Унікальны экалагічны калідор

Заказнік рэспубліканскага значэння “Прастыр” прызнаны часткай трансмежнай Рамсарскай тэрыторыі ў Палескім рэгіёне “Стаход-Прыпяць-Прастыр”
Заказнік рэспубліканскага значэння “Прастыр” прызнаны часткай трансмежнай Рамсарскай тэрыторыі ў Палескім рэгіёне “Стаход-Прыпяць-Прастыр”.

Заказнік “Прастыр” размешчаны побач з рэгіянальным нацыянальным паркам Украіны і аднайменным Рамсарскім угоддзем “Прыпяць-Стаход”. Сумесна яны ўяўляюць з сябе адзін з буйнейшых у Еўропе комплекаў поймавых лугоў і балотаў. Гэта — буйны рэзерват біялагічнай разнастайнасці водна-балотных відаў раслін і жывёл. Да таго ж названыя прыродныя аб’екты — важны міждзяржаўны экалагічны калідор адзінай еўрапейскай экалагічнай сеткі.

Каб зберагчы унікальныя экасістэмы заказніка “Прастыр” і каардынаваць прыродаахоўную дзейнасць Беларусі і Украіны, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі і Міністэрства аховы навакольнага прыроднага асяроддзя Украіны звярнуліся ў Сакратарыят Рамсарскай канвенцыі з прапановай: стварыць трансмежныя водна-балотныя ўгоддзі “Стаход-Прыпяць-Прастыр”. І гэтая прапанова была падтрымана.

Даведка ГР. Канвенцыя аб водна-балотных угоддзях, якія маюць міжнароднае значэнне ў якасці месцапражыванняў вадаплаўных птушак (Рамсарская канвенцыя), была падпісана 2 лютага 1971 года ў іранскім горадзе Рамсар. Беларусь далучылася да дакумента ў 1999 годзе. Цяпер бакамі дамовы з’яўляюцца 157 краін. У Рамсарскі спіс уключана больш за 1700 водна-балотных угоддзяў па ўсім свеце.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter