Набліжаецца да завяршэння Год беларускай культуры ў горадзе Ізяславе

У байках — жыццёвая мудрасць

Набліжаецца да завяршэння Год беларускай культуры ў горадзе Ізяславе

Як вядома, першапачаткова Год беларускай культуры планаваўся па ўсёй Украіне. Мы падхапілі важную ініцыятыву. Нядаўна ў нашым горадзе, што на поўначы Хмяльніцкай вобласці, быў другі, заключны этап конкурсу чытальнікаў твораў беларускага прыгожага пісьменства, які цалкам складаўся з беларускіх баек. Заўважу, на першым этапе конкурсу школьнікі, гімназісты чыталі вершах беларускіх паэтаў, якія яны прысвяцілі Украіне і яе народу, а дэвізам конкурсу быў цудоўны радок Янкі Купалы “Украіна, цвеце любы, сонцам гадаваны..”. Перамагла тады вучаніца 11-Б класа гімназіі №5 Анастасія Даніленка, якая ўжо студэнтка Універсітэта Лазарскі ў Варшаве. Дарэчы, Анастассю польскай мове цягам трох гадоў прыватна па дзве гадзіны на тыдзень навучаў я.

На пачатку імпрэзы я расказаў канкурсантам і слухачам, якія за­поў­нілі чытацкую залу раённай бібліятэкі, пра беларускую байку, якая з’явілася ў канцы ХІХ стагоддзя. Аўтарамі першых такіх твораў былі Альгерд Абуховіч і Францішак Багушэвіч, байку якога “Воўк і Авечка”, напісаную ў 1891 годзе, я па-за конкурсам і прачытаў. Беларускай байцы пашанцавала, бо на яе папрацавалі таленавітыя пёры Якуба Коласа і Янкі Купалы, песняры пісалі традыцыйныя па форме байкі з усімі іх атрыбутамі. У байках прыхавана шмат мудрасці, у лепшых іх узорах увасоблена прыгажосць, сіла роднага слова. З “Каня і Сабакі” Якуба Коласа і пачаліся конкурсныя чытанні. Віталія Цыганкова дасціпна выявіла падтэкст байкі, таму апошняя фраза “А Рудзька дужшы за каня!” выклікала дружныя воплескі прысутных.

Байку Янкі Купалы “Асёл і Навука” чытаў Юрась Дзямчэўскі, сту­дэнт-першакурснік Ровенскага гуманітарнага ўніверсітэта, які на выхадныя дні прыязджае ў Ізяслаў. Прыемна чуць з яго вуснаў амаль бездакорную беларускую мову! Наш гурт носіць імя “Зорка Венера”, таму і на гэты раз звярнуліся да творчасці Максіма Багдановіча: Агнешка Літ­вінчук прачытала яго байку “Варона і Чыж”. Потым чыталіся байкі карыфея жанру Кандрата Крапівы: “Вол і Авадзень”, “Сука ў Збане”, “Дзед і Баба”, “Дыпламаваны Баран”, “Калі пара крычаць “Ура!”... Яшчэ былі байкі “Асёл на імянінах” Міхася Скрыпкі, “Курашчуп” Уладзіміра Корбана, “Божая Кароўка” Эдуарда Валасевіча, “Зязюля” Хведара Жычкі, “Парсюк” Ніла Гілевіча, “Дойны Конь” Рыгора Барадуліна, “Сарока” Хведара Чэрні... На заканчэнне і я, як кіраўнік журы конкурсу, чытаў свае мікрабайкі “Хай сьпявае”, “Лежабока”, “Прадбачлівая жонка”, “Фокус”, “Субардынацыя”.

Пераможцам конкурсу журы аднагалосна прызнанала Агнешку Літвінчук з гімназіі №5, ёй уручаны галоўны прыз конкурсу: цудоўны фотаальбом Анатоля Клешчука “Беларусь, зямля песняроў”, прысвечаны Янку Купалу і Якубу Коласу. Гэтае выданне я атрымаў у Мінску ад дырэктара Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міхаіла Рыбакова, за што і выказваю яму ўдзячнасць.
Спадзяюся, у нас пакрысе ўста­люецца мір і пройдзе-такі Год беларускай культуры ва ўсёй Украіне, як і планавалася да падзей Майдану 2013-га. Мы ж у Ізяславе яго завершым у снежні каля навагодняй ёлкі.

Пятрусь Капчык, кіраўнік гурта беларускай культуры “Зорка Венера», г. Ізяслаў, Украіна
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter