Святочна музыка гучала

У Мінску шмат аматараў паслухаць класічныя мелодыі ў выкананні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра
На сцэне філармоніі іграе госць з Парыжа Саша АнісімаўУ Мінску шмат аматараў паслухаць класічныя мелодыі ў выкананні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра.

Прыгажуні-ёлкі сустракалі гасцей як пры ўваходзе, так і ў фае Беларускай дзяржаўнай філармоніі. А ў Вялікай зале “пад заслону” старога года гучала сімфанічная музыка. І быў поўны аншлаг. У першым аддзяленні музыканты Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі ігралі Чайкоўскага. Гукі высокай радасці з “Рускага танца”, “Французскага танца”, “Вальса кветак” і іншых мелодый балета “Шчаўкунок” публіка сустракала апладысментамі, як добрых старых знаёмых.

Маэстра Аляксандр Анісімаў, галоўны дырыжор аркестра, не толькі выступіў ініцыятарам музычнага праекта “Новы год у філармоніі”, але і зрабіў вытанчаны падарунак слухачам, сабе і сыну-музыканту. Спецыяльна да канцэрта ў Мінск запрасілі з Парыжа Сашу Анісімава. Малады талент, лаўрэат Міжнароднага конкурсу “Стэнвей” у Парыжы, іграў на фартэпіяна ў моцартаўскім канцэрце №17 Ля-мажор. Яго віртуозная тэхніка, мяккая, трохі гуллівая манера ігры пакарылі мінскую публіку.

“А далей мы будзем іграць для вас знаёмую ўсім савецкую класіку, — звярнуўся да слухачоў на пачатку другога аддзялення Аляксандр Анісімаў. — Зрэшты, не важна, калі яна створана, галоўнае — каб музыка была прыгожаю”. І загучалі творы Шастаковіча, Пракоф’ева, Гліэра, Хачатурана... Па прыўзнятым настроі дырыжора было відаць:
гэтая музыка блізкая і дарагая для самога маэстра. Асабліва хороша леглі ў канву музычнага вечара кранальныя мелодыі Георгія Свірыдава “Тройка” і “Вальс”. На заканчэнне ж аркестр выканаў некалькі вясёлых урыўкаў з новай праграмы пад назвай “Аперэта, любоў мая”. А само гэтае вялікае тэатралізаванае прадстаўленне з поспехам прайшло ў філармоніі ўжо на пачатку новага года.

Даведка “ГР”.
Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі добра вядомы сярод аматараў класічнай музыкі многіх краін. У яго рэпертуары ёсць і класіка, і работы сучасных беларускіх, рускіх, заходнееўрапейскіх аўтараў. З 2001 года мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам аркестра з’яўляецца Аляксандр Анісімаў.

Іван Іванаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter