Родная мова, родныя песні...

Беларускі культурны цэнтр з’явіўся ў Польшчы. Стварэння гэтай установы польскія беларусы чакалі даўно (пра што і гаварылі падчас урачыстай імпрэзы з нагоды інаугурацыі новастворанага цэнтра ў Беластоку). І толькі цяпер мары ўвасобіліся ў рэальнасць — відавочна, што адносіны Польшчы і Беларусі выходзяць на якасна новы ўзровень
Беларускі культурны цэнтр з’явіўся ў Польшчы.

На ўрачыстым адкрыцці цэнтраСтварэння гэтай установы польскія беларусы чакалі даўно (пра што і гаварылі падчас урачыстай імпрэзы з нагоды інаугурацыі новастворанага цэнтра ў Беластоку). І толькі цяпер мары ўвасобіліся ў рэальнасць — відавочна, што адносіны Польшчы і Беларусі выходзяць на якасна новы ўзровень.

— Гэта першы культурны цэнтр Беларусі за межамі нашай краіны, — адзначае Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча Павел Латушка. — І невыпадкова мы адкрываем яго менавіта тут — нашы народы заўседы жылі ў згодзе як добрыя суседзі, як блізкія сваякі. Вельмі важна яшчэ і тое, што ажыццявіўся гэты праект на зямлі, дзе нарадзіліся нашы вядомыя дзеячы культуры — Адам Міцкевіч, Тадэвуш Касцюшка, Ежы Гедройц, Станіслаў Манюшка,
Радзівілы, Агінскія, Дамейка, шмат іншых асоб, вядомых не толькі ў Польшчы і Беларусі… Для нас асаблівае значэнне мае яшчэ і той факт, што свой культурны цэнтр мы стварылі не у Варшаве, а ў Беластоку, дзе дагэтуль вялізная запатрабаванасць беларускай культуры, дзе беларуская меншасць пераважае. Асабіста я ўпэўнены, што новы праект будзе спрыяць галоўнаму — ствараць прыязную атмасферу паміж нашымі народамі, і ўрэшце — паміж Польшчай і Беларуссю.

І госці з Беларускага міністэрства культуры, Гродзенскага і Брэсцкага аблвыканкамаў, і мясцовыя гаспадары — даследчыкі і захавальнікі беларускай культуры у Польшчы, праваслаўныя святары і бурмістры Беласточчыны — усе аднадушна назвалі стварэнне гэтага цэнтра “гістарычнай падзеяй”. А бачылі б вы, які шчыры і па-дамашняму цёплы канцэрт наладзілі шматразовыя лаўрэаты агульнапольскіх фестываляў “Беларуская песня” Ала Каменская і ансамбль “Прымакі” ў кампаніі спявачак з ансамбля народнай музыкі Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі “Бяседа”! На нейкі момант мне нават падалося, што я дома — родная мова, родныя песні…

Падчас адкрыцця цэнтра публіка цёпла вітала беларускія песні ў выкананні прафесійных і самадзейных артыстаў— Адно, што магу сказаць з нагоды стварэння гэтага цэнтра ў Беластоку: я вельмі шчаслівы. Шчаслівы і як віцэ-прэзідэнт горада, і як беларус, — прызнаецца намеснік мэра Беластока Аляксандр Сасна. — Мяркуйце самі: з’явіўся цэнтр, які будзе ўплываць на ўсю Беласточчыну, які адным фактам свайго існавання будзе сцвярджаць пра тое, што беларусы тут заўжды былі, ёсць і будуць… У наступным годзе ў Беластоку адбудзецца міжнародны кангрэс эсперантыстаў (прымеркаваны акурат да 150-годдзя “бацькі” эсперанта Людвіка Заменгофа, які тут нарадзіўся). Дык вось, мы падрыхтавалі фільм, дзе паказваем, адкуль у Заменгофа ўзялася ідэя стварыць універсальную мову для чалавецтва — у нашым горадзе здаўна жылі побач не толькі палякі і беларусы, але й французы і рускія, немцы і яўрэі. Іх старажытная спадчына захвалася ў нашай архітэктуры, у побытавых звычках... Але завяршаецца гэты фільм выступленнем самадзейных артыстаў з вескі Арэшкава, якія спяваюць на беларускай мове.

Разумееце, мы ганарымся, хвалімся, што тут жывуць беларусы, захоўваючы сваю нацыянальную адметнасць!.. Я разумею, што ёсць вялікая палітыка, але для абмену выставамі, артыстамі, спартсменамі, дзіцячымі ці маладзёвымі калектывамі палітыка не патрэбна. Трэба толькі, каб беларусы ў Гродне і Беластоку жылі адной сям’ёй, каб краіны Польшча і Беларусь разумелі адна другую…

Зрэшты, між сабою нашы людзі заўжды здолеюць дамовіцца. Тым больш, што апошнім часам вывучэнне польскай мовы на Беларусі — справа даволі папулярная. І ў Беластоку сёлета з’явілася першая паўнавартасная беларускамоўная школа.

Ірына Завадская
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter