Лаўрэаты спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі паказалі сваё майстэрства ў філармоніі

Таленавітыя працаўнікі

Лаўрэаты спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі паказалі сваё майстэрства ў філармоніі
Іван Іванаў

Лаўрэаты спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі паказалі сваё майстэрства ў філармоніі

У дзяцінстве сын спрабаваў граць на “фано”. Заняткі даваліся з цяжкасцю. І аднойчы ён прынёс з музычнай школы з лёгкім гумарам напісаны верш: “Піяніна не іграе, а пілікае,/ Покуль сэрцам не сагрэтае яно./ Толькі там, дзе праца ўкладзена вялікая/ Прамаўляе Божым голасам фано”… Па ўсім бачна, напісаў твор дарослы аўтар. Магчыма, каб заахвоціць юных музыкаў да працы. Дзеці так не мысляць. Ды вартая павагі сама спроба хоць нечым аблегчыць жыццё юным працаўнікам…

Каб дапамагчы тым, хто з дзяцінства ведае цану працы і майстэрству, самааддана служыць Мастацтву, у Беларусі створаны спецыяльны фонд Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. І нядаўна ў вялікай зале Беларускай  дзяржфілармоніі ладзіўся канцэрт яго лаўрэатаў. На ім я і згадаў, што “піяніна не іграе…”. Ужо амаль у фінале, калі гучаў Канцэрт №1 сі-бемоль мінор для фартэпіяна з аркестрам Пятра Чайкоўскага. Бліскуча саліраваў Андрэй Шычко, які цяпер вучыцца ў Маскоўскай кансерваторыі. Дарэчы, усе маладыя таленты выступалі ў суправаджэнні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічанага аркестра Беларусі і Сімфанічнага аркестра Беларускай дзяржакадэміі музыкі пад кіраўніцтвам маэстра Аляксандра Анісімава. Грала на цымбалах Аляксандра Дзенісеня — так хораша, быццам раскрывала таямніцы беларускай душы. Дуэт з оперы “Травіята” выконвалі Анастасія Храпавіцкая і Віктар Мендзелеў. Скрыпачка Кацярына Пукст грала складаны твор Яна Сібеліуса, вельмі віртуозна. З вялікім артыстычным талентам выступаў Міхаіл Радунскі з віяланчэллю. Анастасія Уварава з арфай, наадварот, граючы светлую музыку, амаль не паказвала эмоцый. Яшчэ выступалі флейтыстка Юлія Шчасновіч, спявачка Марта Данусевіч, а Раман Ждановіч нямала здзівіў усіх ігрой на… марымбе — гэта такі ўдарны інструмент, накшталт вялікага ксілафона. Назваў усіх салістаў: ведайце іх імёны. Гэта надзея сучаснай класічнай музыкі і спеваў у Беларусі, лаўрэаты Спецфонда праслаўляюць Бацькаўшчыну на розных міжнародных конкурсах.

Канцэрт заканчваўся велічным кантам-гімнам з “Полацкага сшытка” ў апрацоўцы Вячаслава Кузняцова. І быццам перакідваўся масток з беларускага мінулага, дзе было шмат слаўных музыкаў, у будучыню. Дарэчы, пачынаўся канцэрт незвычайна: з 100-секунднага фільма “Канцэрт для мамы” рэжысёра Ягора Бякава, студэнта Беларускай акадэміі мастацтваў — ён стаў уладальнікам галоўнага прыза на сёлетнім, 9-м Міжнародным фестывалі стосекундных фільмаў у Іране. Гэта сюжэт пра хлопчыка ў акулярах, які ў вялікай зале грае для публікі, зрывае шквал апладысментаў. І атрымліваецца ў яго ўсё выдатна таму, што ён грае найперш — для сваёй працаўніцы-мамы.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter