Вандраванне з натхненнем

З мадоннамі беларускага мастака знаёмяцца ў Эстоніі
З мадоннамі беларускага мастака знаёмяцца ў Эстоніі.

У Музеі Эдуарда Вільдэ ў Таліне праходзіла выстава Аляксея Кузьміча. З больш чым сямісот напісаных своеасаблівых ікон, на якіх намаляваны жаночыя вобразы, ён прывёз у эстонскую сталіцу 25. Большасць — мадонны, якія плачуць. Па сцвярджэнні мастацтвазнаўцаў, такія мадонны ўпершыню ў сусветнай гісторыі выяўленчага мастацтва з’явіліся менавіта на палотнах Аляксея Кузьміча.

Карціны мастака з’яўляюцца своеасаблівым гімнам жанчыне, маці, у вачах якіх можна прачытаць каханне, радасць і смутак, мацярынства і страту, яркія агеньчыкі і слёзы, глыбокую мудрасць і нязломную сілу.
“Маю вялікае задавальненне ад таго, што ў першы ж дзень выставы ў госці да маіх мадоннаў прыйшло столькі розных людзей — дыпламаты, бізнесмены, студэнты, школьнікі”, — сказаў Аляксей Кузьміч.

Выстава суседнічала з палотнамі талінскага мастака Анатоля Страхава, які таксама піша мадоннаў, таму абедзве экспазіцыі былі аб’яднаны адной назвай — “Пасланне любові”.

Выстава Аляксея Кузьміча, якую дапамагло наладзіць Генеральнае консульства Беларусі, была “гаспадыняй” у Музеі Эдуарда Вільдэ, а затым пераехала ў сталічную карцінную галерэю. Пасля гэтага мадонны адправяцца “падарожнічаць” па ўсёй Эстоніі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter