Хлеборобы столинского КСУП «Ворони» первыми в Беларуси завершили уборку зерновых

Сапраўдныя ўзоры сялянскай працы

Хлебаробы столінскага КСУП «Варані» першымі закончылі жніво, а раён сярод лідараў: убрана больш 80 працэнтаў збожжавых

4 жніўня хлебную ніву КСУП «Варані» пакінулі зернеўборачныя камбайны. Пяты год запар яны першымі ў раёне завяршаюць жніво. Вітаць іх з чарговай працоўнай перамогай на мехдвор прыехалі артысты заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь, ансамбля народнай музыкі «Выцінанка» Столінскага гарадскога дома культуры. З поля механізатары прыгналі сюды камбайны, грузавікі, што адвозілі зерне на ток. Людзям і тэхніцы лёгка не было. Нагрузка на кожны агрэгат тут была больш за паўтары сотні гектараў, часцяком даводзілася аператыўна рамантаваць выпрацаваную гадамі тэхніку. Інжынерная служба, якой кіруе Ігар Нікончык, з заданнем справілася, забяспечыла бездакорную работу жніўнага канвеера. Таму менавіта з уручэння Ігару Мікалаевічу ганаровай граматы і грашовай прэміі пачалася ўрачыстасць.

Урачыстасці ў «Варанях».

— На камбайнах айчыннай вытворчасці кожны з вас паказаў узоры сапраўднай працы, — адзначыў начальнік Столінскага райсельгасхарчу Васіль Літвінкевіч. Вялікі гонар для вас і для ўсяго раёна, што традыцыі не здрадзілі і зноў першымі ў вобласці, а можа, і ў краіне справіліся з гэтай важнай справай. Хочацца спадзявацца, што і надалей так будзеце крочыць. Дзякуй вам за старанне і аператыўнасць. Мірнага неба ўсім і новых працоўных здабыткаў!

Граматы, грашовыя прэміі і каштоўныя падарункі ўручылі хлебаробам гаспадаркі. Віншаванні з 60-гадовым юбілеем атрымаў памочнік камбайнера Аляксандр Аляксандравіч Гашчук. Юбіляру ўручылі букет і радыёпрыёмнік. Сярод адзначаных сямейны экіпаж бацькі і сына Генадзя і Андрэя Шпак. На жніве працаваў і другі сын камбайнера — Максім. Словы падзякі за высокую арганізацыю ўборкі атрымалі дырэктар сельгаспрадпрыемства Віктар Сімончык і галоўны аграном Ніна Шынкарэвіч.

— Гэты поспех лічу заканамерным, — адзначае Віктар Сімончык. — Калектыў механізатараў моцны. Пастаянна трымаем кантакт са спецыялістамі раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання. Своечасова складаем дэфектовачныя ведамасці на запчасткі і закупляем іх.

— У гэтай гаспадарцы, як і ва ўсіх сямнаццаці сельгаспрадпрыемствах раёна, распрацавана праграма рамонту тэхнікі, — дадае Васіль Літвінкевіч. — Робім усё загадзя. Адразу пасля завяршэння жніва па магчымасці пачынаем рамонт. Многія машыны ставяцца на зімовае захоўванне спраўнымі. Гэтыя пяць камбайнаў, што вызваліліся на жніве, у рэзерве для дапамогі іншым гаспадаркам, якім яна будзе неабходна. У мінулыя гады нашы ўборачныя экіпажы былі на палях Ляхавіцкага і Лунінецкага раёнаў. Механізатары, што працуюць на жніве, задзейнічаны і на іншых работах. Плануем да 25 жніўня пасеяць азімы рапс, а да 1 верасня — азімы ячмень.

У апошнія гады столінскія хлебаробы задаюць на Брэстчыне тон у працы. І сёлета раён сярод лідараў на жніве. На палях 106 уборачных экіпажаў, нагрузка на кожны агрэгат амаль дзве сотні гектараў, так што дзесяць новых айчынных камбайнаў былі вельмі дарэчы. Па раёне ўжо ўбрана звыш 80 працэнтаў збожжавых. Намалочана амаль 80 тысяч тон зерня пры ўраджайнасці больш за 47 центнераў з гектара. Завяршаюць абмалот збожжавых КСУП «Беражное», СВК «Фядорскі», ААТ «Палеская ніва» і «Новая Прыпяць». 16 уборачных экіпажаў і 18 вадзіцеляў грузавікоў адлічваюць другую тысячу тон намалочанай і перавезенай з поля збажыны. А лідары ўборачнай кампаніі Уладзімір Вярэніч і Канстанцін Малей з КСУП «Відзіборскі» адкрылі лік трэцяй тысячы тон намалочанага збожжа.

Сёлета аграгарадок Варані будзе прымаць удзельнікаў раённага свята-кірмаша «Дажынкі».

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter