Славісты збіраліся ў Мінску

Нататкі з мінскага з’езда: пра вялікую міжнародную грамаду навукоўцаў, якія вывучаюць гісторыю і культуру славянскіх краін, і двух яе годных прадстаўнікоў — Арнольда Макміліна і Рыгора Піўтарака Буйной, прэстыжнай, доўгачаканай падзеяй для Беларусі стаў XV Міжнародны з’езд славістаў, ён цэлы тыдзень працаваў у Мінску і нядаўна закончыўся. Раней наша краіна падобных форумаў увогуле не прымала. У статуце Міжнароднага камітэта славістаў з’езд вызначаны як самая значная і важкая падзея ў гэтай аўтарытэтнай навуковай арганізацыі.
Нататкі з мінскага з’езда: пра вялікую міжнародную грамаду навукоўцаў, якія вывучаюць гісторыю і культуру славянскіх краін, і двух яе годных прадстаўнікоў — Арнольда Макміліна і Рыгора Піўтарака

На Міжнародны з’езд славістаў у Мінск сабраліся навукоўцы з 35 краінБуйной, прэстыжнай, доўгачаканай падзеяй для Беларусі стаў XV Міжнародны з’езд славістаў, ён цэлы тыдзень працаваў у Мінску і нядаўна закончыўся. Раней наша краіна падобных форумаў увогуле не прымала. У статуце Міжнароднага камітэта славістаў з’езд вызначаны як самая значная і важкая падзея ў гэтай аўтарытэтнай навуковай арганізацыі.
У зале пасяджэнняў перапынакПраходзіць з’езд раз у пяць гадоў і заўсёды — у сталіцы іншай славянскай краіны. Першы адбыўся ў 1929 годзе ў Празе з удзелам толькі аднаго беларуса, мовазнаўца Пятра Бузука, першы пасляваенны — у Маскве, дзе беларусаў было ўжо многа. А там пайшло нібыта па чарзе, ды па даволі неакрэсленай схеме. У Польшчы ён адбыўся двойчы — у Варшаве і Кракаве. Беларусы суцяшаліся хіба тым, што Кракаў жа таксама быў польскай сталіцай, дзе панавала наша зямлячка, заснавальніца дынастыі Ягелонаў… Яшчэ ў савецкі час прайшоў з’езд у Кіеве, потым — у краінах, якія ўзніклі на тэрыторыі Югаславіі.

А да Мінска чарга ўсё не даходзіла!
І атрымлівалася: мы, беларускія навукоўцы, нібы не былі вартыя таго — недаацэньваліся... Амаль два дзесяцігоддзі быў я членам Беларускага камітэта славістаў, і мы з калегамі ўспрымалі гэта балюча, як ігнараванне Беларусі.
І вось нарэшце — здзейснілася! Наш Прэзідэнт звярнуўся да дэлегатаў з цёплым прывітаннем. Госці мелі магчымасць не толькі плённа папрацаваць, але і паездзіць па Беларусі, пабачыць, што ў нас ёсць багатая культурная спадчына.

Хто такія славісты?
Помніцца, беларусы-ўдзельнікі Х з’езда (1988) у Браціславе, сталіцы толькі што народжанай Славакіі, вярталіся дамоў. Занялі добрых паўвагона, а памежнікі-ўкраінцы ніяк не маглі зразумець: хто ж такія славісты? Патлумачу і тут: гэта навукоўцы з усяго свету, якія вывучаюць гісторыю і культуру славянскіх краін. Увогуле ж Браціслаўскі з’езд быў трэцім у маім жыцці.
Да форуму асобнай брашурай выйшаў мой даклад “Францыск Скарына як прыхільнік збліжэння і ўзаемаразумення краін і народаў”: юбілей Вялікага Палачаніна павінен быў святкавацца праз два гады.
А да Браціславы былі Кіеў і Сафія. Кіеўскі форум амаль не застаўся ў памяці як навуковая падзея, бо Уладзімір Караткевіч, чыя жонка Валянціна таксама была дэлегаткай, безупынна вадзіў нас па горадзе сваёй студэнцкай маладосці ды захоплена паказваў шматлікія “дзівосы”. І мне цікава было спазнаць, як усё гэта адвобразілася ў яго аповесці “Лісце каштанаў”. Што ж, не выпадкова наш вялікі зямляк цяпер стаіць у Кіеве ўжо ў бронзе... Затое ў сафійскім з’ездзе 1983 года давялося прыняць самы чынны ўдзел: уперадзе праглядвалася 500-годдзе з часу нараджэння беларускага першадрукара, і трэба было надаць юбілею міжнародны статус. Мы змагаліся за тое, каб уключыць выданне скарынаўскага перакладу Бібліі ў наш энцыклапедычны план. І з садзеяннем расійскіх калег гэта нам удалося.
У ХІ і наступных з’ездах я асабіста не ўдзельнічаў: не ставала часу, ды і пара было саступаць месца маладзейшым. Праўда, да кракаўскага форуму (1993) выдаў брашуру-даклад “Беларуская культура барока як пасрэдніца паміж заходнеславянскім і ўсходнеславянскім светам”. А перад наступнымі славістычнымі сустрэчамі я заказваў кіраўнікам беларускіх дэлегацый артыкулы для “Голасу Радзімы”.

Пра што гаварылі на з’ездзе?
У Мінск ажно з 35 краін прыехала каля 600 удзельнікаў. Чуваліся самыя розныя мовы, але рабочымі з іх лічыліся толькі ўсе славянскія — аказвалася, што ўсе іх больш або менш разумеюць, а таксама англійская, нямецкая і французкая. Як заўсёды, натоўп стаяў каля выставы славістычных выданняў, што выйшлі ў свеце пасля папярэдняга з’езда: па традыцыі яны засталіся ў падарунак Мінску. Пераказаць тэматыку з’езда — справа непасільная. Скажу толькі, што надзіва многа было лінгвістычных дакладаў, прыстойна прысутнічалі літаратуразнаўства, гісторыя, фалькларыстыка, па-дзелавому згадваліся хуткія 500-годдзе беларускага кнігадрукавання і 200-годдзе з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі. Гучалі правільныя з майго пункту гледжання прапановы: матэрыялы выдаваць не перад з’ездамі, а пасля, калі канчаткова акрэсляцца думкі, увесці конкурс сярод прэтэндэнтаў, каб кіравацца не толькі квотай на краіну. Карацей, аптымізаваць праграму і рэгламент.
У перапынках я ўважліва ўглядаўся ў твары ўдзельнікаў. Пераважала незнаёмая мне моладзь, і гэта добра. Але часта сустракаліся і старыя сябры, паплечнікі па Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, якая лічыла і лічыць сябе часткай славістычнага руху. Не маючы магчымасці расказаць пра ўсіх вартых таго калег, коратка спынюся на дзвюх ці не самых пладавітых постацях, калі меркаваць па колькасці ды якасці іх беларусазнаўчых кніг.

Ён адкрыў Англіі беларускую літаратуру
Дакладней і справядлівей будзе ўсё ж сказаць, што зрабіў гэта не адзін Арнольд Барат Макмілін, а паралельна з паэтэсай і нястомнай перакладчыцай Верай Рыч, якой няма ў жывых. Разам яны падаравалі англійскаму чытачу паэму “Тарас на Парнасе”.
Прафесар Макмілін, шатландзец па паходжанні, дамовіўся пра сустрэчу са мной электронным пасланнем з Лондана за тыдзень да з’езда: 23 жніўня а 13 гадзіне ля кафэ “Бярозка”. А пасяджэнні ж меліся адбывацца непадалёку, у Беларускім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. Адтуль у абед і спяшаліся да плошчы Перамогі ўдзельнікі з візітоўкамі-бэджамі на грудзях.
Арнольд МакмілінДа кафэ дакладна ў прызначаны час прафесара Макміліна прывёў Навум Гальпяровіч: госць толькі што выступаў у яго студыі перад радыёслухачамі замежжа. Выбраўшы месца ў зале, мы пачалі з успамінаў. Упершыню мы сустрэліся ў мяне дома 30 гадоў таму з гакам — напярэдадні майго першага працяглага падарожжа ў Лондан па камандзіроўцы ЮНЕСКА. Тады я ўручыў госцю нумар “Полымя” з рэцэнзіяй, дзе гаварылася пра яго манаграфію “Гісторыя беларускай літаратуры ад яе вытокаў да сённяшняга дня” (1977). Гэта было, дарэчы, першае сур’ёзнае англамоўнае даследаванне нашага пісьменства. Станоўчы водгук, нетыповы для таго часу, напісалі, не раз удакладняючы тэкст, акадэмік Іван Навуменка, доктар філалагічных навук Міхась Мушынскі і я трэці, адносна маладзён тады, але затое ініцыятар таго рэцэнзавання. Калега ўспрыняў публікацыю з удзячнасцю, хаця і быў здзіўлены часткай “сацрэалістычнай” тэрміналогіі. Збліжэнне пазіцый, узаемаразуменне ішло паволі.
А праз год я ўжо слухаў лекцыю Арнольда Макміліна пра нашу літаратуру ў Лондане, у Беларускай бібліятэцы імя Францішка Скарыны. Штомесячна выступаў ён там як адзін з кіраўнікоў Англа-беларускага таварыства, заснаванага ў 1954 годзе. З таго часу мы сустракаліся даволі часта: на з’ездах славістаў ды кангрэсах беларусістаў, у час прыездаў прафесара Макміліна ў БДУ ды на яго лонданскай кватэры (жонка ў майго калегі — родам з Беларусі). І, як правіла, уручалі адзін аднаму па кнізе, пераважна сваёй. Іх у прафесара ўжо каля двух дзясяткаў. Найбольш — па сучаснай беларускай літаратуры. Некаторыя з іх перакладзены ў Мінску.
На гэты раз я працягнуў госцю салідны том Анталогіі старажытнай беларускай літаратуры, складзенай маім вучнем, цяпер доктарам навук Іванам Саверчанкам. А ў адказ атрымаў першы нумар адноўленага навуковага квартальніка “The Journal of Belarusian Studies” (“Часопіс беларускіх даследаванняў”). Выдаюць яго ад імя Англа-беларускага таварыства Джым Дынглі ды Арнольд Макмілін, у рэдкалегію ўваходзяць вучоныя розных краін, а сродкі шукае ў ЗША Яраслаў Крывой. Паралельна з англійскім, расказаў калега, будзе яшчэ выходзіць і беларускі варыянт.
На развітанне дамаўляемся: варта наладзіць супрацоўніцтва паміж рэдакцыяй “Часопіса” і “Веснікам” Інстытута культуры Беларусі, дзе я цяпер працую. Для пачатку я паабяцаў даслаць у Лондан новы варыянт артыкула мастака Эдуарда Агуновіча, які аргументавана даказвае, што аўтарам “Слова пра паход Ігаравы” мог быць толькі Кірыла Тураўскі.

Рыгор ПіўтаракЁн даў украінцам падручнікі па беларускай мове
З Рыгорам Піўтараком у з’ездаўскія дні я сустракаўся два разы. І ў абодвух выпадках ён бадзёра некуды спяшаўся, акружаны чарадой вучняў і супрацоўнікаў свайго Інстытута мовазнаўства імя А. А. Пацябні Нацыянальнай акадэміі навук Украіны. “Эскорт” спыняўся, цярпліва і зацікаўлена слухаў, што гаворыць вядучы. А ён цешыўся з нашай сустрэчы! Згадваў, як мы яшчэ ў 1991-м разам пачыналі ствараць Міжнародную асацыяцыю беларусістаў. Рыгор Піўтарак тады пагадзіўся, каб яго выбралі прэзідэнтам яе ўкраінскага нацыянальнага адгалінавання, трэцяга па велічыні пасля рускага і польскага. А праз год ён стаў прафесарам, праз чатыры атрымаў Прэмію Імя Івана Франка, праз два быў выбраны членам-карэспандэнтам НАН Украіны, а ў 2009-м — акадэмікам. Атрымаў прэстыжную Прэмію прэзідэнтаў акадэмій навук Беларусі, Малдовы і Ўкраіны.
Рыгор Піўтарак па-беларуску гаворыць без акцэнту. Хоць сам украінец: нарадзіўся ў 1935 годзе на хутары Карытнішча на Чарнігаўшчыне (цяпер Сумская вобласць). Ён цесна звязаны з беларускай дыяспарай ва Ўкраіне — выдаў для яе, а таксама для карэнных украінцаў падручнік і слоўнік, чытае курс беларускай мовы ў Кіеўскім універсітэце. А раней на кангрэсы беларусістаў прыязджаў ён у Мінск з жонкай Лідзіяй Карней, даследчыцай украінска-беларускіх музычных сувязей.
На развітанне ўкраінскі калега падарыў для бібліятэкі Інстытута культуры Беларусі біябібліяграфічную кніжку “Рыгор Пятровіч Піўтарак”, выдадзеную ў 2010-м да яго 75-годдзя. Адтуль узяты і здымак славіста, які змешчаны ў гэтым тэксце.
Здымкаў, міні-артыкулаў пра сяброў беларускай культуры, якія ўдзельнічалі ў мінскім з’ездзе, магло б быць некалькі дзясяткаў. Вялікая грамада маіх калег працуе на карысць паразумення паміж рознымі народамі!

Адам Мальдзіс

На здымках:
На Міжнародны з’езд славістаў у Мінск сабраліся навукоўцы з 35 краін
У зале пасяджэнняў перапынак
Арнольд Макмілін
Рыгор Піўтарак
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter