Руку на дружбу, Варонеж!

У расійскі Варонеж прыбыла афіцыйная дэлегацыя гамяльчан

Не выключана, што з цягам часу Варонеж стане пабрацімам Гомеля

Ён будзе 23 горадам, з якім наш абласны цэнтр звязваюць пабрацімскія сувязі або дагаворы аб эканамічным і гуманітарным супрацоўніцтве. «Геаграфія» такіх уключае ўжо Расію, Украіну, Францыю, Латвію, Польшчу, Шатландыю, Кітай. Прынамсі, чакаецца, што будзе зроблены першы крок да новага збліжэння. У гэты расійскі горад прыбыла афіцыйная дэлегацыя гамяльчан на чале са старшынёй гарвыканкама Пятром Кірычэнкам.

Як паведаміла «Р» начальнік аддзела міжнародных сувязяў і знешнеэканамічных адносін упраўлення эканомікі гэтага органа ўлады Ніна Вялічка, адным з галоўных пунктаў візіту стане падпісанне Пятром Кірычэнкам і Сяргеем Коліухам, кіраўніком гарадской акругі Варонежа, рамачнага пагаднення аб супрацоўніцтве. Як чакаецца, цырыманіял адбудзецца пасля агляднай экскурсіі беларускіх гасцей па горадзе, якая ўключае ўскладанне кветак да помніка гамяльчаніну Герою Савецкага Саюза генерал-маёру Аляксандру Лізюкову ў Варонежы і наведванне сярэдняй школы № 94, што носіць яго імя.

Такая ўвага да нашага земляка на варонежскай зямлі невыпадковая. Высокае званне Героя мужны вайсковец атрымаў на самым пачатку вайны, у жніўні 1941 года, прымаючы як начальнік штаба групы савецкіх злучэнняў непасрэдны ўдзел у арганізацыі абароны беларускага горада Барысава і праявіўшы пры гэтым выключныя мужнасць і рашучасць. Апошні ў сваім жыцці бой 42-гадовы камандзір 5-й танкавай арміі Аляксандр Лізюкоў прыняў 25 ліпеня 1942 года каля вёскі Мядзведжае Сямілукскага раёна Варонежскай вобласці. Варожая куля смяротна параніла яго, калі ён апошнім пакідаў палаючы танк КВ, падбіты пры штурме нямецкіх акопаў. У маі 2009 года астанкі камандарма былі ўрачыста перазахаваны на Алеі Славы ў Варонежы. Адметна, што ў гэтым жа годзе на палях Варонежскай вобласці з’явіўся імянны гомсельмашаўскі камбайн КЗС-1218 «Камандарм Лізюкоў».

Паводле звестак, атрыманых «Р», з ініцыятывай наладзіць цеснае супрацоўніцтва паміж беларускім Гомелем і расійскім Варонежам да ўладаў двух гарадоў год таму назад звярнуўся траюрадны пляменнік Аляксандра Лізюкова, жыхар Гомеля Іван Афанасьеў. Як бачна, гэта прапанова зараз знаходзіць сваё практычнае ўвасабленне. У рамках візіту гамяльчан знойдзецца час і для дзелавых сустрэч. Да прыкладу, з кіраўніком прадпрыемства «Варонежсельмаш» правядзе перамовы новы генеральны дырэктар «Гомсельмаша» Аляксандр Камко, які знаходзіцца ў складзе гомельскай дэлегацыі.

На здымку: помнік генерал-маёру Аляксандру Лізюкову ў Варонежы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter