Рэзідэнцыя Радзівілаў прываблівае навукоўцаў

Археалагічныя даследаванні будуць па-ранейшаму доўжыцца ў наваколлі Нясвіжскага замка.
Археалагічныя даследаванні будуць па-ранейшаму доўжыцца ў наваколлі Нясвіжскага замка.

На тэрыторыі Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу яшчэ ідзе рэканструкцыяРаскопкі будуць арганізаваны на месцы летняй рэзідэнцыі Радзівілаў — парку “Альба”. Галоўным аб’ектам даследаванняў археолагаў стане эрмітаж парку. Вучоныя паспрабуюць вызначыць першапачатковую ўнутраную планіроўку і знешні выгляд гэтага унікальнага будынка. “Сёння можна сустрэць нямала апісанняў эрмітажа, аднак звестак аб тым, як дакладна размяшчаліся памяшканні ў ім і як яны былі ўладкаваныя, вельмі мала, — адзначае старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Андрэй Мяцельскі. — Мы паспрабуем аднавіць гэтую інфармацыю на аснове сабраных падчас раскопак дадзеных і супастаўлення іх з пісьмовымі крыніцамі пра парк “Альба”.

Парк быў закладзены Радзівілам Сіроткай у XVI стагоддзі. Тут размяшчаліся эрмітаж і палац для тэатральных пастановак Кансаляцыя. На тэрыторыі парку размяшчаліся таксама звярынец і ферма, пабудаваныя ў галандскім стылі. У 1812 годзе асноўныя будынкі парку былі разбураны, штучныя вадаёмы і каналы, створаныя ў басейне ракі Уша, прыйшлі ў заняпад, страцілі былую прыгажосць і зялёныя насаджэнні “Альбы”. Цяпер усе гэтыя аб’екты аднаўляюцца, парк добраўпарадкоўваецца, выконваюцца работы па прывядзенні ў парадак яго гідралагічнай сістэмы.

Радзівілы — адзін з найболей славутых родаў еўрапейскай цывілізацыі. Яны ўвайшлі ў гісторыю не толькі дзякуючы сваёй вялікай уладзе і багаццю, але і вялікаму ўкладу ў развіццё культуры Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. З 2005 года рэзідэнцыя Радзівілаў стала гісторыка-культурнай спадчынай усяго чалавецтва — гэты архітэктурны помнік занесены ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Вольга Бяляўская
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter