Мінскі музычны гурт правёў незвычайны ўрок для ліцэістаў

Урок з родных мелодый

Мінскі музычны гурт правёў незвычайны ўрок для ліцэістаў

Дзмітрый Наркевіч


Хачу расказаць па цікавую ініцы­ятыву мінскага гурта Re1ikt. Што артысты выступаюць на розных сцэнах — тым не здзівіш. А вы чулі, каб які гурт даў “урок з родных мелодый” для суайчыннікаў у замежжы? Можна браць у прыклад мінскіх музыкаў. Напрыканцы кастрычніка яны выступілі перад ліцэістамі ў Цэнтры адукацыі і прамоцыі беларускай культуры “Szczyty” ў вёсцы Шчыты-Дзянцёлава ў Польшчы, пад Беластокам.

Музыканты гурта Re1ikt выступаюць у Цэнтры адукацыі і прамоцыі беларускай культуры “Szczyty”
Музыканты гурта Re1ikt выступаюць у Цэнтры адукацыі і прамоцыі беларускай культуры “Szczyty”

Незвычайны адкрыты ўрок адбыўся ў плыні штогадовага фэсту “Jesień Bardów” (“Бардаўская восень”), які праходзіць у Падляскім ваяводстве. Гурт Re1ikt граў спецыяльна для навучэнцаў ліцэя горада Бельск-Падляскі ды мясцовых жыхароў. Музыкі падарылі слухачам, сярод якіх шмат суродзічаў-беларусаў, свае найлепшыя песні ў акустычнай версіі.

Гэтая мінская каманда, варта заўважыць, ужо гадоў пяць рэгулярна выступае на розных сцэнічных пляцоўках Польшчы. За гэты час у музыкаў Re1iktu назбіралася шмат гісторый, якімі яны ахвотна дзяліліся са слухачамі. Ідэю зладзіць адкрыты ўрок з гуртом прапанаваў старшыня аб’яднання “Szczyty” Ігар Лукашук. Ён расказаў: “Канцэрт-сустрэча з моладдзю праводзіцца, каб неяк скараціць дыстанцыю паміж выканаўцамі й публікай. Мы запрашалі навучэнцаў Бельскага ліцэю, каб пазнаёміць іх з сучаснай беларускай музыкай, зацікавіць ёю. Маладзёны атрымалі ўнікальную магчымасць не толькі прыехаць і паслухаць канцэрт, але і распытаць артыстаў пра тое, што іх цікавіць”.

Лідар групы Re1ikt Аляксандр Дземідзенка нагадаў, што гурт выйграў Гран-пры фэсту “Jesień Bardów” у 2009 годзе, і з таго часу мінчане штогод ездзяць у якасці гасцей, граюць на розных пляцоўках Падляшша. “Нам вельмі цікава граць перад незнаёмай публікай, наладжваць з ёю кантакт, знаходзіць агульныя тэмы”, — адзначыў Аляксандр.

Серыя канцэртаў фэсту “Jesień Bardów” праводзіцца ў гарадах і вёсках Падляскага ваяводства Польшчы з 1993 года. На іх выступіла шмат вядомых беларускіх аўтараў-выканаўцаў і гуртоў у акустычным фармаце. У межах фэсту праводзіцца і конкурс сярод маладых выканаўцаў.

Тое, што Re1ikt заваяваў Гран-пры фэсту “Jesień Bardów-2009”, прадвызначыла ягоны шлях у творчасці. То быў першы беларускамоўны выступ гурта. Поспех акрыліў артыстаў, яны пачалі складаць песні і даваць канцэрты выключна на беларускай мове, хоць каманда змяніла стылістыку з гранжу на фолк-рок. Геаграфія выступаў Re1iktu пашырылася коштам шматлікіх гарадоў Польшчы, Літвы, Украіны, Расіі. Мінскія музыкі перамагалі на міжнародных конкурсах-фэстах: Rockowisko, Wsсhodni Horyzont ды іншых. Таксама і афіцыйная дыскаграфія гурта папоўнілася двума CD- і DVD-рэлізамі.

У хуткім часе сольны канцэрт гурта Re1ikt пройдзе і ў Мінску. Увогуле артысты адкрыты да шырокага супрацоўніцтва з беларускімі суполкамі замежжа ў розных краінах, па прынцыпе: песні нашы — сцэны вашы.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter