Талака ў Грушаўцы

Дружна працавалі энтузіясты на тэрыторыі багатай на гісторыю сядзібы ў Ляхавіцкім раёне
Дружна працавалі энтузіясты на тэрыторыі багатай на гісторыю сядзібы ў Ляхавіцкім раёне

Супольнай працай на тэрыторыі сядзібы Рэйтанаў у Грушаўцы адзначыла наша арт-суполка першую гадавіну дзейнасці. Згадвалі мы і 241-ю гадавіну пачатку Надзвычайнага сойму 1773 года: менавіта ён, як вядома, вывеў на першыя ролі ў вялікай драме аслабленай Рэчы Паспалітай Тадэвуша Рэйтана, шляхціца і гаспадара Грушаўкі. І вось родавае котлішча Рэйтанаў у чарговы раз стала месцам сустрэчы людзей, неабыякавых да беларускай гісторыі. Наша арт-суполка працавала на сядзібе і летась, а сёлета далучыліся супрацоўнікі газеты “Культура”, вядомы тэлевядучы праграмы “Вандроўкі дылетанта” Юры Жыгамонт, дырэктар Баранавіцкай мастацкай школы Анатоль Лабкоўскі, іншыя творчыя людзі. Мастак Алесь Родзін прадставіў у Грушаўцы некалькі буйных графічных прац з серыі, прысвечанай роду Рэйтанаў.
Сабралася нас амаль 20 чалавек. Ды мушу прызнаць: на шчасце Грушаўцы, большасць працы зрабілі жыхары Ляхавіччыны. Падзея, можна сказаць, лёсавызначальная: новае кіраўніцтва раёна пастанавіла, што святое для беларусаў месца павінна мець належны выгляд. “Цудоўна папрацавалі! — казаў Юры Жыгамонт. — З Грушаўкі мы ўжо рабілі тэлеперадачы. На гэты раз асабліва ўразіла: прадстаўнікі ўлады паказалі, дзе варта прыкладваць сілы”. На працу выйшла каля сотні чалавек ад розных прадпрыемстваў, устаноў Ляхавіч, кіраўніцтва раёна. “Старшыні райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч і райсавета дэпутатаў Яўген Юрлевіч разам з работнікамі райвыканкама добраўпарадкавалі тэрыторыю палацава-паркавага ансамбля “Грушаўка,” — напісала райгазета “Ляхавіцкі веснік”, падаўшы ў інтэрнэт-версіі шэраг цікавых здымкаў Сяргея Варановіча. Як вядома, шануючы герояў Айчыны з розных эпох, мы лепш усведамляем гісторыю Бацькаўшчыны, якой можам ганарыцца. Удзельнікі Грушаўскай талакі праз гады будуць ганарыцца, што прыклалі рукі да адраджэння сядзібы.
То было відовішча, вартае пэндзляў лепшых мастакоў: мужчыны з бензапіламі ачышчалі тэрыторыю ад зараснікаў, шугала полымя вогнішчаў — спальвалі галлё і смецце, выграбалі старое лісце жанчыны, прыводзілася ў парадак агароджа… Мы, творчыя людзі, не з такім размахам працавалі — прыбіралі смецце, устанавілі інфашыльду. Часам спыняліся, каб паразважаць пра непаўторнае вясновае Грушаўскае Імгненне і Вечнасць…
Мы маем намер стварыць у Грушаўцы Культурны цэнтр: займацца аднаўленнем сядзібы, праводзіць фэсты, сустрэчы мастакоў, паэтаў, музыкаў. Не так даўно на падставе архіўных дакументаў мы вызначылі дату нараджэння Тадэвуша Рэйтана: кастрычнік-лістапад 1740 года. І ў 2015-м, такім чынам, яго 275-я ўгодкі. Будзем адзначаць! Запрашаем далучацца мастакоў, музыкаў, літаратараў і ўсіх зацікаўленых.

Зьміцер Юркевіч, арт­-суполка імя Тадэвуша Рэйтана
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter