Самарскія беларусы арганізавалі ды правялі шматнацыянальны фестываль-конкурс дзіцяча-юнацкага мастацтва “Жывём і памятаем”

Удзячная памяць нашчадкаў

Самарскія беларусы арганізавалі ды правялі шматнацыянальны фестываль-конкурс дзіцяча-юнацкага мастацтва “Жывём і памятаем”


Прыгожым атрымаўся фінал гала-канцэрта ў Самары

Гарадскі патрыятычны фестываль-конкурс прысвячаўся 70-годдзю Перамогі, праходзіў у Самары ўпершыню, а ў снежні завяршыўся грандыёзным гала-канцэртам. Задумалі, зладзілі фестываль актывісты Самарскай абласной грамадскай арганізацыі  “Руска-беларускае братэрства 2000”. “Фестываль праходзіў пры падтрымцы адміністрацыі горада і абласнога Дома дружбы народаў, — удакладніла Ірына Глуская, прэзідэнт суполкі. — Мы нібы завяршалі цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных 70-годдзю Перамогі — святу, якое вельмі шануюць і ў Беларусі”. На гала-канцэрт, што прайшоў у Палацы культуры “Победа”, адабралі лепшыя нумары салістаў і творчых гуртоў этнасуполкак ды ўстаноў адукацыі вобласці”.

У фае Палаца культуры працавала тэматычная выстава “Уклад народаў у Вялікую Перамогу” і выстава дзіцячых малюнкаў “Жывём і памятаем”. Там кожны мог прымераць розныя нацыянальныя галаўныя ўборы і сфатаграфавацца ў іх, атрымаць у падарунак фестывальны значок. У зале гледачамі былі ветэраны, працаўнікі тылу, пенсіянеры, а таксама школьнікі, студэнты ВНУ. Ішоў відэафільм “Альбом Вялікай Айчыннай вайны” — яго падрыхтавалі студэнты Самарскага тэхнічнага ўніверсітэта.


На самарскай сцэне выступае беларускі вакальны ансамбль  “Каданс”

Са знакамітай песні “Жураўлі” пачаўся канцэрт, яе выконваў дуэт ад армянскай і казахскай суполак: Ілона Далуханян і Тамірлан Дусенбаеў. Дарэчы, яшчэ на адборачным туры фестывалю яны выконвалі песню сольна. Вялі праграму таксама прадстаўнікі розных народаў: ад беларускай суполкі — Іна Сухачэўская з дачкою Крысцінай, ад армянскай — Мілена Мкртчан з дачкою Ілонай, ад казахскай — Салауат Султанаў з дачкою Маржан. І на сцэне выступалі, адзін аднаго падтрымлівалі дзяўчаты і хлопцы розных нацыянальнасцяў. Пасля грузінскага гурта “Мзіуры” бліскуча выступіў беларускі дуэт (Анастасія Гуркіна з Арынай Камісаравай), азербайджанская вакалістка Аіда Акперава. За танцам “Церскіх казакаў”, які выканалі вучні 124-й школы, спяваў песню “Казакі ў Берліне” беларускі вакальны гурт “Каданс”. Ад татарскай суполкі выступаў вакальны дуэт педагогаў: Ганна Чарвакова і Альбіна Махмутава спявалі песню “Вечны агонь”. Пасля яе — Мінута маўчання, у памяць пра ўсіх, хто загінуў у страшнай, жорсткай вайне супраць фашысцкіх захопнікаў.

Вось на экране Алена Захадзякіна з Тэатра-студыі “Карусель”: чытае ўрывак з твора Канстанціна Сіманава “Жывыя і мёртвыя”. Аказваецца, чытальніца захварэла перад канцэртам, і ўключылі ў праграму запіс з адборачнага тура. Далей Вераніка Кузняцова з “Каданса” спявала хвалюючую песня “Ты же выжил, солдат!”, і яна ж з сяброўкамі — “Чатыры сыны”, па-беларуску. О, колькі маці не дачакаліся сыноў з вайны! Згадаем: у беларускім Жодзіне 29 жніўня 1975 года адкрылі Помнік Маці, што не дачакалася з вайны пецярых сыноў. Правобразам яе стала Анастасія Фамінічна Купрыянава, мясцовая жыхарка. А ў паўночна-асецінскім сяле Дзуарыкау ёсць абеліск з сямю жураўлямі. На ім выбіта: “Сямі братам Газданавым”. Побач застыла ў граніце Маці... Увасабленнем маці-гераінь стала і кубанская сялянка Епісцінія Сцяпанава, якая паклала на алтар Перамогі жыцці дзевяці сыноў. Аляксандр, Мікалай, Васіль, Філіп, Фёдар, Іван, Ілья, Павел і малодшы Аляксандр. Усіх, акрамя першага Аляксандра, які загінуў у грамадзянскую, ды Фёдара, што загінуў у баі з японскімі захопнікамі на рацэ Халхін-Гол, прызвалі на Вялікую Айчынную. Дарэчы, Іван, адзін з тых братоў-кубанцаў, пахаваны ў Беларусі: у брацкай магіле ў вёсцы Драчкова Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці.

Хвалююча глядзеўся пасля беларускай песні “Чатыры сыны” Танец нявест — выконваў армянскі гурт “Наір”. Нявесты  ж вельмі чакалі жаніхоў з фронту, а вярнуліся далёка не ўсе. Была ў праграме і вядомая песня “Смуглянка” — здорава выканаў яе прадстаўнік мардоўскай суполкі Аляксандр Марухаў, і ўся зала яму падпявала.

А башкірскую песню “Вольны вецер” спяваў прадстаўнік гэтага народа Іршат Калямаў. На заканчэнне канцэрта быў прыгожы “Вальс Перамогі” — танцаваў яго ансамбль “Вдохновение”.


Прызы і дыпломы беларускіх удзельнікаў фестывалю

Гледачам, гасцям і ўдзельнікам фестываль запомніцца душэўнай, шчырай атмасферай. Вітанні на гала-канцэрт у Палац культуры “Победа” накіравалі Пасол Беларусі ў Расіі Ігар Петрышэнка, міністр культуры Самарскай вобласці Сяргей Філіпаў, кіраўнік гарадміністрацыі Алег Фурсаў, дырэктар Дома дружбы Ігар Бураў, кіраўнікі этнасуполак горада і вобласці. Пра тое, які аб’ём працы “правярнулі” арганізатары, сведчыць такі факт: на гала-канцэрце было 27 лепшых нумароў (лаўрэатаў першай ступені) конкурсу-фестывалю. Усе этнасуполкі, навучальныя ўстановы, удзельнікі фестывалю атрымалі памятныя статуэткі, кожны ўдзельнік — Дыплом лаўрэата (па ступенях) і салодкія падарункі.

Зямны паклон вам, беларусы, якія зрушылі такую патрыятычную справу! Спадзяемся, будзе яна мець добры працяг. “Я — з таго пакалення, што расло ў мірны час, — гаворыць Ірына Глуская. — Мы — дзеці і ўнукі салдатаў Перамогі. І нам варта заўсёды памятаць: 27 мільёнаў чалавек аддалі свае жыцці за тое, каб мы нарадзіліся, за нашу будучыню, мірнае жыццё. Ад імя актыву суполкі “Руска-беларускае братэрства 2000”, удзельнікаў конкурсу-фестывалю “Жывём і памятаем” дзякую адміністрацыі гарадской акругі Самара за падтрымку нашай ініцыятывы. Дзякую супрацоўнікам Дома Дружбы народаў, кіраўнікам этнасуполак, творчым калектывам і салістам — за ўсебаковую дапамогу і ўдзел. Вялікі дзякуй усім самарскім беларусам, артысткам “Каданса”, якія актыўна ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы і правядзенні форуму. Фестываль стаў для ўсіх школай дружбы паміж народамі, сапраўдым феерверкам эмоцый. Мы яшчэ раз пераканаліся: у адзінстве наша сіла!”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter