Беларусы Даўгаўпілса і Віцебска парадавалі “міжнародным” святочным канцэртам

У гасцях — таленты з “Альтанкі”

Беларусы Даўгаўпілса і Віцебска парадавалі “міжнародным” святочным канцэртам

Напярэдадні Свята жанчын у Даўгаўпілскім Палацы культуры з аншлагам прайшоў канцэрт “Жанчына. Вясна. Каханне” з удзелам артыстаў як з нашага горада, так і з Віцебска. Такія творчыя праекты хораша ўмацоўваюць міжнародныя кантакты. Канцэрт прысвячаўся Міжнароднаму жаночаму дню, арганізатар — наш Цэнтр беларускай культуры. А гледачоў сабралася! Пяшчотныя, лірычныя песні пра жанчын, каханне спявалі мясцовыя беларускія калектывы: ансамблі “Купалінка” ды “Пралескі”, ансамбль сеньёраў “Спадчына”. А танцавальны гурт “Лянок” выканаў два стылізаваныя танцы. Паэты Станіслаў Валодзька, Павел Плотнікаў, Яўген Голубеў і Яўціхій Канаплёў чыталі свае вершы.


Пад час святочнага канцэрта ў Даўгаўпісе

Потым на сцэну выйшлі госці з Віцебскай узорнай дзіцячай эстраднай студыі “Альтанка”, якой кіруе кампазітар Мікалай Радзівонаў. Калектыў праславіўся выступленнямі на конкурсах і фэстах у Беларусі, Расіі, Украіне, Малдове, Латвіі, Літве, Польшчы, Германіі. Амаль гадзіну юныя артысты спявалі вясёлыя песні на рускай і беларускай мовах. Ды так здорава, што захапілі ўсю залу: напрыканцы слухачы віталі таленавітых выканаўцаў стоячы, бурнымі апладысментамі.

Дырэктар ЦБК Жанна Раманоўская падзякавала ўдзельнікам канцэрта за мора пазітыўных эмоцый, падараваных гледачам. Гасцям жа ўручылі і кветкі, падарункі. Віншаванне суайчынніцам накіравала Пасол Беларусі ў Латвіі Марына Даўгаполава, яно было зачытана са сцэны. “Без вашай самаадданай працы, без вашых ведаў і ўменняў немагчыма ўявіць жыццё грамадскіх аб’яднанняў беларусаў Латвіі, — гаворыцца ў ім. — Сваімі справамі вы зберагаеце і прымнажаеце нацыянальную культурную скарбніцу роднай Беларусі. Дзякуй за тое, што натхняеце моцную палову чалавецтва на стваральны лад, на таленавітае ўзяцце новых вяршыняў”. Вялі канцэрт супрацоўніца ЦБК Ірына Якушонак і актывіст Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”  Валеры Амбросаў.

Марыя Памецька, метадыст Цэнтра беларускай культуры, г. Даўгаўпілс

Голас Радзімы № 12 (3468), чацвер, 7 кракавіка, 2016 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter