Сапраўднае бясконцае Уладзіміра Пракапцова

8 жніўня ў 8 гадзін і 8 хвілін у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адбылося адкрыццё персанальнай выставы Уладзіміра Пракапцова з нагоды яго 55-годдзя з дня нараджэння і 10-годдзя дырэктарскай дзейнасці. На выставе было прадстаўлена 8 твораў аўтара за апошнія 8 год
Мастак Уладзімір Пракапцоў імкнецца паспяваць за часам8 жніўня ў 8 гадзін і 8 хвілін у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адбылося адкрыццё персанальнай выставы Уладзіміра Пракапцова з нагоды яго 55-годдзя з дня нараджэння і 10-годдзя дырэктарскай дзейнасці. На выставе было прадстаўлена 8 твораў аўтара за апошнія 8 год.

Час ад часу мастак адчувае патрэбнасць спыніцца, азірнуцца вакол, паглядзець, што і як зроблена, выверыць курс, каб рухацца далей. Дзеля гэтага і існуюць выстаўкі, якія даюць адказы на шматлікія пытанні.
У гэтым дачыненні сама ідэя арганізацыі выстаўкі Уладзіміра Пракапцова «Мой Час» — арыгінальная і незвычайная мастацкая акцыя. Аўтар імкнуўся паказаць і перадаць адчуванне сваёй творчасці ў часе, вызваленым ад звыклых стэрэатыпаў і традыцыйных рытуалаў. Ён застаўся ў душы рамантыкам, нягледзячы на сваё службовае і грамадскае становішча, якое, безумоўна, патрабуе пэўнага прагматызму.

Жывапіс для яго — гэта спосаб і магчымасць выявіць і выказаць на палатне напружанасць сваіх пачуццяў і думак. Карціны Уладзіміра Пракапцова — сплаў суб’ектыўна-лірычнага і рацыянальна-прагматычнага пачатку. Гэтая еднасць дапамагае стварэнню паўнакроўных вобразаў, робіць іх эстэтычна важкімі. Арганізатар і аналітык дае яму магчымасць стварыць кампазіцыю, напоўніць яе сэнсам. А лірык і рамантык укладвае ў яе эмоцыі, душэўную цеплыню, што робіць вобраз больш шматгранным. Абедзве гэтыя іпастасі не перашкаджаюць адна адной, яны ўмела збалансаваны і гарманічна ўраўнаважаны.

Прадстаўленыя на выстаўцы творы аўтара — сведчанне сталага творчага пошуку і самаўдасканальвання. Ён пашырае гарызонты, яго мастацкае бачанне набывае рысы універсальнасці. Мімалётны вобраз, зусім нязначная падрабязнасць або дэталь вяртаюць нас да ўспамінаў пра штосьці ўжо напаўзабытае, падахвочваючы разважаць над глыбінным сэнсам з’яў прыроды.

У рамантычных, часам сентыментальных жывапісных палотнах паўстае афарбаваная настальгіяй і падпраўленая доляй рацыянальнасці прывабнасць напаўзабытых уяўленняў пра добрыя і шчырыя пачуцці, старыя і простыя ісціны. Зрэдку прарываецца ў яго творах пачуццё горкага расчаравання. Аднак кампазіцыі мастака далёкія ад маралізатарства, яны пазбаўленыя пафасу, у іх аўтар аддае перавагу лірычнасці і сардэчнасці.

Мастак часта звяртаецца да пейзажа, які з’яўляецца для яго не апісальным жанрам, дзе дэталі засланяюць галоўнае. Яго жывапіс — гэтае рэха памяці, якое час ад часу гучыць у малюнках. Рэчаіснасць для майстра адыхо-дзіць усё далей, бачыцца скрозь мроіва суб’ектыўных адчуванняў. Са звычайных, паўсядзённых бакоў рэчаіснасці ён можа выбраць значныя абагульненні, зрабіць акцэнт на актуальных праблемах сучаснасці. Свет, убачаны ў далёкім дзяцінстве, узноўлены, як сон. На ім — водціск ідэалізацыі, казачносць і прастата. Мастацкая мова раскрывае аўтарскую гульню ўяўлення, яна поўныя намёкаў, насычаная інтэлектуальным зместам.

Для творчасці Уладзіміра Пракапцова храналогія не важная, хоць за мінулыя дзесяцігоддзі адбыліся значныя зрухі ў грамадскай свядомасці, зведала пэўныя змены духоўнае жыццё і культура. Яго паэтычная душа ў гэтай мітусні перамен не толькі змагла захаваць, але і зацвердзіць сябе. Для яго заўсёды былі важныя ўласныя перакананні: ён аддаваў перавагу захаванню дыстанцыі паміж суб’ектыўным светам творчасці і навакольнай рэчаіснасцю. А для нас, гледачоў, галоўным застаецца вобраз мастака, які вырастае з яго твораў. Карціны Уладзіміра Пракапцова значна больш гавораць аб часе і асобе аўтара, чым любыя слоўныя інтэрпрэтацыі. Менавіта ў мастацкіх творах і выяўляецца сапраўдная асоба іх стваральніка, паколькі тут ён найбольш непасрэдны і шчыры. Ствараючы выдуманы свет на аснове рэчаіснасці, свет, у якім жыве яго душа, свет, напоўнены шчырымі эмоцыямі і пачуццямі, мастак паўстае ў сваім праўдзівым абліччы.

Мастак Уладзімір Пракапцоў вядзе непаўторную мелодыю, пакідаючы свой след у часе, перагортваючы перад гледачом старонку за старонкай захапляючай кнігі, імя якой — творчасць. Адна з першых карцін Уладзіміра Пракапцова называлася «PRESENT INDEFINITE», што азначае «сапраўднае няпэўнае», але дадзеную выстаўку можна пазначыць як «PRESENT INFINITY» — «сапраўднае бясконцае».

Валерый Жук,
доктар мастацтвазнаўства
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter