Творчасць скрозь дзесяцігоддзі

Каля 150 работ вядомых беларускіх мастакоў ХХ стагоддзя было прадстаўлена на выставе “І даўжэй стагоддзя...” ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусь
Каля 150 работ вядомых беларускіх мастакоў ХХ стагоддзя было прадстаўлена на выставе “І даўжэй стагоддзя...” ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусь.

Экспазіцыя складалася з твораў жывапісу, графікі і скульптуры. Кіраўнік аддзела сучаснага беларускага мастацтва Валянціна Вайцяхоўская адзначыла, што ўпершыню ў практыцы музея было вырашана прадставіць разам амаль усіх майстроў, чый 100-гадовы юбілей прыпаў на 2008 год. У іх ліку — Заір Азгур, Сцяпан Андруховіч, Анатоль Волкаў, Аляксей Глебаў, Міхась Даўгяла, Людміла Зданоўская, Яўген Красоўскі, Барыс Малкін, Таццяна Разіна, Іван Рудчык, Уладзімір Сакалоў, Уладзі-мір Сухаверхаў, Мікалай Тарасікаў, Ілля Эйдэльман. У галерэі былі сабраны работы розных жанраў: нацюрморт, пейзаж, партрэт, бытавыя кампазіцыі.

“Гэта не традыцыйны кананічны рэалізм, а рэалізм у больш шырокім разуменні. Усе мастакі вельмі розныя, не падобныя адзін на аднаго, у кожнага свой лёс, асаблівая творчая індывідуальнасць і бачанне свету, што не магло не выявіцца ў мастацтве. Але калі паспрабаваць вылучыць нешта агульнае, то, мусіць, гэта будзе лірызм, рамантызм, савецкі гуманізм. Жыццесцвярджальны пафас, надзея на лепшае і ўпэўненасць у светлай будучыні — рысы, якія аб’ядноўваюць мастакоў, хоць інтэрпрэціруюцца імі па-рознаму”, — адзначыла субяседніца.

У творах гэтых мастакоў выразна адчуваецца ўплыў школы жывапісу канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя, у прадстаўнікоў якой яны вучыліся. А ў цэлым экспазіцыя сімвалізавала сувязь двух стагоддзяў.

Марыя Войцік
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter