Творчыя абрысы знакамітага майстра

Больш за 500 твораў увайшло ў першы альбом-каталог мастака Аляксандра Ісачова.
На прэзентацыі альбомаБольш за 500 твораў увайшло ў першы альбом-каталог мастака Аляксандра Ісачова.

Выпуск альбома прымеркаваны да 20-годдзя з дня смерці Аляксандра Ісачова. Гэта найбольш поўны збор работ мастака. Прэзентацыя выдання прайшла ў Мінску. Складальнікамі альбома з’яўляюцца жонка майстра Наталля Ісачова і мастак Алег Арлоў.

Як адзначыў Алег Арлоў, да 20-годдзя з дня смерці Аляксандра Ісачова таксама прымеркаваны шэраг выстаў. Адна з іх ужо прайшла ў Рэчыцы. У яе экспазіцыю ўваходзілі работы самога мастака, сына Яраслава. Цяпер гэтая выстава экспануецца ў Гомелі, а ў канцы сакавіка яе змогуць убачыць мінчане.

Сёння карціны Ісачова захоўваюцца ў асноўным у прыватных калекцыях, вялікая частка вывезена за мяжу. Адзіны ў Беларусі музей, у фондах якога ёсць каля 30 работ майстра, — Рэчыцкі краязнаўчы. Каля 150 палотнаў Ісачова сабрана ў Фондзе свабоднага рускага сучаснага мастацтва ў Санкт-Пецярбургу.

Упершыню свае работы Аляксандр Ісачоў выставіў у Ленінградзе, дзе жыў нейкі час. Пасля вяртання ў Рэчыцу мастак напружана працаваў. Памёр майстар у снежні 1987 года ва ўзросце 32 гадоў, праз два дні пасля завяршэння сваёй першай персанальнай выставы. Шырокую вядомасць творчасць майстра набыла пасля выхаду на экран фільма пра яго лёс “Не плачце па мне…” рэжысёра Анатоля Алая.

Вольга Карнеева
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter