Вобраз роднага дома

Праект міжнароднай праграмы “Супрацоўніцтва дзеля рэабілітацыі” рэалізаваны ў Чачэрску.
Праект міжнароднай праграмы “Супрацоўніцтва дзеля рэабілітацыі” рэалізаваны ў Чачэрску.

У мясцовым гісторыка-этнаграфічным музеі зроблена экспазіцыя “Рэха Чарнобыля”, якая распавядае пра трагічныя наступствы катастрофы на ЧАЭС для раёна і яго жыхароў. Цэнтральным экспанатам стаў вобраз пакінутага дома. Але гэта не разбуранае збудаванне з пустымі вокнамі. Аўтары экспазіцыі паспрабавалі адлюстраваць той цёплы, утульны і родны вобраз дома, які назаўсёды застаўся ў памяці жыхароў “згубленых вёсак”. Сцены дома ўпрыгожваюць малюнкі-выцінанкі, што надае своеасаблівы каларыт успрыманню вобраза. Акружаюць яго работы мясцовых мастакоў, якія паказваюць рэалістычныя пейзажы пакінутых вёсак Чачэрскага раёна.

Удзельнікі праекта стварылі і перадалі ў шаснаццаць сельскіх бібліятэк інфармацыйна-гістарычны зборнік “Адселеныя, але не забытыя”. Сама экспазіцыя, куды ўваходзяць іконы, прадметы побыту і этнаграфіі, паказана ў сямі вёсках. Большая частка экспанатаў сабрана падчас выязных экспедыцый у адселеныя вёскі. Мэта міжнароднай чарнобыльскай праграмы “Супрацоўніцтва дзеля рэабілітацыі” — аднаўленне, рэабілітацыя і ўстойлівае развіццё раёнаў Беларусі, якія найбольш пацярпелі ад аварыі. Пры гэтым акцэнт робіцца на актыўны ўдзел у мерапрыемствах мясцовых жыхароў.

Ірына Цімохіна
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter