Культурныя акцыі да Дня адзінства брацкіх народаў рыхтуюць і расіяне ў Беларусі, і беларусы ў Расіі

Сябруючы — багацеем

Культурныя акцыі да Дня адзінства брацкіх народаў рыхтуюць і расіяне ў Беларусі, і беларусы ў Расіі

На сцэне Палаца культуры Трактарнага завода ў Мінску да Дня адзінства народаў Беларусі ды Расіі пройдзе канцэрт з удзелам прафесійных і самадзейных калектываў з абедвюх краін, там жа ў хуткім часе запланаваны VI Міжнародны фестываль казацкай песні “Гайда”. А ў Доме Масквы 8 красавіка будуць адкрыццё выставы і творчы вечар ураджэнца Дагестана Хізры Асадулаева: скульптара, кампазітара, паэта, перакладчыка. У Гродне, у клубе славянскіх адзінаборстваў, на міжнародныя турніры чакаюць спартсменаў з Беларусі, Расіі, Украіны. А сябры з Міжнароднага грамадскага аб’яднання чувашоў “Атал” рыхтуюцца да паездкі ў Чабаксары, на Усерасійскі фестываль нацыянальнай творчасці “Родники России” ды Міжнародны эканамічны форум.

Пра тое гаварылі ў Мінску на прэс-канферэнцыі “Роля грамадскіх аб’яднанняў у развіцці беларуска-расійскага супрацоўніцтва”.  В. а. дырэктара РЦНК Валянціна Грышкевіч паведаміла: і нашы супляменнікі ў Расіі рыхтуюць канцэрты, імпрэзы, сустрэчы. Пра тое пішуць у цэнтр беларусы Тальяці, Самары, Валгаграда, Іркуцка, Цюмені...  А ў Маскве пройдзе вялікі канцэрт “Музыка ва ўсе часы” ў Цэнтральным акадэмічным тэатры Расійскай арміі.

Па словах старшыні Міжнароднага аб’яднання дагестанцаў “Горо” Хізры Асадулаева, сакрэт дружбы і адзінства нашых народаў — ва ўзаемапранікненні культур, дапаўненні адна адной. Спадар Хізры адзначыў: даўно жыве ў Беларусі, а яго не перастаюць здзіўляць памяркоўнасць і гасціннасць беларусаў, іх настойлівасць у дасягненні мэты, працаздольнасць. “Натхняюць і акрыляюць прыгажосць палёў, дагледжанасць вялікіх і малых гарадоў, — казаў Асадулаеў. — І гэта тое, што варта пераймання”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter