Сімфонія скарбаў

У Нацыянальным музеі гісторыі і культуры праходзіць унікальная выстава, дзе “пояс Вітаўта” — адзін з галоўных экспанатаў.Такога бляску, багацця — і мастацкага, і гістарычнага — ніводзін беларускі музей, відаць, ніколі яшчэ не паказваў шырокай публіцы. Усё лепшае і каштоўнае з серабра і золата, што ёсць у фондах, вынесена з запаснікаў. Раней, дарэчы, і тэхнічна выставіць рэдкія артэфакты было складана. Цяпер жа ўсе каштоўнасці — у своеасаблівых саркафагах з браніраванага шкла, ёсць, сказалі журналістам, і іншыя сістэмы аховы. Экспазіцыя лаканічна, з добрым густам аформлена. На ганаровым месцы ў зале, быццам на троне-узвышэнні — “пояс Вітаўта”. Дзякуючы гэтаму набытку музея “выцягнуты” з запаснікаў і іншыя багацці: дзе ёсць сапраўдны князь — знойдзецца і світа.
На выставе — творы праваслаўнага мастацтваТакога бляску, багацця — і мастацкага, і гістарычнага — ніводзін беларускі музей, відаць, ніколі яшчэ не паказваў шырокай публіцы. Усё лепшае і каштоўнае з серабра і золата, што ёсць у фондах, вынесена з запаснікаў. Раней, дарэчы, і тэхнічна выставіць рэдкія артэфакты было складана. Цяпер жа ўсе каштоўнасці — у своеасаблівых саркафагах з браніраванага шкла, ёсць, сказалі журналістам, і іншыя сістэмы аховы. Экспазіцыя лаканічна, з добрым густам аформлена. На ганаровым месцы ў зале, быццам на троне-узвышэнні — “пояс Вітаўта”. Дзякуючы гэтаму набытку музея “выцягнуты” з запаснікаў і іншыя багацці: дзе ёсць сапраўдны князь — знойдзецца і світа.

Выстава “З крыніц адвечнай прыгажосці” — калядны, навагодні падарунак усім, хто цікавіцца айчыннай гісторыяй. Як і самім музейшчыкам, некалькі пакаленняў якіх рупліва збіралі скарбы. “Мы самі атрымалі вялікую асалоду, калі рыхтавалі экспазіцыю, трымалі ў руках, зблізку разглядвалі унікальныя рэчы” — усхвалявана казала адна з супрацоўніц.

Фонды музея — як таямнічая кніга. І вось адгорнута старонка, напэўна, самая цікавая з усіх. Сёння, па словах спецыялістаў, у фондах больш за 30 тысяч прадметаў з утрыманнем серабра ці золата. Найбольш дасведчаная ў гісторыі экспанатаў, выстаўленых на ўсеагульны агляд, захавальнік фондаў Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі, аўтар выставы Святлана Гаўрылава. Менавіта яна вяла першую экскурсію для гасцей па новай экспазіцыі. З ёй наша размова.

— Святлана Мікалаеўна, чым увогуле адметная ваша калекцыя каштоўных металаў? І якая мэта гэтай выставы?

— Калекцыя музея — самая прадстаўнічая ў краіне, цікавая і ў многім таямнічая: у паходжанні многіх рэчаў яшчэ нямала загадак. Сабраны не толькі прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, але і скарбы (іх ажно 116), як чыста манетныя, так і манетна-рэчавыя. Зрэшты, не ставілася на мэце ўсе іх паказаць — мы прэзентуем толькі фрагменты гісторыі, у якой жывуць творы з золата і серабра. Калекцыя адлюстроўвае значны перыяд: ад другога стагоддзя і да нашых дзён. Паколькі ўласных радовішчаў гэтых металаў Беларусь не мае, то за кожным з такіх прадметаў стаіць гісторыя, і яны, я б сказала, звышкаштоўныя. У асноўным гэта работы майстроў з Германіі, Францыі ды іншых краін Захаду, а таксама з Масквы і Санкт-Пецярбурга.

— Хоць агляд пачынаецца з найстаражытных скарбаў, манет Рымскай імперыі, прыцягвае ўсеагульную ўвагу найперш “пояс Вітаўта”.

— Не буду пераказваць гісторыю знаходкі, бо, ведаю, газета “Голас Радзімы” таксама прысвячала ёй артыкулы. Вядомы даследчык, прафесар БДУ Валянцін Рабцэвіч упэўнены: рэч выраблена ў першай трэці XIV стагоддзя. І мяркуе, што пояс па статусе мог быць уласнасцю вялікага князя Вітаўта. Дарэчы, на адкрыцці выставы ваш калега Адам Мальдзіс слушна паставіў пытанні: а дзе ж другі пояс, што знойдзены там жа, ля вёскі Літва пад Маладзечна? Чаму да пошукаў яшчэ не падключылі Інтэрпол? Былі звесткі, што артэфакт у Парыжы. Хочацца верыць, што з часам гэтая каштоўнасць усё ж вернецца ў Беларусь.

— Уражваюць і знаходкі з вёсак Дзягцяны, Гараўляны, а таксама Мінскі скарб. Яны таксама дэманструюцца ўпершыню?

— У такім аб’ёме — упершыню. Дарэчы, у Гараўлянскім скарбе, знойдзеным у Глыбоцкім раёне, 185 арабскіх манет XII стагоддзя. Яскравае сведчанне таго, што там калісьці праходзіў шлях “з варагаў у грэкі”. Увогуле на выставае няма выпадковых прадметаў: усе яны цесна знітаваны з нашай гісторыяй, культурай. Ёсць, скажам, унікальная скрэпа і вельмі прыгожа, па-мастацку зробленая сярэбраная пацерка. Яны знойдзены падчас раскопак помніка вельбарскай культуры — даўняга пасялення готаў на тэрыторыі цяперашняга Жабінкаўскага раёна. Яшчэ адзін след гэтых германскіх плямён, як мы мяркуем, — рымскія манеты I-II стагоддзяў, знойдзеныя ля вёскі Малеч у Бярозаўскім раёне.

Між іншым, выстава будзе экспанавацца амаль два гады. Так што сімфонію каштоўных металаў змогуць пачуць усе, хто пажадае.

Бліжэй да экспанатаў

Каму мог належаць залаты браслет, знойдзены падчас раскопак Мінскага замчышча ў 1957–1962 гадах? Спецыялісты па тэхналогіях апрацоўкі металаў кажуць: выраблена ўпрыгожанне хутчэй за ўсё на востраве Готланд, у Швецыі. Пэўна, і туды пралягалі гандлёвыя шляхі тагачасных месцічаў. Таямніцамі ахутана і гістрыя унікальных залатых пацерак, знойдзеных археолагамі ў Наваградку (экспедыцыя 1961 года) і на месцы старажытнага горада Лукомля (цяпер Чашніцкі раёна) ў 60-я гады.

Цешыць вока на выстаўцы сталовае серабро. Адзін з экспанатаў — салонка Івана Хлебнікава, які меў ганаровы тытул пастаўшчыка імператарскага двара. Калі пайшла мода на сталовы фарфор і шкло, з серабра рабіліся партсігары, гадзіннікі, а таксама сумачкі, пудраніцы, заколкі і іншыя асабістыя рэчы для паненак. На выставе можна ўбачыць старыя гадзіннікі фірмы Бурэ, гадзіннік Адама Багдановіча (бацькі Максіма Багдановіча), медальён Францішка Багушэвіча і залаты гадзіннік, які належаў старшыні Саўнаркома БССР Мікалаю Галадзеду.

Іван Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter