Паэзія ўраджэнца Рыгі Яўгена Голубева, які лёсам і сваяцтвам цесна спалучаны з Беларуссю, зачароўвае ўсіх сваёй шчырасцю

Радасць нараджэння кнігі

Паэзія ўраджэнца Рыгі Яўгена Голубева, які лёсам і сваяцтвам цесна спалучаны з Беларуссю, зачароўвае ўсіх сваёй шчырасцю


Яўген Голубеў і Жанна Раманоўская
“Следов пленительная грусть” — так названа ўжо дзясятая па ліку кніга Яўгена Голубева. Зборнік пабачыў свет у Даўгаўпілсе. Радасць яго нараджэння падзялілі з аўтарам сябры з Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” і шматлікія госці ў даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры. Прэзентацыя зборніка была і паэтычнаю вечарынай. Адкрыла яе дырэктарка ЦБК Жанна Раманоўская. Распавяла пра аўтара, які — паэт, гісторык-краязнаўца. Член Саюза пісьменнікаў Расіі, Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў, кіраўнік асацыяцыі творчай інтэлігенцыі Даўгаўпілса DINA-ART. Аўтар зборнікаў вершаў і кніг для дзяцей. Публікуецца ў СМІ Латвіі, Расіі, Беларусі, Балгарыі. Яго творы перакладзены на беларускую, нямецкую, балгарскую, латышскую і латгальскую мовы. У часопісе “Капитал регион” выходзяць гістарыяграфічныя матэрыялы Яўгена Голубева пра вядомыя дваранскія роды Латгаліі, якая, нагадаем, раней была тэрыторыяй Віцебшчыны, таму і беларускія даследчыкі знойдуць у іх шмат цікавага.

І паэтам Яўгена Голубева, прызнаецца ён, зрабіла Беларусь. Нарадзіўся ў Рызе ў 1950-м, скончыў ваеннае вучылішча, а служыць па размеркаванні прыбыў у беларускі горад Баранавічы. Менавіта там наведваў літгурток, якім кіраваў паэт Юрый Багданаў. Яго парады і дапамаглі рыжаніну адчуць смак слова, усвядоміць свой дар. А першыя вершы афіцэра апублікаваны ў 1970 годзе. У Баранавічах ён сустрэў зямную сваю музу Зінаіду: яны разам ідуць па жыцці, выхавалі траіх сыноў. З гадамі афіцэр скончыў гістфак Даўгаўпілскага педінстытута (1980) і ваенна-педагагічны факультэт Ваенна-палітычнай акадэміі (1989). 25 гадоў праслужыў у ВПС СССР. З 1991-га жыве і працуе ў Даўгаўпілсе. Шмат гадоў Яўген Голубеў — актывіст суполкі “Уздым”. У прадмове да тэкстаў у зборніку “А водар Радзiмы ўсё клiча i клiча” Лявон Шакавец напісаў: “Яўген Голубеў лёсам i сваяцтвам цесна спалучаны з Беларуссю, пра якую са шчырай прыязнасцю піша ў сваіх вершах. Яго паэзія камерная, светлая і меладычная”. Чытачам знаёмы і яго публіцыстыка, палемічныя нататкі, нарысы, апавяданні, тэксты ў іншых жанрах. У 2012-м проза Яўгена Голубева ўвайшла ў міжнародны зборнік “Руская проза XXI стагоддзя”.

З нараджэннем кнігі аўтара павіншаваў консул Беларусі ў Даўгаўпілсе Дзмітрый Канстанцінаў. А Яўген Георгіевіч распавёў, як ствараўся зборнік: у асноўным з вершаў 2009-2014 гадоў, якія раней не публікаваліся. Прачытаўшы некалькі з іх, паэт прадставіў рэдактара зборніка: Ірыну Страздоніка-Плячко. Іх сумесная праца доўжылася амаль паўгода, некаторыя вершы не раз перарабляліся. Бывала, ад вялікага заставалася пару радкоў. Ірына — член рускай пісьменніцкай арганізацыі Латвіі. Тонка адчувае гучанне слова, яго сэнс і месца ў радку, улоўлівае рытмічны малюнак.

Выступы аўтара чаргаваліся з вітаннямі гасцей. Душэўна і пранікнёна свае песні на вершы Яўгена Голубева праспявала пад гітару даўгаўпілскі бард Алена Віткевіч. Былі песні і лірычныя, і жыццёва-філасофскія, усім легла на душу песня “Трамвайчык”: з немудрагелістым сюжэтам, але кранае тонкія струны душы. Гэты верш аўтар, прызнаўся, напісаў у трамваі, пакуль праехаў некалькі прыпынкаў. Паэт, бард і сябар Анатоль Бойка — яны даўно знаёмыя — чытаў вершы аўтара пад музыку, нібы прапяваючы радкі, і ў тым была свая прыгажосць. Бо вершы пад музыку ўспрымаліся па-іншаму, агаляліся новыя вобразы, сэнсы, рытмы. Такое чаргаванне “простачытання” вершаў, ахутвання іх музыкай, выкананне песень пад гітару — усё гэта і стварала ў зале асаблівую, душэўную атмасферу.

Цікава распавядаў паэт пра тое, як шукаў заключны верш для кнігі. У галаве, казаў, круціўся радок: “Что найти ты в этой жизни хочешь?”, а працягу не было. І рэдактар Ірына прапанавала свае чатыры радкі, далей Яўген дадаў свае. Так і з’явіўся фінал. Верш разам, кожны свае радкі, чыталі абодва аўтара. Вельмі сімвалічная вокладка зборніка: постаць чалавека на зрэзе дрэва. Гэта ж і зрэз чалавечага жыцця, у якім усё рухаецца па крузе. Тут мінулае — гэта светлыя палосы, а будучыня — цёмныя: яна пакуль невядомая. Нам не дадзена ведаць, што чакае наперадзе. А дызайнер вокладкі — малодшы сын паэта Аляксандр.

У канцы вечарыны Яўгена Голубева і яго жонку Зінаіду з нараджэннем кнігі віншавалі госці, сябры паэта, калегі: кіраўніца суполкі “Уздым” Людміла Сінякова, Фаіна Осіна, Анастасія Сазанкова, Павел Плотнікаў, Людміла Вілюма і Яўціхій Канаплёў, Валеры Ермачэнка, Анатоль Харын, Уладзімір Врэтас, Валянціна Абушкевіч ды іншыя. Паэт падзякаваў кіраўніцтву Даўгаўпілскай гардумы і асабіста віцэ-мэру Янісу Дукшынскаму за дапамогу і падтрымку ў выданні зборніка, а таксама Цэнтру беларускай культуры, яго кіраўніцы Жанне Раманаўскай за дапамогу ў арганізацыі і правядзенні вечарыны, а ўсім, хто быў у зале — за ўвагу да яго творчасці. Госці доўга не разыходзіліся, за кубкам гарбаты абменьваліся ўражаннямі, размаўлялі, фатаграфаваліся. Так што “дзень нараджэння кнігі” атрымаўся светлым і цёплым, добрым і мудрым, кранальным і душэўным, праўдзівым і “неназидательным”, шчырым — як і самі вершы Яўгена Голубева.

Марыя Памецька, метадыст Цэнтра беларускай культуры, член суполкі “Уздым”, г. Даўгаўпілс

Голас Радзімы № 17 (3473), субота, 14 мая, 2016 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter