Пятае пасяджэнне Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа

Веча дыяспары: працяг будзе

У Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа з’явіцца новы куратар
Іван Ждановіч

У Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа з’явіцца новы куратар

Пачнем з самага важнага. Адной з галоўных на Пятым пасяджэнні Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа была навіна пра далейшы статус самога савета, які яшчэ называюць Вечам дыяспары. Як вядома, ідэя стварыць структуру ў свой час выспявала ў апараце Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. І яго кіраўнік Леанід Гуляка, улічваючы пажаданні аўтарытэтных актывістаў беларускіх суполак замежжа, даў, як кажуць, ход працэсу. З часам у сілу розных абставін Веча перамясцілася “пад крыло” Міністэрства культуры —  там больш супрацоўнікаў, магчымасцяў для працы ў замежным кірунку. Найбольш актыўна цяпер кантактуе як з членамі савета, так і з іншымі беларускімі суполкамі замежжа створаны пры міністэрстве Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур.

vecha.png

Міністру культуры Барысу Святлову суайчыннікі ўручалі самыя розныя падарункі


Дарэчы, кіраўнік цэнтра Міхаіл Рыбакоў раней плённа папрацаваў і ў апараце Упаўнаважанага. І таксама з дыяспарай. Для яго такія клопаты —  не ў навіну. І сёлета Міхаіл Леанідавіч з паплечнікамі непасрэдна рыхтаваў як правядзенне Другога фэсту мастацтваў беларусаў свету, так і прымеркаванае да свята чарговае пасяджэнне Веча дыяспары. Ён жа з прадстаўніцай міністэрства Наталляй Задзяркоўскай — начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці —  і намеснікам Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Уладзімірам Ламекам вёў рэй на прэс-канферэнцыі напярэдадні падзей. І вось —  навіна: Веча дыяспары ў хуткім часе зноў зменіць свайго куратара. Ім стане Міністэрства замежных спраў —  у адпаведнасці з нядаўна прынятым і днямі ўступіўшым у сілу Законам “Аб беларусах замежжа”.

Гэтыя нюансы выпісваю з мэтай: каб усе ведалі, куды звяртацца, адладжваючы кантакты з афіцыйнымі структурамі ў Беларусі. А колькасць тых кантактаў, дарэчы, штогод павялічваецца. Пра тое гаварыў і кіраўнік Кансультатыўнага савета, Міністр культуры Барыс Святлоў. Ён зрабіў ёмкую справаздачу: што робіцца дзяржавай дзеля наладжвання ўзаемадзеяння з суайчыннікамі за мяжой, як улічаны іх ранейшыя прапановы. Нагадаю, што цяпер прынята Саўмінам і рэалізуецца вялікая Дзяржаўная праграма на 2013-15 гады “Беларусы ў свеце”. Заключаны шэраг міжурадавых пагадненняў пра ўзаемную абарону правоў суайчыннікаў з Азербайджанам, Арменіяй, Казахстанам, а раней і з Малдовай. Удзельнікі Веча дыяспары ўносілі прапанову: каб прадстаўнікі беларускіх дэлегацый пад час афіцыйных візітаў сустракаліся з актывістамі дыяспары —  і гэта робіцца ў Літве, Латвіі, Расіі, Малдове, Эстоніі ды іншых краінах. Актыўна пашыраюцца кантакты суайчыннікаў з Бацькаўшчынай дзякуючы праекту “Адміністрацыйны рэгіён Беларусі —  арганізацыя суайчыннікаў за мяжой”. У розных гарадах, краінах адкрываюцца і ўжо дзейнічаюць Беларускія інфармацыйна-культурныя цэнтры, дзяржава дапамагае там беларускім суполкам адкрываць офісы. Па розных каналах, у тым ліку і дзякуючы дамовам аб супрацоўніцтве, пабрацімству гарадоў да працы з беларускай дыяспарай далучаны шэраг міністэрстваў, абласныя, раённыя і гарадскія выканаўчыя камітэты.

Зрэшты, пра тое мы шмат пішам і ў газеце “Голас Радзімы”, экзэмпляры якой рассылаюцца ў беларускія суполкі 14 краін. Любоў Богнат, кіраўніца этнакультурнага аб’яднання “Беларусь” з казахстанскага Паўладара, казала: дзякуючы газеце мы ведаем пра найбольш важныя навіны з жыцця беларусаў замежжа. Нешта з таго досведу пераймаем, і самі дасылаем тэксты ў газету. Дзякуй за супрацоўніцтва, Любоў Іванаўна!

vecha2.png

На Кансультыўным савеце слова мае Алег Рудакоў з Іркуцка


Важным момантам Веча дыяспары стала ўручэнне Міністру культуры Барысу Святлову энцыклапедычнага даведніка “Сузор’е беларускага памежжа”. Міністр падзякаваў за працу, якую шмат гадоў вядуць прафесар Адам Мальдзіс і яго паплечнікі —  створана База дадзеных пра вядомых беларусаў замежжа, іх суполкі, творчыя гурты. На аснове тых матэрыялаў і рыхтавалася, амаль 10 гадоў, выданне. Том уручыў Міністру Ігар Чакалаў-Шыдлоўскі, кіраўнік выдавецтва “Энцыклапедыкс”, у якім кніга пабачыла свет.

Займаецца выдавецкай дзейнасцю і Нацыянальна-культурная аўтаномія “Беларусы Масквы”, рэалізуюць кніжныя і газетныя праекты Саюз беларусаў Латвіі, Іркуцкае таварыства беларускай культуры (Алег Рудакоў падарыў у рэдакцыю на Вечы дыспары ўжо 135-ы нумар бюлетэня-газеты “Маланка”) ды іншыя.

Расказаць пра ўсё, што гаварылася на двухгадзінным пасяджэнні Веча дыяспары, немагчыма. Радуе: усе канструктыўныя прапановы, што прагучалі, будуць, як і раней тое было, узяты “на аловак”. Іх абавязкова разгледзяць спецыялісты з розных міністэрстваў, прааналізуюць, улічаць у далейшай рабоце. А колькі цікавых, арыгінальных падарункаў атрымаў з рук суайчыннікаў Міністр Барыс Святлоў —  ну амаль як вядомы тэлевядучы Леанід Якубовіч пад час гульні “Поле цудаў”! Падарылі яму і цюбецейку з Казахстана, і арыгінальныя грошы з Вентспілса, манеты з Прыднястроўя, прыгожы барэльеф з Латвіі… А яшчэ мастацкую карціну з Малдовы — Юры Статкевіч, сваю новую кнігу — пісьменнік і лідар расійскіх беларусаў Валеры Казакоў. І куды, даўно ўжо ўзнікае пытанне, усе гэтыя ды іншыя скарбы дзяваць? Кабінет міністра яўна цеснаваты… Вядома ж, патрэбен музей. І агучана была цікавая ідэя стварэння “Усебеларускага дома” —  магчыма, і ў ранейшым будынку Музея Вялікай Айчыннай вайны. Пра тое падрабязна напісаў напярэдадні Веча ў газеце “Советская Белоруссия“ за 10 верасня Адам Мальдзіс пад інтрыгуючым, але цалкам “рэальным” загалоўкам “Беларусь i Сусвет”? А почему бы и нет?”.

Заклікаў землякоў уваходзіць у Міжнародную канфедэрацыю беларускіх суполак замежжа яе кіраўнік з літоўскага Вісагінаса Алег Давідзюк —  там жа знаходзіцца і штаб-кватэра канфедэрацыі. Выказаўшы гордасць за тое, што менавіта Беларусь садзейнічае ўсталяванню міру ва Украіне, выступіў з прапановай правесці шырокі грамадзянскі форум “Славянскі дыялог” Сяргей Кандыбовіч з Масквы. Ён мяркуе: гэта можа быць буйное, міратворчае па духу мерапрыемства з удзелам аўтарытэтных прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі Беларусі, Украіны і Расіі. Выказаўся за тое, каб больш актыўна развіваць сувязі на ўсіх узроўнях паміж гарадамі-пабрацімамі і рэгіёнамі, што маюць Дамовы аб супрацоўніцтве, Уладзімір Шугля з Цюмені. Спартыўныя, ветэранскія, школьныя, студэнцкія, творчыя суполкі —  яны ж таксама, лічыць Ганаровы консул, могуць сябраваць на карысць абодвум народам. Ён нагадаў і пра важныя сумесныя беларуска-расійскія праекты да 70-годдзя Вызвалення  Беларусі, якія будуць мець працяг.

А як жа з новым статусам Кансультатыўнага савета, пра які ішла размова на пачатку артыкула? Былі прапановы зберагчы і сённяшні, пры Мінкультуры — паводле закону “Аб беларусах замежжа” і такое магчыма. Тым больш, што бальшыня кантактаў дзяржавы з дыяспарай маюць “культурны характар”. Аднак не сакрэт: гэтым патэнцыял беларускіх суполак замежжа далёка не вычэрпваецца, і “пад дахам МЗС”, магчыма, ён раскрыецца больш поўна. Таму Валянціна Піскунова з Рыгі і прапанавала арганізаваць у бліжэйшы час, калі толькі закладваюцца асновы новай структуры, сустрэчу лідараў беларускіх суполак замежжа з прадстаўнікамі Міністэрства замежных спраў. Прадстаўнік міністэрства —  а быў гэта Сяргей Лукашэвіч, саветнік Упраўлення глабальнай палітыкі і гуманітарнага супрацоўніцтва Галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі —  выказаўся дыпламатычна, але канкрэтна: “Мы заўсёды будзем наладжваць плённае супрацоўніцтва з усімі, хто гатовы будаваць яго разам з намі”.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter