Сонечных спраў майстар

Алена Грынь доўжыць сямейныя традыцыі
Алена Грынь доўжыць сямейныя традыцыі

Майстра Алену Грынь працаваць з саломкай навучыла бабуляЯшчэ ў невялікай вёсцы Волма Смалявіцкага раёна, дзе праходзіла дзяцінства Алены, яна цікавілася саломапляценнем. З гэтым незвычайным рамяством дзяўчынку пазнаёміла бабуля. “Яна хвалявалася, каб мы, чацвёра ўнукаў, якія часта прыязджалі ў госці, “не скруцілі дзе галовы”, — успамінае з усмешкай бабуліны трывогі Алена. — Таму і вучыла нас саломцы, як некалі сваіх дзяцей. Паказвала найпростыя элементы, а мы паўтаралі ўслед, рабілі ўпрыгожанні”.

Пазней, калі вучылася ў Мінску, Алена дапамагала маці, настаўніцы хіміі, весці гурток па саломцы, удзельнічала ў шматлікіх выставах. Ды не думала нават, што гэта можа стаць прафесіяй. Пасля школы вучылася ў педагагічным каледжы на факультэце выяўленчага мастацтва, затым скончыла педуніверсітэт па той жа спецыяльнасці. Нейкі час цікавілася габеленам, бацікам, выцінанкай... Аднак, на яе погляд, лепш быць добрым спецыялістам у адной галіне, чым ніякім — у многіх.

Сёння Алена Грынь кіруе гуртком па саломапляценні ў адзінай у Мінску архітэктурна-мастацкай гімназіі. Калегі гавораць пра яе як таленавітага, творчага, цярплівага і ўважлівага да кожнага выхаванца настаўніка. А як яна працуе! З неверагоднай хуткасцю саломіны, бы іскрыстыя промні, пераплятаюцца ў руках майстра дзіўнымі ўзорамі і арнаментамі. “Гэта — як вучыцца пісаць: спачатку закавыкі выводзіш павольна, потым хутчэй, а там, глядзі, і цэлыя старонкі пішуцца — непрыкметна для аўтара”, — усміхаецца настаўніца.

Салому, з якой працуюць на занятках, Алена вырошчвае сама, каб мець заўжды пад рукой якасны матэрыял. “Бывае, у час жніва, нарыхтоўкі саломы адлік ідзе на дні. Сёння салома яшчэ добрага адцення, а заўтра ўжо нікуды непрыгодная. Многія майстры, ведаю, адбельваюць салому, але я за тое, каб выкарыстоўваць “жывы” матэрыял”, — Алена перакочвае на далоні зеленавата-жоўтыя саломіны з залацістым адлівым.

Алена Міхайлаўна не толькі настаўнік і аўтар некалькіх тысяч прац з саломкі. Яна ўдзельніца многіх гарадскіх, рэспубліканскіх, міжнародных выстаў (у Францыі, Маскве, Санкт-Пецярбургу), член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.

Кабінет, дзе яна праводзіць заняткі, падобны інтэр’ерам на казачную саламяную хатку. Шмат рэчаў тут зроблена з саломы: ад падвясных канструкцый і фантастычных выяў людзей, жывёл да незвычайных фіранак на вокнах ды залацістай аправы люстэрка на сцяне… Аднак сёння, расказвае Алена, саламяныя рэчы амаль страцілі практычнае значэнне. Усё радзей майструюцца дыванкі, хлебніцы, палукашкі і бочкі для захоўвання прадуктаў, як гэта было папулярна раней, асабліва ў пасляваенны час. Цяпер саломка цэніцца найперш за прыгажосць.

Да слова, спрадвеку саломка выкарыстоўвалася ў рытуальных мэтах. Многія земляробчыя народы верылі, што ў сцяблінах раслін заключаны дух хлебнага бажаства, поля, сіла яго ўрадлівасці, а значыць, і дабрабыт селяніна. Таму з саломы часта стваралі розныя абрадавыя атрыбуты для каляндарных і сямейных свят. Напрыклад, падвясныя дэкаратыўныя канструкцыі, якія называюць “павукамі”, падвешваліся над галовамі маладых у час вяселля. І над калыскай дзіцяці. Вывешваліся яны таксама напярэдадні Каляд у “чырвоным куце” і павінны былі засцерагаць дом і гаспадароў ад усялякіх бед, забіраючы ў сваю павуціну ўсё адмоўнае. Дарэчы, сярод работ Алены таксама ёсць калекцыя падвясных канструкцый: яны спалучаюць як даўнія традыцыі, так і сучасныя распрацоўкі беларускіх і замежных майстроў па саломапляценні, уласныя знаходкі майстра.

Людміла Мінкевіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter