Цяпло — з нетраў Зямлі

Геолагі маюць намер завяршыць ацэнку запасаў геатэрмальных рэсурсаў у Беларусі да 2010 года
Геолагі маюць намер завяршыць ацэнку запасаў геатэрмальных рэсурсаў у Беларусі да 2010 года.

Дырэктар дэпартамента па геалогіі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімір Карпук паведаміў, што запасы геатэрмальных рэсурсаў ужо ацэнены ў тых рэгіёнах краіны, дзе выкарыстанне такой энергіі найбольш перспектыўнае, у тым ліку ў раёне Прыпяцкага прагіну і Падляска-Брэсцкай упадзіны. Пад Брэстам запасы геатэрмальных рэсурсаў дасягаюць 300 кг умоўнага паліва на квадратны метр зямной паверхні, тэмпература падземнай вады там — ад 9 да 40 градусаў па Цэльсію.

Найбольш высокая тэмпература вады ў зямных нетрах зарэгістравана на паўднёвым усходзе Беларусі — 70-80 градусаў. “Трэба ўлічваць, што з павелічэннем глыбіні ўзрастае і салёнасць расолаў, што ўскладняе іх здабычу, — сказаў Уладзімір Карпук. — Патрэбны асаблівыя тэхналагічныя рашэнні, якія і распрацоўваюцца беларускімі вучонымі. Цяпер больш выгадна выкарыстоўваць энергію вады са свідравін меншай глыбіні з нізкай мінералізацыяй”.

Цяпло падземных вод — узнаўляльная і экалагічна чыстая крыніца энергіі. Тэхналогія яе атрымання таксама экалагічна бяспечная. Выкарыстанне геатэрмальнай энергіі да таго ж не суправаджаецца выкідамі шкодных рэчываў, дыму і сажы ў паветра, яна актыўна выкарыстоўваецца ў многіх краінах. Так, у ЗША дзейнічае каля 200 тысяч цеплапомпавых установак, у Швейцарыі — каля 19 тысяч, шмат такіх агрэгатаў і ў Польшчы. Плануецца, што да 2014 года краіны Еўрасаюза давядуць долю геатэрмальнай энергіі ў паліўна-энергетычным балансе да 10-12 працэнтаў.

Вольга Снегава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter