Верхнядзвiнскi «архiпелаг»

Як вядома, у сярэдзiне лiпеня Прэзiдэнт краiны Аляксандр Лукашэнка пабываў з рабочым вiзiтам у Вiцебску, iншых гарадах i населеных пунктах беларускай поўначы. У прыватнасцi, на Верхнядзвiншчыне кiраўнiк дзяржавы асаблiва ўважлiва знаёмiўся з развiццём сацыяльнай iнфраструктуры, будаўнiцтвам жылля на вёсцы, рэфармiраваннем прадпрыемстваў сiстэмы аграпрамысловага комплексу, вёў жывыя дыялогi з насельнiцтвам.
Цяпер самы час асэнсаваць вынiкi тых сустрэч, адзначыць найбольш цiкавыя адрасы вопыту i перспектывы яго распаўсюджвання на iншыя рэгiёны. Яшчэ да вiзiту кiраўнiка дзяржавы на Верхнядзвiншчыну я сабраў шмат iнфармацыi аб тутэйшым феномене ў жывёлагадоўлi. Валавы надой малака за папярэднi год у грамадскiм сектары самы лепшы ў вобласцi: ад каровы ў сярэднiм атрымана 3151 кiлаграм малака. Прывагi на адкорме буйной рагатай жывёлы i ў зiмовы час даходзiлi да паўкiлаграма ў суткi. Найперш паспрыялi росту прадуктыўнасцi грамадскага статка нават у суровы зiмовы час грунтоўная рэканструкцыя i ўцяпленне жывёлагадоўчых памяшканняў, замена старога абсталявання на новае i больш сучаснае. Прыемна здзiўляе i тое, што пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў раёне дасягнула 32,5 тысячы галоў: 105 працэнтаў узроўню папярэдняга года. Як гэта вам падабаецца? А шмат жа ў якiх раёнах пагалоўе грамадскага статка з года ў год скарачаецца. Пацiкавiўся справамi ў свiнагадоўлi. Таксама iстотны рост пагалоўя. Рэалiзацыя i сабекошт вытворчасцi знаходзяцца пад неаслабным кантролем мясцовай улады. А яшчэ паўсюдна ўкараняюцца энергазберагаючыя тэхналогii. Затраты электраэнергii на тысячу адзiнак умоўна вырабляемай прадукцыi склалi 0,33 кiлавата. Для параўнання: у 2000 годзе — 1,21 кiлавата. Раўненне на «Шайтэрава». А цяпер можна ўзгадаць найбольш значныя моманты знаходжання Аляксандра Лукашэнкi ў сельгаскааператыве «Шайтэрава», дзе яму паказалi нармальную мадэль нармальнага вясковага жыцця. Мадэль даступная для ўсiх i рэкамендуецца ўсiм. Здаровая сацыяльная iнфраструктура. Гарадскiя атрыбуты i рысы трэцяга тысячагоддзя спалучаюцца з традыцыямi многiх вякоў i пакаленняў. Але пераважае вясковы ўклад. I гэта – нармальна. Дакладней – у Шайтэраве дзейнiчаюць сярэдняя школа, дзiцячы сад-яслi, Дом культуры, бiблiятэка, урачэбная амбулаторыя з дзённым стацыянарам i ўрачом агульнай практыкi, два магазiны, дом бытавых паслуг, дзеючы водаправод, добрыя дарогi i транспартнае забеспячэнне. Амаль суцэльная тэлефанiзацыя ў жылым пасёлку на 225 пабудоў. У такiх вёсак ёсць будучыня. Прэзiдэнт ухвалiў такi накiрунак развiцця сельгаспрадпрыемства «Шайтэрава» i даў наказ не спыняцца на дасягнутым. Што i робiцца рэальна. Ужо сёлета ў Шайтэраве ў адпаведнасцi з рэспублiканскай праграмай завяршаецца ўзвядзенне чарговага дзесятка дамоў сядзiбнага тыпу. Дарэчы, у раёне вясковы жылы фонд сёлета папоўнiцца амаль на сотню такiх сядзiб. Гэта правiльны i разумна абгрунтаваны курс: двух-, трохпакаёвыя дамы практычна з усiмi бытавымi выгодамi – водаправодам, ацяпленнем на мясцовых вiдах палiва, комплексам прысядзiбных забудоў – лазняй, памяшканнямi для дамашняй жывёлы i птушкi, iншымi атрыбутамi сялянскага ўжытку. Для бюджэту такое моцнае вясковае гняздо абыходзiцца ў межах 18 тысяч умоўных адзiнак. Затое ёсць гарантыя, што на жывым котлiшчы пойдуць i маладыя парасткi. Не секчы сук, на якiм сядзiш. Ёсць падстава нагадаць, што непасрэдна праз Верхнядзвiнск i па ўзбярэжжы яго ваколiц праходзiла ў пачатку сёлетняга лета патрыятычная экспедыцыя газеты «Рэспублiка» i тэлеканала АНТ «Освобождение: Победа. Память. Патриотизм». Свядома не стану засяроджваць на гэтым увагу, бо шмат цiкавага аб нашым падарожжы па рацэ Заходняя Дзвiна было апублiкавана на старонках газеты i паказана па Нацыянальным тэлебачаннi. У тым лiку верхнядзвiнскiя старонкi патрыятычнай i прыродаахоўнай эпапеi. Мiж iншым, не менш важнай часткай экспедыцыi сталi i экалагiчныя пытаннi: удзельнiкi воднага падарожжа вывучалi стан басейна Заходняй Дзвiны, яе прыбярэжжа, ахову раслiннага i жывёльнага свету, ажыццяўлялi кантроль за выкананнем Дырэктывы Прэзiдэнта «Аб мерах па ўмацаваннi грамадскай бяспекi i дысцыплiны». Зразумела, што такая адказная акцыя не абмяжоўваецца нейкiмi бар’ерамi ў часе i прасторы. Што пацвярджаецца новымi падзеямi. Якраз пасля нашага падарожжа па Заходняй Дзвiне ў Верхнядзвiнску эколагi Вiцебскай вобласцi з удзелам Мiнiстэрства прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя правялi практычны семiнар-вучобу па ахове раслiннага i жывёльнага свету. Адзначана стваральная дзейнасць калектыву дэндрапарку Верхнядзвiнскага лясгаса. Больш чым за два дзесяцiгоддзi ў iм прыжылiся дзве сотнi з гакам папуляцый i вiдаў кустоў i дрэў. У тым лiку надзвычай рэдкiя. Паркавая зона няспынна пашыраецца. У ёй створаны гадавальнiк для азелянення Верхнядзвiнска i iншых населеных пунктаў раёна. Вельмi наватарскi падыход да навядзення чысцiнi i парадку, у добрым сэнсе «еўрапеiзацыi» рэгiёна, выказаў старшыня райвыканкома Iосiф Палачанiн: — Мы паставiлi мэтай рашуча пазбаўляцца ад агароджаў i штыкетнiкаў. Замест iх у жылых забудовах паўсюдна з’явяцца жывыя зялёныя насаджэннi. Летась Верхнядзвiнскi раён стаў пераможцай конкурсу-агляду сярод малых гарадоў Беларусi. Прэмiю за гэта мы скарысталi на памнажэнне зялёных агароджаў... Навядзенне парадку на зямлi i вадзе верхнядзвiнцамi пакiнула добрыя ўражаннi як у абласных эколагаў, так i ў мiнiстра прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя Лявонцiя Харужыка. Па культуры выканання прыродаахоўных мерапрыемстваў, арганiзацыi азелянення раён наблiзiўся ўжо да сталiчных мерак i патрабаванняў. I гэта азначае, што мы не станем ставiць кропку ў летапiсе цудоўнага Верхнядзвiнскага краю, яго працалюбiвых людзей. Тут яшчэ нямала сакрэтаў i адрасоў перадавога вопыту, якiм не сорамна падзялiцца з iншымi калегамi i рэгiёнамi.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter