
Добра вандраваць, добра пабачыць свет. Але! Давайце сабе не хлусіць: лепш, чым дома, нідзе нам не будзе. І таму вяртацца трэба дадому, да сваіх каранёў. Хоць зрэдку, хоць улетку, хоць у думках…
А вы як лічыце, дарагія мае землякі з замежжа?

Валянціна Казловіч

На здымках:
Вера Іванаўна з кроснамі
Вера Іванаўна Захарава сустракае гасцей на дзедавым падвор’і
Хата деда Хвэдора цяпер стала музеем
Так выглядае сядзіба, што стала музейнай
Гаспадарскія прылады збіралі па ўсёй вёсцы
Гаспадыня каля печы
А цяпер можна і прасці павучыцца
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter