Шляхі Кабзара праз Беларусь

Творчая вечарына, што прайшла ў Доме культуры пасёлка Калодзішчы пад Мінскам, спрыяе пашырэнню культурных стасункаў паміж братнімі народамі
Тарас Шаўчэнка для ўкраінцаў — сімвал Украіны. У іх па ўсім свеце завя-дзёнка: праводзіць вечарыны, ставіць помнікі ў гонар паэта і мастака. Адзначаюцца і дні яго нараджэння: сёлета ў сакавіку споўнілася 202 гады, як на свет прыйшоў будучы Кабзар. Гэтай падзеі Культурна-асветнае таварыства “Обрій” (“Далягляд”) прысвяціла творчую вечарыну “Шаўчэнка і Беларусь”. Дарэчы, суполка на чале з Таццянай Струк (раней яе ведалі як Таццяну Бей…) і дзейнічае ў Калодзішчах. Да імпрэзы далучыліся Беларускае грамадскае аб’яднанне ўкраінцаў “Ватра” (старшыня Віктар Гутоўскі), ініцыятыву падтрымала дырэктар Палаца культуры Вольга Жылко.


Удзельнікі народнага музычнага тэатра “Надія” з Калодзішчаў

Ва ўтульнай прыгожай зале — выстава адметных кніг, прысвечаных слыннаму ўкраінцу. Сярод іх “Кобзар” Тараса Шаўчэнкі, “Пісенна Шевченкіана” ды іншыя. Атулены ўкраінскім ручніком вышываным партрэт Кабзара. На пачатку вечарыны гучыць песня “Реве та стогне Дніпр широкий” на словы Тараса Шаўчэнкі. Момант хвалюючы: усе ўстаюць. Вядучая Таццяна Струк расказвае гасцям пра кнігі з выставы, аб’яўляе нумары канцэрта, а між выступамі артыстаў яна і Раман Рафеенка распавядаюць пра сувязі Тараса Рыгоравіча з Беларуссю.

Кабзар тройчы праязджаў па дарозе з Украіны ў Вільню, Санкт-Пецярбург і назад праз Беларусь: у 1829, 1843 і 1847 гадах. Першы раз ехаў як слуга памешчыка Энгельгарта дарогаю на Вільню: праз Лоеў, Жлобін, Бабруйск, Мінск, Маладзечна. У 1843-м Тарас разам з паэтам Яўгенам Грабёнкам едзе ва Украіну — праз Віцебск, Оршу, Магілёў, Чачэрск, Гомель. А напрыканцы сакавіка 1847-га, калі Кабзара арыштавалі ў Кіеве, то везлі яго ў Пецярбург праз Беларусь. З часоў высылкі, з Арэнбурга сябраваў Тарас Шаўчэнка з ураджэнцам Беларусі, паэтам Эдвардам Жалігоўскім (ён меў псеўданім Антоні Сава): на радзіме яго, у вёсцы Карэкаўка Вілейскага раёна, намаганнямі краязнаўцы Валянціна Рогава адкрыты памятны знак, прысвечаны таму сяброўству.

У 2004-м у львоўскім выдавецтве “Світ” выйшла кніга “Шевченкова дорога в Білорусь”. А сучасны перакладчык літаратурных твораў з украінскай мовы на беларускую Валер Стралко выдаў кнігу “Мастак”: пераклады Тараса Шаўчэнкі на беларускую мову. Госці вечарыны даведаліся пра цесныя кантакты як літаратур, так і літаратараў братніх народаў. І пра тое, што на Беларусі ёсць ужо 7 помнікаў і памятных знакаў, прысвечаных Кабзару. Яму прысвяцілі вершы, артыкулы Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч… Шаўчэнкаўскі 200-гадовы юбілей быў у Календары юбілейных дат ЮНЕСКА. Таццяна Струк нагадала: да 195-х угодкаў Кабзара на Беларусі сябры ўкраінскага таварыства “Обрій” высадзілі шмат дрэваў, і штогод тыя “шаўчэнкаўскія гаі” папаўняюцца. З вітальным словам да гасцей звярнуўся старшыня аб’яднання “Ватра” Віктар Гуткоўскі. 


Т.Струк ля памятнага знака ў вёсцы Карэкаўка Вілейскага раёна 

Праграма канцэрта, можна сказаць, паяднала высокую паэзію Кабзара ды ўкраінскія народныя песні — іх выконвалі Ліля Грышчанка, Ліза Рэут, Раман Рафеенка. А ў тую плынь гарманічна дадаліся ўкраінскія танцы — на сцэну выходзілі лаўрэаты многіх фэстаў, удзельнікі народнага музычнага тэатра “Надія” пад кіраўніцтвам Ірыны Несцярчук. Дарэчы, танцоры выступалі і ў Чэхіі, Славакіі, Балгарыі ды іншых краінах. Іх настаўнікі прывіваюць юным артыстам любоў да ўкраінскага мастацтва. Гучалі яшчэ й папулярныя ўкраінскія мелодыі ў выкананні Юліі Камаровай, Марыны Квашэнкі.

Я ж пацікавіўся: чаму ў Калодзішчах жыве шмат украінцаў? У прычыгуначным пасёлку — значная ўкраінская дыяспара. Вялікую частку яе складалі раней, як мне расказалі, супрацоўнікі Цэнтральнай геафізічнай экспедыцыі. У 1992-м у мястэчку ўтварылася таварыства “Обрій”: спачатку было ў ім 10 сяброў — цяпер больш за 80. І ў склад яго ўваходзяць прадстаўнікі пяці нацыянальнасцяў! Па ініцыятыве і з падтрымкаю таварыства “Обрій” украінскія суполкі створаны і ў Маладзечне, Магілёве, Бабруйску, Лідзе, Мар’інай Горцы. Па ініцыятыве “Обрія”, з падтрымкаю ўрадавых устаноў Беларусі штовесну на тэрыторыі Дзяржмузея народнай архітэктуры і побыту праходзіць свята “Наш дом — Беларусь”. У ім удзельнічаюць грамадскія аб’яднанні армян, палякаў, немцаў, рускіх, малдаван ды іншыя. Арганізуюцца экскурсіі дзяцей з Украіны па Беларусі і наадварот. Ёсць кантакты з украінскімі суполкамі “Берагіня” і “Барвінак”, якія працуюць у Брэсце і Гродне. 

За плённую працу па ўмацаванні дружбы паміж украінскім і беларускім народамі старшыня таварыства “Обрій” Таццяна Струк ушанавана Ганаровай адзнакай Міністэрства культуры і мастацтва Украіны, ордэнам “За заслугі” III ступені. Вечарына ў пасёлку Калодзішчы яшчэ раз нагадала пра даўнюю брацкую дружбу паміж украінскім і беларускім народамі. А мудрая беларуская прыказка сцвярджае, што дружба — гэта вялікая сіла.

Даведка ГР:

Калодзішчы, ранейшае мястэчка, прымыкае да сталіцы, яно пры чыгунцы на Маскву. У ім цяпер пад 20 тысячаў жыхароў, шмат цыганоў. Яшчэ на карце Вялікага Княства Літоўскага 1603 года на паўночны ўсход ад Мінска пазначаныя Kolodzei. Назва, мяркуюць спецыялісты, ад беларускіх словаў “кола” і “дзей”: каладзеямі называлі рамеснікаў, што выраблялі ды рамантавалі вазы (іх часам і цяпер па вёсках называюць колы, калёсы). Пасяленне каладзеяў на ажыўленым Барысаўскім тракце, як і вялікая колькасць цыганоў у тым “конным” месцы — з’явы не выпадковыя. 

І яшчэ. Здаўна калодамі на Беларусі называлі вуллі, зробленыя з кавалка тоўстага бервяна з выдзяўбанай сярэдзінай. Праўда, першыя пчаляры-бортнікі выкарыстоўвалі борці, якія выдзёўбвалі на жывых дрэвах (ці іх засохлых частках), а калоды-борці майстравалі ўжо са спілаваных. Паступова бортніцтва замянілася калодачным, потым і рамовым пчалярствам. Можна меркаваць, што каладзеі ў Калодзішчах, асвоіўшы прыёмы працы з драўнінаю, рабілі таксама і калоды-дублянкі з мяккай ліпы. Даследчыкі гісторыі пчалярства сцвярджаюць: яно развівалася і ў наваколлях Мінска ў XV—XIX стагоддзях. Слова “калодзішчы” магло азначаць тады і вялікую колькасць калодных вулляў — можа, гэта былі пасекі? Дарэчы, за некалькі кіламетраў на ўсход ад мястэчка ёсць і вёска Ліпавая Калода...

Лявон Целеш, пас. Калодзішчы, Мінскі раён

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter