У Пількаўшчыну, да Максіма Танка

Нядаўна з групай маладзечанскіх літаратараў я быў у захапляльнай паездцы на радзіму Максіма Танка (Яўгена Скурко) — у вёску Пількаўшчына, што на Мядзельшчыне. У час падарожжа пазнаваў, адкрываў новыя звесткі пра гэтага таленавітага паэта і добрага чалавека
Партрэт Максіма Танка. Рэпрадукцыя з паштоўкі 1958 г.Нядаўна з групай маладзечанскіх літаратараў я быў у захапляльнай паездцы на радзіму Максіма Танка (Яўгена Скурко) — у вёску Пількаўшчына, што на Мядзельшчыне. У час падарожжа пазнаваў, адкрываў новыя звесткі пра гэтага таленавітага паэта і добрага чалавека.

Маршрут пралягаў па вёсках, якія маюць дачыненне да лёсу пісьменніка, мы наведалі могілкі і пабывалі на цікавай сустрэчы.
Вёска Сваткі. Юны Яўген Скурко тут да вайны вучыўся ў пачатковай школе. Таму сённяшняя школа з поўным правам мае гонар насіць імя Максіма Танка. Яго ж імем названа вуліца.

Вёска Новікі, раней называлася Слабадой. У 1943 годзе фашысты тут спалілі ўсе будынкі. Адсюль родам Любоў Андрэеўна Асаевіч, верная спадарожніца жыцця і памочніца Максіма Танка. Каля вёскі, дарэчы, для падарожнікаў ёсць указальнік: “Пількаўшчына — 6”.

Пількаўшчына. Раней у гэтай вёсцы жыла сям’я бацькоў паэта, у якой было, як тады казалі, 14 едакоў. 17 верасня 1912 года тут нара-дзіўся Яўген Скурко. Хата яго бацькоў захавалася. Цяпер у ёй жыве малодшы брат Яўгена Іванавіча — Хведар, які ветліва нас сустрэў ля парога, каля тоўстага ўжо дуба. Хведар Іванавіч расказаў нам, што дрэва пасадзіў іх бацька дзесьці ў 1922 годзе, калі сям’я вярнулася з Масквы з бежанства. Потым са-дзілі арэшыны і ліпы ўздоўж дарогі ад хаты да лесу. А хата, па словах гаспадара, прастаяла ўжо каля 150 гадоў, будавалі ж яе з яловых бярвёнаў.

Слабодскі пагост, бліжэйшыя да Пількаўшчыны могілкі. Тут паводле апошняй волі народнага пісьменніка Беларусі побач з жонкай і бацькамі пахаваны Максім Танк. Ён прасіў, каб на апошнім развітанні не было нічога лішняга, паказнога, нават музыкі. Сёння побач узвышаюцца два чорныя крыжы з надпісамі і аднолькавымі датамі: “Максім Танк. 1912–1995”; “Любоў Скурко. 1912–1995”. Два падобныя крыжы, два блізкія лёсы… Крыху далей — апошні прытулак бацькоў: Домна Іванаўна і Іван Фёдаравіч, іншыя родзічы. Сям’я нібы з’ядналася ў роднай зямлі.

Імпрэза. Паездка закончылася сустрэчай, на якой думкамі пра паэта дзяліліся розныя людзі. Дырэктар бібліятэкі імя Максіма Танка з Мядзеля Людміла Несцяровіч гаварыла пра запаветы земляка. Старшыня ветэранскай арганізацыі Мядзельскага раёна Міхаіл Гардон – пра яго ж як Героя Сацыялістычнай Працы і лаўрэата шматлікіх прэмій. Тамара Кручэнка з “Гомельскай праўды” аб тым, як яе бацька іграў на вяселлі Максіма Танка, а пасля вайны вазіў яе “гля-дзець на паэта”. Аркадзь Жураўлёў і Міхась Казлоўскі, літаратары з Маладзечна, прыгадалі, што пара падумаць аб стварэнні на радзіме музея паэта і адкрыцці адпаведнага турысцкага маршрута. Хочацца верыць, што ўсё гэта будзе.

Сяргей Цімошка, выкладчык Маладзечанскага політэхнічнага каледжа
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter