Вядомыя песні савецкага часу цяпер гучаць і па-беларуску

Вершы душу саграваюць

Іван Іванаў

Вядомыя песні савецкага часу цяпер гучаць і па-беларуску


Спачатку — трохі прыгожых вершаў. “Блакітам нябёсаў асенніх,/ Паветрам празрыстага дня/ Лятуць пералётныя птушкі/ Цяплейшае сонца дагнаць./ А я на зямлі застаюся/ Чакаць маразы і снягі —/ У роднай сваёй Беларусі,/Дзе кожны куток дарагі”. Здагадаліся? Пагадзіцеся, кранае за жывое, асабліва калі вы жывяце ўдалечыні ад Бацькаўшчыны. Гэта перастварэнне на беларускую мову — а перастварэнне ёсць не проста даслоўны, а творчы, па-новаму пададзены тэкст — песні Міхаіла Ісакоўскага на музыку Мацвея Блантара “Летят перелётные птицы”. Вернасць роднай зямлі, даверлівая інтанацыя, гармонія мінора з мажорам — усё гэта зрабіла твор, напісаны ў 1948 годзе, папулярным і любімым сярод савецкіх людзей.

У восеньскіх вясковых фарбах шмат паэзіі
У восеньскіх вясковых фарбах шмат паэзіі

А таленавіты бард, паэт Алесь Камоцкі з пазіцый нашага часу перастварыў вя­до­мы твор, і ён загучаў па-беларуску. Тэкст лёгка знайсці ў інтэрнэце — пад назвай “Птушкі”. Ён “мае разгорнуты мастацка-паэтычны малюнак, напоўнены бела­рускімі дэта­лямі і каларытам”, звяр­тае ўвагу адзін з верша- і музыказнаўцаў. І дадае, што ў назве “Птушкі” адлюстраваны не толькі адлёт птушак у вырай, а найперш “пазначана наша, людское існаванне між двума Сусветамі, і ў зямным быцці мы мусім трымацца годна, суладна, з любоўю...” Увогуле ж, варта дадаць, Алесь Камоцкі актыўна перастварае на беларускую мову не толькі рускія і савецкія песні, але і японскія, італьянскія. Тэксты некаторых з іх ёсць і ў інтэрнэце, і ў паэтычным зборніку “Глыбіня дажджу”. Аўтар, варта дадаць, ахвотна ладзіць музычныя сустрэчы, у тым ліку і ў замежжы, выступае з канцэртамі ўласных твораў.

Ну ці ж не прыгожа спяваць такое! Так што як будзе агортваць вас увосень халодная туга — можаце паспрабаваць лячыць яе вось такімі цёплымі словамі тонкага лірыка-патрыёта Алеся Камоцкага ў рытме вядомых радкоў Ісакоўскага: “Калі яшчэ вернуцца гусі,/ Калі яшчэ прыйдзе вясна.../ Да печы пакуль прытулюся,/ Зірну на падворак з вакна./ Цяплее пятля снегавею,/ Што вывесіў студзень на тын./ Ці ж гэтак душу мне сагрэюць/ Спякотныя сонцы чужын”...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter