Уменне дбаць пра свае вытокі

Як справы, дыяспара?[i]На старонках “Голасу Радзімы” мы распачынаем новую рубрыку. У кожным нумары будзем пісаць аб тым, як жывуць сёння беларускія суполкі за мяжой, якія падзеі там адбываюцца. А пачынаем з навін пра Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага. [/i]
Больш за 100 гадоў прайшло з тых часоў, калі беларускія сяляне пачалі асвойваць сібірскія землі. Пераязджалі туды нават вёскамі, якія, дарэчы, існуюць і сёння.

Па выніках экспедыцый, што ладзіць кожны год Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага, толькі ў Тулынскім раёне Іркуцкай вобласці былі выяўлены 124 такія вёскі, заснаваныя ў пачатку мінулага стагоддзя. І ў кожнай цяперашнія іх жыхары добра памятаюць аб сваім паходжанні. Тут і песні спяваюць беларускія, і старадаўнія нацыянальныя святы адзначаюць, і ўвогуле гаворка засталася беларуская.

— У нашай арганізацыі — каля 50 тысяч беларусаў, — расказваў мне па тэлефоне старшыня Іркуцкага таварыства беларускай культуры Алег Рудакоў. — Нават нашчадкі першых перасяленцаў (а гэта ўжо чацвёртае пакаленне) ведаюць родную мову. Паміж сабой мы гаворым толькі па-беларуску.

Прыемна было пачуць, што па ўсёй вобласці — у прыватнасці, у вёсках Тургенеўка і Тарнопаль, горадзе Брацку — дзейнічаюць аддзяленні таварыства. Ініцыятыўныя групы створаны ў вёсцы Чарчэт і горадзе Марыінску, а ў Тулынскім, Тайшэцкім, Заларэцкім раёнах адкрыліся філіялы таварыства. Захоўваць атмасферу беларускасці ў асяроддзі нашчадкаў былых перасяленцаў дапамагаюць у вобласці Гісторыка-этнаграфічны музей, музей-майстэрня “Беларуская хатка”, бібліятэка. Увогуле, пастаянная праца вядзецца па вывучэнню жыцця беларускай дыяспары ў Сібіры: збіраюцца матэрыялы, праводзяцца этнаграфічныя экспедыцыі і навуковыя канферэнцыі.

— Штогод у канцы мая ў Іркуцку праходзіць Тыдзень беларускай культуры, — гаворыць Алег Васільевіч. — Сёлета мы асобна спыніліся на тэме народных рамёстваў — арганізавалі выставу “Беларускае рамяство жыве ў Прыбайкаллі”. Прадставілі работы майстроў з усіх рэгіёнаў. Былі на ёй і выцінанкі, і абярэгі, і вырабы з бяросты, і сэнсавая вышыўка. Умельцы праводзілі майстар-класы. А жадаючых навучыцца было шмат.

Алег Рудакоў узнёсла і разам з тым неяк будзёна гаварыў аб тым, што ўсё гэта не дзіўна — хлопцы і дзяўчаты ў таварыстве пастаянна цікавяцца, як жылі іх продкі, чым займаліся, з задавальненнем пераймаюць навыкі быцця, якімі валодаюць іх бабулі і матулі. Дарэчы, маладзёжны клуб “Крывічы”, што створаны пры таварыстве, адзначае літаральна ўсе нацыянальныя святы — Купалле, Каляды, Дзяды — па старадаўніх абрадах і запрашае на іх дарослых. Часта ладзіць нацыянальныя дыскатэкі, дзе гучаць родныя песні, многія выконваюцца пад баян. Вось і на Тыдні беларускай культуры мелі месца Беларускія вячоркі.

— На вечары адпачынку праводзіліся конкурсы, гульні. Дзяўчаты танчылі народныя танцы — Лявоніху, польку беларускую. Лепшай танцоўшчыцай абралі сёлета Марыю Пятрушка, якая родам з горада Баранавічы, — абавязкова прасіў адзначыць Алег Васільевіч. — Шмат конкурсаў сёлета ладзілі для дзяцей. Выбіралі лепшыя малюнкі, на якіх малыя адлюстроўвалі свае ўяўленні аб Беларусі, і сачыненні на тэму “Мой радавод”. Для дзяцей і дарослых упершыню прайшоў семінар “Беларуская традыцыя”. На ім праводзіліся заняткі аб беларускай мове, гісторыі краіны. Сур’ёзныя выступленні на гістарычную тэму, пра лёсы асобных беларусаў у Прыбайкаллі мы пачулі на навуковай канферэнцыі “Беларуская дыяспара Прыбайкалля: гісторыя, традыцыя, сучаснасць”. Асобна расказвалі пра жыццё перасяленца, стваральніка карты Байкальскага рэгіёну Яна Чэрскага, у гонар якога і называецца наша таварыства.

Як надалося пасля размовы, цікава і насычана жывуць беларусы ў далёкім Іркуцку: захоўваюць культуру, цікавяцца гісторыяй, ствараюць сваю.

Кацярына Немагай
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter