У Нясвіжы будзе свой культурны асяродак

Імя дэкана архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта Армэна Сардарава добра вядома ў навуковых і мастацкіх колах. Ён вопытны педагог, аўтар многіх праектаў, кніг, альбомаў. Асабліва цікавяць яго дарогі — ранейшыя і сённяшнія — найперш як частка ландшафта. У яго асобе добра сінтэзаваліся розныя духоўна-культурныя пачаткі — армянскі, беларускі, рускі, украінскі. Армэн Сяргеевіч добра авалодаў беларускай мовай, выдатна ведае архітэктурнае мінулае, традыцыі Беларусі.
Імя дэкана архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта Армэна Сардарава добра вядома ў навуковых і мастацкіх колах. Ён вопытны педагог, аўтар многіх праектаў, кніг, альбомаў. Асабліва цікавяць яго дарогі — ранейшыя і сённяшнія — найперш як частка ландшафта. У яго асобе добра сінтэзаваліся розныя духоўна-культурныя пачаткі — армянскі, беларускі, рускі, украінскі. Армэн Сяргеевіч добра авалодаў беларускай мовай, выдатна ведае архітэктурнае мінулае, традыцыі Беларусі.

Нядаўна Армэн Сардараў пабываў са сваімі студэнтамі ў Італіі, дзе яны прынялі ўдзел у Міжнародным аглядзе дыпломных праектаў. Пра свае ўражанні ад калыскі еўрапейскай цывілізацыі ён расказваў чытачам “Голасу Радзімы”, стаў частым госцем рэдакцыі газеты. У адзін з яго прыходаў паміж намі адбылася вось такая гутарка.
— Армэн Сяргеевіч, я даведаўся, што Дзяржаўная экспертыза адобрыла распрацаваны групай пад вашым кіраўніцтвам праект тэатральна-канцэртнага будынка ў Нясвіжы. Лічу, што будаўніцтва такога цэнтра вельмі важна. Так, у Нясвіжы ёсць замкавы комплекс, цуда архітэктуры барока фарны касцёл з падзямеллем, ратуша з гандлёвымі радамі, іншыя збудаванні. Але ў горадзе, які ўжо даўно ахрысцілі беларускім Парыжам, няма прыстойных атэля і тэатральнай залы. Радзівілы свае ў прынцыпе камерныя прадстаўленні ладзілі пераважна на адкрытым паветры — за замкавым валам або ў загарадным парку Альба. А як быць з цяперашнімі масавымі відовішчамі, веснавымі музычнымі фестывалямі? У Дом культуры яны ўціскаюцца з цяжкасцю… Дык якім вам бачыцца мясцовы тэатр?
— Найперш прыгадаю, што ў кожнага народа ёсць свае культурныя сімвалы, у тым ліку і сімвалы-гарады, дзе злучаюцца многія гістарычныя традыцыі. Такімі сталі Фларэнцыя ў Італіі, Пецярбург у Расіі, Кракаў у Польшчы. Такімі ж матэрыяльнымі ўцялясненнямі нашай духоўнай культуры з’яўляецца, побач з Полацкам і Туравам, радзівілаўскі Нясвіж. Тэатр, музыка, выяўленчае мастацтва, літаратурнае слова, архітэктурнае асяроддзе — усё гэта спалучылася тут разам і існуе на працягу стагоддзяў.
— Як жа ўзнікаў праект? Для унікальнага горада ён таксама павінен быць унікальным.
— Архітэктары нашага універсітэта атрымалі заказ спраектаваць універсальны культурна-тэатральны комплекс на базе існуючага Дома культуры ў мінулым годзе. Падыходзячы да стварэння вобраза гэтага будынка, мы добра разумелі, што нельга тут ісці за архітэктурнай модай. Ні славуты хай-тэк, ні постмадэрн не прыжывуцца на нясвіжскай культурнай глебе. Так нарадзілася ідэя стварыць будынак, які ўвасабляў бы рысы менавіта нясвіжскай архітэктуры — замка-палаца Радзівілаў, фарнага касцёла, над праектам якога шчыраваў італьянец Бернардоні, кляштара бенедыктынак… І адначасова гэта павінен быць сучасны будынак, у якім маглі б праходзіць тэатральныя спектаклі і музычныя фестывалі, засяроджвалася б культурнае жыццё не толькі Нясвіжа, але і ўсёй несталічнай Міншчыны. Вось фатаграфія аднаго з варыянтаў нашага праекта.
— Дужа цікава. І традыцыйна, і адначасова сучасна. Давайце апублікуем гэтую выяву ў “Голасе Радзімы”. Згодны? Добра… А цяпер скажыце колькі слоў пра тое, што плануецца ўнутры будынка.
— Па плану культурны комплекс уключыць у сябе залу на 700 месцаў, памяшканні для заняткаў музыкай, танцамі, правядзення мастацкіх выстаў. Усяму гэтаму павінны спрыяць сучасная будаўнічая і дэкаратыўна-тэатральная тэхналогія, разнастайнае абсталяванне. Але галоўнае тут — усё ж мастацкі, архітэктурны вобраз, які павінен арганічна ўпісвацца ў непаўторны гарадскі ландшафт, што плаўна пераходзіць у навакольныя краявіды, і адначасова нагадваць нясвіжскае барока.
— Хто ж працаваў над праектам пад вашым кіраўніцтвам? Варта назваць імёны і іншых аўтараў.
— Шчыравалі Таццяна Башарымава, Ірына Добрых, Анатоль Курыловіч, Валянціна Турлюк. Пасля таго, як наш праект атрымаў станоўчую ацэнку пры ўзгадненні, пачнецца яго рэалізацыя.
— Гэта добрая вестка. Парадаваў мяне таксама трэці том “Архітэктуры Беларусі”, які я нядаўна набыў. Вы ж там уваходзіце ў склад рэдкалегіі… З цікавасцю пазнаёміўся з вашым раздзелам “Архітэктура шляхоў зносін”. Такія раздзелы ёсць не ва ўсіх гісторыях архітэктуры іншых краін.

Адам Мальдзіс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter