Сем дзён

(Заканчэнне. Пачатак у № 137.)

* Амаль кожны тыдзень года ўключае ў сябе абрадавы змест вялікіх народных ці хрысціянскіх святаў. Іх змест непасрэдна ўплывае на ўспрыняцце яго чалавекам і адпаведна карэкціруе яго паводзіны. Так, адна справа — тыдзень Масленічны, разгульны, вясёлы, гаманкі, тыдзень, у якім кожны дзень меў сваю характарыстыку, быў напоўнены непаўторным зместам (аб чым будзе ісці гаворка асобна), і абсалютна іншым зместам поўніўся апошні перадвелікодны — Страсны тыдзень. Цэлым шэрагам незвычайных абмежаванняў адрозніваецца Русальны тыдзень, а таксама тыдзень паміж Іванам Купалам і Пятром. 
* Разам з цэлым шэрагам тыдняў, якія атрымалі акцэнтаваную сэнсавую нагрузку ў традыцыйным народным календары, усходнія славяне з асаблівай стараннасцю ўшаноўваюць 20 тыдняў, якія складаюць цыкл праваслаўнай велікоднай традыцыі. Яго структура складаецца з двух роўных па працягласці перыядаў, адзін з якіх складаюць 10 тыдняў, якія папярэднічаюць Вялікадню, другі — 10 тыдняў пасля Вялікадня.
Мы ўжо адзначалі, што ў структуры года і месяца ёсць пэўныя межы часу, надзеленыя станоўчымі рысамі, а ёсць такія, да якіх народная свядомасць ставіцца з пэўнай перасцярогай. Такая ж сімвалічна-зместавая неаднастайнасць характэрна і для структуры тыднёвага вымярэння часу. У народным светапоглядзе кожны дзень тыдня атрымаў сваю (станоўчую ці адмоўную) характарыстыку, у якой знайшлі адлюстраванне і каляндарна-абрадны акцэнт, і падзеі паўсядзённа-бытавой накіраванасці. Зразумела, што на фарміраванне гэтых характарыстык значна паўплывала хрысціянства. Статусам агульнага ўстрымання былі надзелены серада і пятніца, як дні, якія звязаны з найбольш значнымі падзеямі ў жыцці Ісуса Хрыста. Днём асаблівага ўшанавання стала нядзеля, якая атрымала сваю назву ў гонар выключнай падзеі ў гісторыі хрысціянства.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter