Усё пра Радзівілаў

Ствараецца адзіны інфармацыйны цэнтр вывучэння спадчыны знакамітага роду
Ствараецца адзіны інфармацыйны цэнтр вывучэння спадчыны знакамітага роду.

І такія рарытэты з кнігазбору Радзівілаў  стануць больш даступныміДамоўленасць аб стварэнні гэтага інфармацыйнага цэнтра дасягнута на сустрэчы архіўных і бібліятэчных спецыялістаў з Беларусі, Германіі, Фінляндыі, Польшчы, Расіі, Украіны і Літвы. Усе названыя краіны прадставяць у лічбавым выглядзе дакументы і кнігі, якія належалі сямейству Радзівілаў. Плануецца сабраць разам унікальны архіўны матэрыял, багатыя звесткі аб гістарычнай спадчыне Радзівілаў.

Цяпер кнігі і архіўныя дакументы Радзівілаў захоўваюцца ў Мінску, Маскве, Санкт-Пецярбургу, Варшаве, Вільнюсе, Хельсінкі. Рэалізацыя праекта на міжнародным узроўні дазволіць кансалідаваць намаганні арганізацый — трымальнікаў дакументальнай спадчыны Радзівілаў.
Як лічыць экскурсавод Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” Сяргей Чысцякоў, стварэнне адзінага інфармацыйнага цэнтра вывучэння спадчыны Радзівілаў дазволіць забяспечыць вольны доступ міжнароднай навуковай супольнасці і шырокай грамадскасці да каштоўных дакументаў, перанесеных на лічбавыя носьбіты, атрымаць максімум інфармацыі, выкарыстаць унікальныя матэрыялы для напісання навуковых работ.

Архіў роду Радзівілаў — адзін з самых буйных збораў дакументаў па гісторыі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, паколькі на працягу многіх стагоддзяў магнацкі род Радзі-вілаў іграў прыкметную ролю ў палітычным, сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі і іншых краін Еўропы, знаходзіўся ў роднасных адносінах са шматлікімі арыстакратычнымі фаміліямі еўрапейскіх дзяржаў.

Сямейства Радзівілаў для Сярэдняй Еўропы сыграла тую ж ролю, што для Заходняй — Медычы, Вісконці. Радзівілы ўвайшлі ў гісторыю не толькі вялікай уладай і багаццем, якімі яны валодалі, але і сваім апякунствам над культурай і мастацтвам.

Андрэй Гусін
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter